У Міры – новы старшыня

На сесіі Мірскага сельскага Савета дэпутатаў 17 чэрвеня 2016 года абраны новы старшыня Мірскага сельскага выканаўчага камітэта. Ім стаў ураджэнец гарадскога пасёлка Мір Аляксандр Лявонцьевіч МАРКЕВІЧ, які выконваў абавязкі старшыні дадзенага сельвыканкама з 18 сакавіка бягучага года.фото 127
Аляксандр Лявонцьевіч Маркевіч нарадзіўся ў г. п. Мiр Карэліцкага раёна ў студзені 1975 года, мае вышэйшую адукацыю – у 1997 годзе скончыў Недзяржаўны інстытут сучасных ведаў. Пачынаў працоўную дзейнасць у Мінску. З 1998 па 2012 год займаў розныя пасады ў гандлёвых прыватных прадпрыемствах г. Мінска: працаваў менеджэрам па продажу, спецыялістам па працы з кліентамі, дэкларантам. Пасля вярнуўся на малую радзiму.
Са жніўня 2012 да 2016 года – інжынер па стандартызацыі і сертыфікацыі Мірскага філіяла ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод”.
Новы старшыня ўжо ўвайшоў у курс спраў. Разумее, што дзяржаўная праца патрабавальная, вымагае шмат увагі, цярпення і вытрымкі.
– Мая асноўная мэта – служыць Радзіме і людзям. Рабіць як мага больш, каб наш сельсавет і гарадскі пасёлак Мір станавіліся прыгажэйшымі, умовы жыцця грамадзян паляпшаліся, жыхары не з’язджалі, – зазначыў Аляксандр Лявонцьевіч Маркевіч.
Зараз у сельвыканкаме актыўна заняліся навядзеннем парадку на Мірскай зямлі, грамадзян таксама заклікаюць трымаць іх падворкі ў належным стане.

Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий