Багаты не той, у каго ёсць грошы…

“Некаторыя людзі настолькі бедныя, што ўсё, што ў іх ёсць, — гэта грошы”, — пісаў у свой час вялікі Сенека. Мабыць, гэтыя словы могуць патлумачыць жыццёвы выбар загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Міхаіла Леанідавіча Лагуты, таму што яны раскрываюць яго асабісты светапогляд, у якім асноўнае месца адводзіцца духоўнай напоўненасці і душэўнай чысціні.???????????????????????????????
Восем гадоў назад, паспяхова скончыўшы Любчанскую СШ, ён, на здзіўленне многіх, паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, аправергнуўшы гэтым самым меркаванне скептыкаў аб тым, што прафесія бібліятэкара — не мужчынская справа, бесперспектыўная, абдзеленая ў матэрыяльным плане, і што самае крыўднае, не прызначаецца вялікай карыснасцю. Міхаіл Леанідавіч думаў і думае інакш, таму што цвёрда ўпэўнены: кніга была і ёсць галоўным духоўным скарбам, дарадчыкам і сябрам у жыцці кожнага чалавека, а каб сяброўства людзей з друкаваным словам не знікала, патрэбны адукаваныя бібліятэчныя кадры, адданыя сваёй сціплай, але такой патрэбнай грамадству прафесіі! Аб гэтым і не толькі пайшла размова з М. Л. Лагутай напярэдадні Дня бібліятэк.
— Ваш працоўны стаж яшчэ невялікі (з 11.11.2011 года). Вы ўладкаваліся бібліятэкарам у Карэліцкую раённую бібліятэку, два апошнія гады ўзначальваеце аддзел абслугоўвання і інфармацыі. Не расчараваліся ў выбары прафесіі? Хто дапамог у авалодванні першых навыкаў на прафесійным шляху?
— Расчаравання не было і няма па той простай прычыне, што побач на гэтым адказным адрэзку жыцця аказаліся дзве цудоўныя жанчыны: дырэктар бібліятэкі Л. К. Арцюх і тагачасны загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі І. М. Скуратовіч. Дзякуючы Ліліі Канстанцінаўне я трапіў на работу ў г. п. Карэлічы, пастаянна адчуваў і адчуваю яе падтрымку, вучуся ў яе зацікаўленасці ў працы, адказнасці, тактоўнасці, чалавечнасці, нераўнадушшу, уменню працаваць з чытачамі. Для мяне, як і для любога пачынаючага маладога спецыяліста, немалаважным было і тое, што калектыў бібліятэкі акружыў клопатам, і атмасфера дружалюбнасці, узаемаразумення, паважлівасці прыдавала і прыдае сілы і жаданне працаваць.
— У чым, на Вашу думку, каштоўнасць прафесіі бібліятэкара? Якімі якасцямі ён павінен валодаць?
— Сэнс кітайскай пагаворкі “Хто бярэ — напаўняе далоні, хто аддае — напаўняе сэрца” можа служыць адказам на пытанне, бо бібліятэкар усё сваё жыццё аддае людзям часцінку сваёй душы, напоўненай любоўю да кнігі, і лечыць яе ўдзячнасцю шматлікіх чытачоў. А прыходзяць у бібліятэку людзі розных узростаў, таму вельмі важна ўстанавіць узаемны кантакт, ведаць прыхільнасці кожнага, быць, калі хочаце, тонкім псіхолагам. Камунікабельнасць, тактоўнасць, ветлівасць, рознабаковасць ведаў, пачуццё гумару, уменне весці зацікаўлены дыялог — вось састаўная нашай дзейнасці. За год наш аддзел абслугоўвае 4,5 тысячы чалавек, гэта немалая лічба, за ёй — вялікая праца супрацоўнікаў бібліятэкі, уладальнікаў таленту прапагандыста, дыпламата, суразмоўцы, сябра.
— У чым бачыце галоўную задачу аддзела абслугоўвання і інфармацыі?
— Галоўная задача — абслугоўванне чытачоў, далучэнне іх да кнігі, азнаямленне з навінкамі літаратуры, павышэнне інтарэсу да беларускіх выданняў, да роднай культуры. Дзеля гэтага выкарыстоўваем не толькі асабісты кантакт з наведвальнікамі, але і розныя актыўныя формы работы: прэзентацыі, акцыі па прапагандзе твораў класічнай і сучаснай літаратуры, выставы, тэматычныя мерапрыемствы з нагоды юбілейных дат пісьменнікаў, віктарыны, конкурсы, выступленні на старонках раённай газеты, супрацоўнічаем з рознымі раённымі службамі.
— Вашы пажаданні калегам напярэдадні свята?
— Галоўнае — моцнага здароўя ўсім, утульнай атмасферы на рабоце і дома, матэрыяльнага дастатку, задавальнення і поспехаў у працы, адчування сапраўднага шчасця, жыць, памятаючы словы народнай мудрасці, што ўсё ж “зямны рай знаходзіцца ў харошай кнізе і чыстым сумленні”.
Запісала Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий