А дарога вузкаю стужкаю ўецца…

Дождж ліў як з вядра. Седзячы за рулём аўтамабіля, Сяргей Станіслававіч пільна ўглядаўся на дарогу. Яе добра ведаў, але ў такое надвор’е стараўся быць асабліва ўважлівым. Адганяў ад сябе розныя думкі, і ў вадзіцеля гэта атрымлівалася: яны як прыходзілі нечакана, так жа імгненна знікалі.voditel-011
Сваю прафесію ён моцна любіць — пастаянна ў дарозе. Кожны раз прыходзіць да адной і той жа высновы: прыгожы Карэліцкі край! Хіба ў іншай старонцы змог бы адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым? Тут яго маленькая радзіма — вёска Раманы, ды ў родным краі знайшоў любімую справу, якой служыць шмат гадоў.
Шлях у прафесію пачаўся даўно. Юнака моцна цягнула да тэхнікі, і мара яго збылася. Па накіраванні райваенкамата вучыўся ў Гродзенскім ДТСААФ. Атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі “С” і вадзіцеля-электрамеханіка. Падчас службы ў арміі давялося скарыстаць набытыя веды. Затым працаваў у аўтапарку № 8 г. п. Карэлічы і СПМК-4.
Зараз Сяргей Станіслававіч Фір’ян — вадзіцель Карэліцкага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва”. Ездзіць ад вёскі да вёскі, дастаўляе жыхарам дровы і торфабрыкет — і адчувае сваю прыналежнасць да агульнай і карыснай справы.
Усе дарогі ў населеныя пункты раёна добра вывучыў. Хаця яны розныя, блізкія і далёкія, але аднолькава жаданыя. Накіроўваецца штодзённа ў дарогу з надзеяй, што аўтамабіль не падвядзе, таму прыкладае ўсе старанні, каб ён быў у спраўным стане. “Машына для мяне заўсёды была надзейным сябрам”, — прызнаецца субяседнік, і ў голасе вадзіцеля адчуваецца адданасць аўтамабілю.
Валерый Казіміравіч Чыжык, дырэктар прадпрыемства, на якім працуе Сяргей Станіслававіч, назваў яго самым адказным і кваліфікаваным работнікам. Партрэт перадавога вадзіцеля занесены на раённую Дошку Пашаны.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий