«Хто ж яна такая, гэтая сціплая мастачка з вёскі Жухавічы?»

У кожнага чалавека ёсць свая гісторыя. Праўда, гісторыі людзей творчых часцей за ўсё значна ярчэй, чым гісторыі астатніх. Ёсць свая гісторыя і ў Ірыны Сяргееўны Дука. Пра яе з асаблівай пяшчотай распавёў у сваёй гісторыка-дакументальнай аповесці “Жухавіцкае вымярэнне” кандыдат гістарычных навук, член Беларускага саюза журналістаў, былы рэдактар “Гродзенскай праўды”, выхадзец з вёскі Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна Аляксандр Уладзіміравіч Богуш. Хто ж яна такая, гэтая сціплая мастачка з вёскі Жухавічы?zhuxovichi-1-013
Ірына нарадзілася ў вёсцы Стары Лес Навагрудскага раёна. Ужо сама прырода гэтага маляўнічага краю спрыяла неардынарнаму погляду на свет. Высокія стромкія хвоі нагадвалі дзяўчыне яе сябровак-аднакласніц, а ранішнія песні лясных птушак – спевы яе працавітай мамы. Ды і сама мама нашай гераіні была чалавекам адораным: вышывала і адна на ўсю вёску ткала. Ірына заўсёды пры ёй: фарбавала посцілкі і дываны, якія і сёння па святах засцілае ў сваім доме ў памяць пра маму. Нягледзячы на тое, што прайшло шмат гадоў, фарбы ніколькі не пабляклі, а тканіна захавала трываласць.
У школе былі захапленне фатаграфіяй і маляваннем, а затым як вынік – вучоба ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, якое закончыла з адзнакай. На карэліцкую зямлю Ірына прыехала ў 1973 годзе. Тады ў вёсках ішло актыўнае будаўніцтва і таленавітыя людзі былі вельмі патрэбныя. Працавітымі рукамі Ірыны аформлены мясцовыя клуб, бібліятэка, школа і дзіцячы сад. Карціны, пано, аплікацыі – усё гэта і сёння ўпрыгожвае адміністрацыйныя будынкі і дамы жыхароў краю.
– Матэрыялы тады былі даступныя, – успамінае Ірына Сяргееўна, – можна было фантазіраваць. У Жухавічах працаваў цэх пластмасавых вырабаў, які выпускаў шкляныя пацеры. З іх атрымліваліся выдатныя аплікацыі.
– Мае сыны часткова пайшлі па маіх слядах, – дзеліцца жанчына, – Юрый скончыў Мірскае мастацкае вучылішча і працуе сталяром-чырвонадрэўшчыкам, а Сяргей – радыётэхнік. У школьныя гады ён таксама цягнуўся да прыгожага. Да гэтага часу ў доме захоўваецца карабель з дрэва, на будаўніцтва якога ў сына пайшло тры гады.
У доме Ірыны Сяргееўны вісяць толькі дзве карціны: яе ўласная “Тры багатыра“ і калісьці вышытая яе мамай, на памяць. Астатнія яна раздарыла знаёмым. У апошнія гады мастачка занялася рэстаўрацыяй і напісаннем ікон. Па просьбе мясцовага святара яна адрэстаўравала некалькі ікон для храма і напісала дзве новыя. Па словах Ірыны Дука, гэта своеасаблівая творчасць, якая прад’яўляе майстру высокія патрабаванні і дапамагае многае пераасэнсаваць у сваім жыцці.

Добавить комментарий