Состоялась презентация книги Светланы Кошур о Кореличском районе

00

У чытальнай зале ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” адбылася прэзентацыя кнігі краязнаўца, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланы Андрэеўны Кошур “Залатая падкова Свіцязі”. Кніга з’яўляецца восьмым выданнем аўтара.
Кніга “Залатая падкова Свіцязі” прасякнута чароўнымі флюідамі багацейшай гістарычнай спадчыны роднай карэліцкай зямлі. Подых гісторыі адчуваецца напрацягу ўсяго аповеду аўтара. Кніга знаёміць чытача з дзівоснымі расповедамі пра возера Свіцязь, наваколле, пра цікавых і таленавітых людзей, якіх нарадзіла карэліцкая зямля. Чытач вандруе шляхам Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Яна Булгака і іншых славутых землякоў. Вандроўка гэта пралягае праз цікавыя гістарычныя мясціны ад Свіцязі да Карэліч. Натхненню аўтара паспрыяла сама мясцовасць, дзе жылі, кахалі, стваралі знакамітыя і таленавітыя землякі.
Пад лірычныя, хвалюючыя гукі скрыпкі ў выкананні Вольгі Несцер, выкладчыка дзяржаўнай установы адукацыі “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў”, распачалася прэзентацыя кнігі. Адразу ж стала зразумела, што ў зале сышліся музы і вечар будзе творчым.
Святлана Кошур запрасіла на прэзентацыю новай кнігі людзей, якіх шчыра жадала бачыць побач з сабою ў такі важны дзень яе творчага жыцця. Госці мерапрыемства, члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з кіраўніком Людмілай Антонаўнай Кебіч выказвалі словы прызнання аўтару. Была адзначана важная роля яе твораў для літаратурнай спадчыны Карэліцкага раёна. Справа краязнаўцы няпростая – ажывіць для сучаснікаў забытае мінулае, надаць гістарычным падзеям акрамя адпаведнасці яшчэ і цікавае гучанне.
На вечары шчыра і пранікнёна ў аўтарскім выкананні паэта Дзмітрыя Радзівончыка прагучаў верш “Пілігрым”. Словы пра талент і пра своеасаблівасць творчай натуры Святланы Кошур сталі добрай адзнакай няпростага шляху даследчыка-краязнаўцы. Пісьменніцай Ганнай Скаржынскай-Савіцкай была адзначана неацэнная роля краязнаўства для маладога пакалення. Адметна, што сучасная моладзь стала меньш чытаць мастацкую літаратуру, больш запатрабавальнай у маладзёжным асяроддзі стала літаратура краязнаўчага характару. Даспадобы прысутным гасцям прыйшлася аўтарская песня А. Апанасевіча, пісьменніка, барда, мастака. Яго добрыя словы ў адрас аўтара новай кнігі краналі прысутных да глыбіні душы.
Шмат добрых слоў пачула С. А. Кошур ад блізкіх, знаёмых і тых, з кім даводзілася працаваць, ствараць і проста сябраваць. Гучалі, таксама, словы ўдзячнасці і ад настаўнікаў. Марыя Мікалаеўна Тананка, настаўнік замежнай мовы сярэдняй школы № 1 г. п. Карэлічы, дзякавала гераіні творчай сустрэчы і як аўтару цікавай кнігі, што адкрывае дзверы ў вядомае-невядомае, і як безадказнага памочніка ва ўсіх справах класа. Падчас школьных гадоў сына Андрэя, у якога настаўніца была класным кіраўніком.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы № 2 раённага цэнтра Ірына Мікалаеўна Бразоўская адзначыла, што Святлана Кошур мае талент ствараць краязнаўчыя творы, шчыра, цікава, з карысцю даводзіць матэрыял маладому пакаленню, дазваляючы перанесціся ў далёкае мінулае роднай зямлі. З надзеяй на далейшае супрацоўніцтва краязнаўцы са старшакласнікамі ўстановы, настаўніца пажадала далейшых творчых пошукаў і здзяйсненняў.
Кветкамі і добрымі словамі ўдзячнасці, пажаданнямі прадаўжаць творчы пошукавы шлях віталі С. А. Кошур сябры, знаёмыя, прыхільнікі яе творчасці. Дарагім падарункам для аўтара стала прысутнасць на прэзентацыі мастака Аляксея Будзейкі, які пражывае ў г. Бабруйску. Дарэчы, творчасць Святланы Андрэеўны натхніла яго да напісання карціны “Свіцязянка”, рэпрадукцыю якой чытачы ўбачылі на вокладцы новага выдання.
Увогуле, прэзентацыя кнігі “Залатая падкова Свіцязі” прайшла ў атмасферы камернасці і душэўнасці. Здаецца, што падчас творчай сустрэчы ў чытальнай зале зарадзілася не проста знаёмства карэліччан з творчымі людзьмі, членамі літаратурнай эліты Гродзеншчыны, але і шчырае сяброўства з надзеяй на добрае ўзаемадзеянне і далейшае супрацоўніцтва з раённай бібліятэкай.
Відавочна, што краязнаўчая кніга – важнейшая гістарычная крыніца для выхавання свядомасці сучасніка, якая з’яўляецца часткай матэрыяльнай культуры свайго часу. Хочацца спадзявацца, што такія творчыя сустрэчы будуць адбывацца ў раённай бібліятэцы яшчэ не адзін раз, і карэліцкія краязнаўцы будуць радаваць землякоў сваімі новымі кнігамі, якія дазволяць нам, удзячным чытачам, дакрануцца да гісторыі.
Ларыса ТРАФІМЧЫК, намеснік дырэктара ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”.

Добавить комментарий