Паблізу Мірскага замка, на месцы сядзібы Святаполк-Мірскіх канца XIX стагоддзя, аднавіліся раскопкі

У гэтым годзе іх дапамагаюць праводзіць удзельнікі міжнароднага валанцёрскага археалагічнага летніка «Замкі Беларусі». Гэты праект Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА сабраў у Міры 25 чалавек розных нацыянальнасцяў. Сярод моладзі, якая зараз спрытна арудуе рыдлёўкамі і шпатэлямі, ёсць прадстаўнікі Расіі, Турцыі, Кітая і Егіпта.

Першая з дзвюх змен аматараў гісторыі заехала ў пасёлак 15 ліпеня. Археалагічныя работы праводзяцца пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук Ірыны Уладзіміраўны Ганецкай. Плануецца, што валанцёры таксама зоймуцца добраўпарадкаваннем парку, мясцовых могілак, будуць расчышчаць смецце. У вольны час для іх арганізуюцца экскурсіі і культурныя мерапрыемствы. Для моладзі экскурсаводы музея ўжо правялі экскурсіі па Мірскаму замку, пасёлку. Наперадзе – наведванне касцёла святога Мікалая Цудатворца і касцёльнай крыпты, капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх, займальны квэст.
Варта адзначыць, што археалагічныя пошукі на месцы так званага палаца-«здані» ідуць другі год запар. Раней архітэктурны помнік быў схаваны пад пластом зямлі.
На сёння вядома, што сядзіба апошніх уладальнікаў Мірскага замка стаяла на больш старажытным падмурку. Знойдзены цокальныя памяшканні, пабудаваныя ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў. Іх адкапалі нядаўна.
Ірына Уладзіміраўна Ганецкая лічыць, што сядзіба ўзводзілася пры Мікалаі Крыштафе Радзівіле Сіротцы (1549-1616 гг.). Князь пажадаў зрабіць Мір адной са сваіх рэзідэнцый. Па яго распараджэнні былі ўзведзены трохпавярховыя жылыя карпусы ля сцен замка, перапланаваны тры вуглавыя вежы. Палац-«здань» будавалі паралельна. Яго печы былі абкладзены геральдычнай кафляй, якую выяўляюць на раскопках у вялікай колькасці. Яны ідэнтычныя замкавым. На некаторых намаляваны гербавы княжацкі арол. Таксама знойдзены фрагмент рэйнскага збана пачатку XVII стагоддзя, цэгла характэрнага памеру.
– Дакладна вядома, што першапачаткова будынак быў аднапавярховы, мураваны, з керамічным дахам. Яго сцены былі атынкаваны і пафарбаваны ў белы або ружовы колер, як і замкавыя, – распавядае Ірына Уладзіміраўна Ганецкая. – У другой палове XVII стагоддзя, пасля разбуральнай вайны з Масквой, палац дабудавалі з усходняга боку.
Ён функцыянаваў пастаянна: перакладаліся печы, змянялася дахоўка. Спачатку ўжывалі дахоўку, якая знешне нагадвала карпаву луску, пазней – з жолабам. Хутчэй за ўсё, гаспадар сядзібы быў «правай рукой» князя.
Святаполк-Мірскія ў канцы XIX стагоддзя выкарысталі касцяк старога падмурка, магчыма, фрагменты сцен і ўзвялі двухпавярховы палац у стылі сваёй эпохі. Яго спалілі салдаты роўна 100 гадоў таму, падчас Першай сусветнай вайны.
Цяперашнія археалагічныя пошукі, як разлічвае Ірына Уладзіміраўна Ганецкая, яшчэ больш прыадкрыюць заслону таямніцы палаца-«здані».
А пакуль з вядомымі старонкамі гісторыі сям’і наказнога казацкага атамана Войска Данскога Мікалая Іванавіча Святаполк-Мірскага валанцёраў міжнароднага археалагічнага летніка «Замкі Беларусі» пазнаёмілі на ўрачыстым адкрыцці змены. Ганаровымі гасцямі на ім сталі генеральны сакратар РГА «БелАЮ» Наталля Васільеўна Прыстром, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык, вучоны сакратар музея «Замкавы комплекс «Мір» Ігар Мікалаевіч Ложачнік, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мірскага мастацкага каледжа Канстанцін Леанардавіч Петрыман.
Наталля Васільеўна Прыстром адзначыла ў каментарыі карэспандэнту «Полымя», што ініцыятарам арганізацыі міжнароднага валанцёрскага летніка ў Міры стаў музей «Замкавы комплекс «Мір», які таксама ўзяў на сябе фінансаванне праекта.
– Мы штогод адкрываем валанцёрскія летнікі. Гэтай традыцыі 17 гадоў, – распавяла Наталля Васільеўна Прыстром. – З адміністрацыяй замкавага комплексу «Мір» у Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА ўсталяваліся цёплыя партнёрскія адносіны. Прадстаўнікі музея вельмі ініцыятыўныя, і калі яны самі выступілі з прапановай правесці міжнародны валанцёрскі археалагічны летнік у Міры, мы проста не маглі адмовіць. Мірскі замак – адна з шасці гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, уключаных у Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Замкавы комплекс «Мір», як паведаміў Ігар Мікалаевіч Ложачнік, далучыўся да праекта Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, таму што музей імкнецца развіваць міжнародныя сувязі. Да таго ж археалагічныя пошукі дазволяць наблізіцца да разгадкі таямніцы палаца-«здані».
– Наша мэта – уключэнне сядзібы Святаполк-Мірскіх у турыстычныя музейныя маршруты, – заявіў Ігар Мікалаевіч Ложачнік.
Руслан Юр’евіч Абрамчык пажадаў валанцёрам плённай працы.
– У Мірскім замку ёсць унікальная зала, прысвечаная тым, хто адраджаў аб’ект у XX-XXI стагоддзях: рэстаўратарам, архітэктарам, мастакам, ахвяравальнікам экспанатаў, – адзначыў Руслан Юр’евіч Абрамчык. – Спадзяюся, па завяршэнні змены вашы імёны таксама патрапяць у аналы гісторыі адраджэння комплексу.
Арганізатары распавялі, што міжнародны летнік будзе дзейнічаць да 5 жніўня.

Рэдакцыя «Полымя» таксама пазнаёмілася бліжэй з валанцёрамі.

Дар’я Лычкоўская, Салігорск:
«Для мяне, студэнткі Гродзенскага медуніверсітэта, археалогія – гэта нешта новае. У Міры раней была праездам. Рада цікавым знаёмствам».

Таццяна Шылак, Нарач:
«Гэтым летам, скончыўшы гістарычны факультэт, прыступаю да працы па размеркаванні. Вырашыла, пакуль ёсць час, успомніць, як працаваць на раскопках. Была на іх пасля першага курса, але, праўда, рыдлёўку ў руках не трымала».

Ірына Рахманава, Масква:
«Люблю ездзіць у валанцёрскія лагеры. Гэта ўжо мой трэці праект. Да гэтага ўдзельнічала ў будаўнічым праекце, была на моўных курсах. Шчыра кажучы, прыняць удзел у археалагічных пошуках даўно марыла. Я будучы філолаг па адукацыі і займаюся вывучэннем гісторыі Візантыі. У Беларусі ўпершыню. Усе вакол вельмі зялёнае і маляўнічае. Пасля мегаполіса тут вельмі ціха. Людзі добразычлівыя».

Генадзій Вараб’ёў, Магілёў:
«Я выкладаю гісторыю і геаграфію ў Быхаўскім раёне. У школе ўсяго 40 дзяцей, улічваючы дзіцячы сад. Вялікі плюс, што можна наведаць шмат славутасцяў, недалёка Нясвіж, Навагрудак. У нас у Магілёве таксама ёсць на што паглядзець, але такога суцэльнага гістарычнага цэнтра, як, скажам, у Гродна, няма. Гісторыка-культурныя аб’екты раскіданыя па розных кутках горада.
Атрымліваю задавальненне ад знаходжання тут, а яшчэ магу практыкаваць англійскую мову».

Батухан Каплан і Берчэм Джанлі, Анкара:
«Мы супрацоўнічаем з AIESEC – міжнароднай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй. Абодва будучыя інжынеры.
У гэтым годзе вырашылі выбраць ініцыятыву, звязаную з навакольным асяроддзем або гісторыяй. У Беларусі ўпершыню.
Таксама збіраемся павандраваць па рэгіёне ў вольны час. Дзіўна, якія зялёныя вашы гарады. Нам падабаюцца беларускія паркі, лясы, азёры, канечне, гістарычныя славутасці. Але ў вас тут халадней, асабліва для лета.
Праўда, вельмі складана прывыкнуць да бытавых умоў. Сур’ёзна адрозніваецца кухня. Да прыкладу, у нас снедаюць гароднінай, а ў Беларусі – больш сытнымі стравамі».

Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий