Батлейка – тэлевізар XIX стагоддзя (+відэа)

15 верасня сапраўднае свята юным чытачам і супрацоўнікам Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі падарыў народны тэатр “Батлейка”.
Мастацкі кіраўнік лялечнага тэатра Канстанцін Леанардавіч Петрыман не проста расказаў пра гісторыю стварэння і асноўныя этапы развіцця батлейкі на карэліцкай зямлі, а зрабіў гэта ў цікавай гульнёвай форме, калі кожны маленькі глядач мог выказаць сваё меркаванне і ўступіць у дыялог з мастацкім кіраўніком народнага тэатра. Дзеці наперабой адказвалі на пытанне: “Што такое батлейка?”. А батлейка – гэта лялечны тэатр, альбо народны тэатр, які быў створаны па матывах гістарычнай з’явы – нараджэння немаўляці Ісуса Хрыста. Прыемна было адчуваць, што ўдзельнікі мерапрыемства, вучні 5 “А” класа ДУА “СШ №2 г. п. Карэлічы”, неабыякавыя да гісторыі і цікавяцца беларускай спадчынай.
– Батлейка – своеасаблівы тэлевізар XVIII-XIX стагоддзя, які прыходзіў у хату з віншаваннем па запрашэнні гаспадара. 20-30-хвіліннае прадстаўленне каштавала дастаткова дорага на той час: 20 капеек срэбрам. Батлейшчык, увогуле, быў адзін: ён даваў дзею на двух паверхах. На верхнім паверсе быў анёл, які сімвалізаваў неба, на ніжнім – чорт – сімвал падземнага царства. Батлейку заўсёды гралі няшмат людзей. У нашым тэатры выступаюць каля 10 чалавек, – расказаў Канстанцін Леанардавіч і прадставіў гледачам свайго напарніка Кірыла Макарава, навучэнца Мірскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Увазе гледачоў была прадстаўлена інтэрмедыя “Салдат і чорт”, якая была напісана братамі Сілко з дынастыі мірскіх батлеечнікаў у гады Першай сусветнай вайны. Пастаноўку ў выкананні лялечных салдата і чорта хлопчыкі і дзяўчаты, а таксама іх класны кіраўнік Іна Мікалаеўна Кошур глядзелі, затаіўшы дыханне.
Сёння народны тэатр “Батлейка” рыхтуецца да міжнароднага фестывалю “Нябёсы”, дыпламантамі якога мірскія батлеечнікі з’яўляюцца некалькі год запар. На суд журы будзе прадстаўлена рэканструкцыя мірскай батлейкі канца XIX стагоддзя – інтэрмедыя “Дары”.
На мінулых выхадных народны тэатр “Батлейка” наведаў дзіцячы санаторый “Баравічок” у Дзятлаўскім раёне, дзе былі праведзены майстар-класы, прадэманстраваны пастаноўкі. Сёння Мірская батлеечная школа спрабуе развіваць турыстычны патэнцыял і з радасцю наведвае медустановы, інтэрнаты, санаторыі, каб падарыць прыемныя моманты дзецям і дарослым, бо “лялька – гэта тэрапія дабром”, – упэўнены Канстанцін Леанардавіч.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий