Упраўляючы ўчастка №1 СВК «Маяк-Заполле» Іван Пятровіч Гавака ўзнагароджаны Ордэнам Пашаны

Іван Пятровіч Гавака, упраўляючы ўчастка №1 СВК «Маяк-Заполле», з той кагорты людзей, якія складаюць залаты фонд Карэліччыны. Упэўнены ў сваіх сілах, аддана любячы зямлю і не ўяўляючы сябе без яе, ён моцна стаіць на нагах і глядзіць людзям прама ў вочы, бо жыве сумленна, кожны дзень бачыць вынік няпростай сялянскай працы, у якой ёсць і яго важкі ўклад.

У «Маяку» ўпраўляючага ўчастка людзі паміж сабой клічуць  «старшынёй маленькага калгаса». І з гэтым не паспрачаешся. Зона адказнасці Івана Гавакі немалая: 3,5 тысячы гектараў пашні, амаль 2 тысячы гектараў сенакосаў і пашы, дзве малочна-таварныя фермы па тысячы галоў кожная і свінакомплекс. Усюды патрэбна гаспадарская рука: узарана-скошана-пасеяна павінна быць у свой час, на фермах — парадак. На сваім УАЗіку кожны дзень Іван Пятровіч праязджае амаль 100 кіламетраў і кожны сустрэчны абавязкова вітаецца. «Здароў, Пятровіч!» — і ўсмешка як узнагарода.

Едзем разам з Іванам Пятровічам па яго кампактным участку і паціху гутарым пра яго жыццё-быццё.

— Родам я з хутара Барок Стаўбцоўскага раёна. Нас у сям’і было трое, і ўсе розныя. Брат Мікалай марыў стаць ваенным і здзейсніў мару. З дзяцінства займаўся фізкультурай, сам сабе перакладзіну зрабіў. А сястра Ларыса хацела ў горадзе жыць і працавала ўсё жыцццё ў гандлі, жыла ў сталіцы. А я любіў зямлю. Не мог дачакацца, каб прыбегчы са школы і хутчэй да бацькоў на калгасную работу. Былі і сіла, і жаданне: ці касіць, ці разгружаць што-небудзь. Скончыў 10 класаў і вучыўся нядрэнна: навука лёгка давалася. Дакументы падаў у Навагрудскі аграрны тэхнікум. На агранамію тады было 4 чалавекі на месца. Думаў, не паступлю, але ўзяў гэты «Эверэст». Было гэта ў 1972 годзе. Затым — два гады службы ў арміі. Трапіў у ракетныя войскі. Вярнуўся са службы, завяршыў вучобу. Дарэчы, вучыцца стала прасцей: армія зрабіла больш самастойным і адказным, у мяне амаль чацвёрак у дыпломе не было, таму на размеркаванне трапіў у самым пачатку. Так і аказаўся ў Карэліцкім раёне, бо ведаў, што зямля тут урадлівая, багатая. Да таго ж пад час вучобы быў на практыцы ў калгасе імя Калініна, які ўзначальваў Аляксандр Аляксандравіч Зантовіч. Моладзі шмат было, людзі харошыя, шмат з кім пасябраваў: амаль 8 месяцаў быў на практыцы. Планаваў пасля атрымання дыплома вярнуцца ў Калініна, але так склаліся абставіны, што трапіў у «Новае жыццё». Старшыня Лычкоўскі Станіслаў Валяр’янавіч прыняў як роднага. А я з двума чамаданамі: кнігі ды няхітрая вопратка, затое вочы гараць і хутчэй бы да працы. Цэлымі днямі прападаў на рабоце. Вярхом на кані, потым на возе аб’язжаў свае абшары, меркаваў, як працаваць буду. Памятаю, сам перамераў усе палі, чамусьці не давяраў картам. Вельмі добрыя настаўнікі ад зямлі мне трапіліся: старшыня Станіслаў Валяр’янавіч Лычкоўскі, галоўны аграном Лежань Аляксандр Іванавіч, Шаманюк Серафім Міхайлавіч. Тэорыю я пасля тэхнікума ведаў на выдатна, але ж сеялку заправіць — іншая справа.

Іван Пятровіч, круцячы баранку,  пільна ўзіраецца ў навакольныя абшары. За 40 гадоў работы на красненскай зямлі кожны каменьчык, кожны ўзгорачак ведае. Хаця прапановы былі заманлівыя, можна было і з’ехаць, але не такі чалавек Іван Пятровіч, за пасадамі ніколі не гнаўся. Разумеў: усюды трэба працаваць, прыносіць карысць, атрымліваць аддачу. «Трэба з людзьмі быць справядлівым, не крыўдзіць, тады і людзі тым жа табе аддзячаць», — мяркуе брыгадзір.

Выходзім з Іванам Пятровічам з машыны і ідзём на ферму «Краснае». Пярэстыя рагулі з даверам цягнуцца да яго рук. «Усё жывое ласку любіць, — тлумачыць ён. — Каровы, яны ж як людзі, усё разумеюць. На вуліцы, каля фермы, цяляткі ў доміках, маленькія яшчэ, да рук не прывыклі». Акінуўшы гаспадарскім вокам тэрыторыю фермы, Іван Пятровіч садзіцца ў машыну.

— У гэтым годзе з участка №1 сабралі добры хлеб: 77,3 цэнтнеры з гектара, на 4 цэнтнеры больш, чым у мінулым. Дабавілі і ў агульным намалоце на 888 тон. Як пачынаў працаваць,  і па 40 цэнтнераў атрымлівалі, і гэта лічылася выдатным. А цяпер у некаторых гаспадарках збіраюць і па 100-110 цэнтнераў на круг.

Цікаўлюся ў Івана Пятровіча, колькі ж хлеба за 40 гадоў работы на зямлі даў яго ўчастак? «Цяжка сказаць, — стала разважае мужчына, — год на год не прыходзіцца. Калі за 40 гадоў у сярэднім па 6 тысяч тон узяць, то прыкладна 240 тысяч тон. Гэта ж які каравай можна спячы і колькі людзей накарміць!» — і сам здзіўляецца брыгадзір.

— Жаніўся я па тых мерках позна: у 28 гадоў. Вучыўся тады ў Гродна, у сельгасінстытуце. У Гродна з будучай жонкай і пазнаёміўся і звёз яе, карэнную гараджанку, у вёску. Можа, ёй і няпроста было. На першы ж год дзялку ўзялі. Як гэта, брыгадзір і без дзялкі? Цяпер два сына дарослых у нас, двое ўнукаў.

Плынь думак Івана Пятровіча раз-пораз перарывае папутны транспарт: з кожным абавязкова трэба павітацца.

Вось трактарыст Напорка Коля павёз ваду на пашу — прывітанне! За ім — Напорка Толя паехаў, харошы хлопец, працалюбівы.

— Давайце на поле заедзем, — прапаноўвае няўрымслівы брыгадзір, — там зараз хлопцы арганіку пад азімыя ўносяць.

Вадзіцель Віктар Саўко, палявод Дзмітрый Бязмен і механізатар Сяргей Варановіч вітаюць брыгадзіра і віншуюць з узнагародай: не кожны дзень чалавеку Ордэн Пашаны даюць! «Даўно трэба было даць Пятровічу гэтую ўзнагароду, — у адзін голас кажуць сяльчане. —  Ён мог бы і калгасам кіраваць у свой час!» Такія словы даражэй за любую ўзнагароду, бо гэта людское прызнанне, якое не купіш ні за якія грошы.

— За 40 гадоў прыкіпеў душою да гэтай зямлі, ні на што не змяняю, — дзеліцца патаемным Іван Пятровіч. — Часам еду і думаю: мне ўжо 62. Як я буду без гэтага? А потым успомню пра дом: буду ўнукаў гадаваць! Унучцы Варцы ўжо тры гадкі, любіць са мной на машыне ездзіць. Я не шкадую аб тым, што ўсё жыццё ў вёсцы, у сельскай гаспадарцы, ад цямна да цямна. Ніколі не любіў адпачываць. У санаторыі нават ні разу не быў. Галоўнае —  работа і каб людзям добра было. Ведаеце, як грэе душу, калі едзеш і людзі вітаюцца. Трапіў нядаўна ў бальніцу, мне хлопцы звоняць: «Пятровіч, прыязджай!»  Адразу быццам паздаравеў. Значыць патрэбен, калі чакаюць, клічуць…

Інна Лейка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий