Свята хлеба адбылося ў аграгарадку Малюшычы

 Подых свята адчуваўся задоўга да яго пачатку. Прыцягваў увагу ўдзельнікаў куток народнага побыту. Яго гаспадыня, акампаніятар сектара «Баранавіцкі сельскі клуб» Галіна Дзмітрыеўна Зіневіч паведала, што збірала рэчы для кутка ў жыхароў вёсак Руднікі, Яруга, Сапатніца, Баранавічы. Гаспадары рэчаў вельмі ім адданыя, хочуць, каб не сапсаваліся, не згубіліся, паслужылі на карысць. Тут і прасніца, калаўрот, судзень (кошык для каўбас і сала), церніца, лапата для выпечкі хлеба, збаны, іншыя рэчы. «Я ўдзячна гэтым людзям, бо наша мінулае трэба памятаць і шанаваць», — выказала сваё меркаванне               Г. Д. Зіневіч. Яна правяла для дзяцей майстар-клас — паказвала, як карысталіся рэчамі ў далёкія часы.

Месца для правядзення ўрачыстасці было абрана непадалёку ад будынка мясцовага сельвыканкама. Вочы радавала прыбраная пляцоўка, абапал якой раслі дзве бярозкі-прыгажуні, а побач стаялі велізарныя снапы з нацыянальным арнаментам. Ужо потым тут з’явяцца дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах і будуць запрашаць на бяседу, каб прысутныя змаглі адпачыць душою.

Удзельнікаў свята вітаў старшыня Малюшыцкага сельскага Савета Віктар Аркадзьевіч Дзірвук. Прадстаўнік мясцовай улады адзначыў прыемны момант таго, што ўрачыстасць праводзіцца на малюшыцкай зямлі, і хлебаробы мясцовай гаспадаркі ўносяць свой пэўны ўклад у агульны каравай Карэліччыны. З дзевяці экіпажаў сем намалацілі больш 1000 тон збожжа, а чатыры з васьмі вадзіцеляў перавезлі звыш 1000 тон будучага хлеба. Усё гэта дзякуючы штодзённай працы хлебаробаў і іх сумленным адносінам да даручанай справы. Віктар Аркадзьевіч выказаў словы шчырай падзякі, павіншаваў са святам, пажадаў усіх зямных даброт.

Старшыня маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Віктаравіч Шугля ў сваёй прамове адзначыў працу ўдзельнікаў студэнцкага атрада. Сярод іх — Алег Крывіцкі, Аляксандр Лагута, Віктар Патук, Арцемій Казарэз, Міхаіл Евушка, Дзяніс Рытус, Уладзімір Гіз. Дарэчы, чацвёра з іх пасля працы ў студатрадзе былі заняты ў сёлетняй уборачнай кампаніі — працавалі памочнікамі камбайнераў.

Слова было прадастаўлена начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Іне Міхайлаўне Санчук:

— Мы ладзім свята, прысвечанае  хлебу, сімвалу жыцця і працы. Хлеб — слова святое, якое змяшчае ў сабе любоў да роднай зямлі, павагу да працавітых рук чалавека, якія вырасцілі яго, і ўдзячнасць за тое, што ён ёсць на стале, што ён корміць нас.

«Хлеб — усяму галава» — абвяшчае народная мудрасць. Няма іншага прадукта, які пры штодзённым ужыванні на працягу ўсяго жыцця ніколі не дакучае чалавеку. Вялікае дабро — мець кожны дзень на стале хлеб.

 

У гонар гэтага вялікага багацця складаюць гімны, песні, здзяйсняюць абрады, ладзяць святы, прымеркаваныя да збору ўраджаю. Сустракаюць хлебам жаніха і нявесту, вітаюць нованароджанага, дарагіх гасцей. Ва ўсіх гэтых народных абрадах заключана чалавечая мудрасць, паважлівае стаўленне да хлеба.

Спрадвеку хлеб быў не проста ежай. Ён быў меркай не толькі грамадскага дабрабыту, але і чалавечага сумлення. Хлеб прыходзіць  на наш стол у выніку цяжкай  працы, таму трэба яго берагчы і адносіцца па-гаспадарску. Хлеб — багацце нашага народа. І пакуль на зямлі ёсць селянін-працаўнік, будзе хлеб, будзе жыццё!

Звяртаючыся да працаўнікоў сельскай гаспадаркі, Іна Міхайлаўна адзначыла, што яны — захавальнікі вопыту, традыцый, майстэрства, і каб свята стала сімвалам шчырай удзячнасці ім за ўклад у развіццё раёна, неабыякавае стаўленне да лёсу роднай зямлі. Пажадала ўсім святочнага настрою, дабрабыту, і каб жыццё было напоўнена шчасцем і радасцю.

Свята ўдалося. Цудоўныя песні падарылі ўдзельнікі ансамбля песні «Варажэя» Іўеўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, народны ансамбль народнай песні «Забава» і салісты Карэліцкага РЦКіНТ.

Праведзены майстар-клас побытавых танцаў.

Конкурс на лепшае ўпрыгожванне снапа вызначыў пераможцаў: Цімафей Чашэйка і Марыя Аляшкевіч (першае месца), Тамара Масловіч (другое), Валянціна Лагута (трэцяе).

Лепшымі прызнаны кулінарныя вырабы Алы Іванаўны Уласевіч, Ірыны Вячаславаўны Гоцка.

Падарункам ад раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» адзначана Алена Рыгораўна Евушка, загадчыца сталовай ДП «Малюшычы», за добрасумленную працу падчас правядзення  ўборачнай кампаніі. Падарунак уручаны і народнаму ўмельцу Святлане Вітальеўне Казак.

 

Раённая бібліятэка сумесна з Малюшыцкай і Палужскай сельскімі бібліятэкамі арганізавалі кніжную выставу на тэму: «Той без патрэбы жыве, хто хлеб не беражэ», а таксама беспройгрышную латарэю, сувенірную прадукцыю, экспанаты аб родным краі.

Раздзялілі радасць сустрэчы з удзельнікамі свята супрацоўнікі Карэліцкага маладзёжнага Цэнтра культуры, а таксама Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

 

Галіна СМАЛЯНКА.

 

 

Добавить комментарий