25 лістапада адзначаюць залатое вяселле Ганна Уладзіміраўна і Вальдэмар Андрэевіч Равінскія з райцэнтра

25 лістапада адзначаюць залатое вяселле Ганна Уладзіміраўна і Вальдэмар Андрэевіч Равінскія з райцэнтра. Напярэдадні знамянальнай падзеі іх наведала начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянціна Міхайлаўна Сіўко, якая шчыра павіншавала юбіляраў са святам і ўручыла статуэтку Маці Божай.

— Пяцьдзясят гадоў разам — прыклад для дзяцей, унукаў, праўнукаў і людзей, якія добра вас ведаюць і паважаюць, — сказала Валянціна Міхайлаўна. — У вас яшчэ шмат энергіі — захавайце яе надоўга. Няхай Маці Божая спадарожнічае ў жыцці. Жадаю ў добрым здароўі адзначыць брыльянтавае вяселле.

Маленькая радзіма Ганны Уладзіміраўны — вёска Унехава. На Карэліччыну вярнуліся з мужам з горада Гродна. Трэба было дагледзець бацькоў,          сям’я была мнагадзетнай, у якой гадавалася сямёра дзяцей. Ганне, як старэйшай, трэба было стаць апорай для меншых братоў і сясцёр. Выбар быў зроблены — і яна ніколі аб гэтым не пашкадавала.

Сорак пяць гадоў адпрацавала Ганна Уладзіміраўна Равінская ў Карэліцкай МПМК-152. Займала розныя пасады: майстра, інжынера і начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела, эканаміста, намесніка галоўнага бухгалтара — прафесійна і бездакорна адносілася да выканання сваіх абавязкаў. На пенсіі таксама не сядзела склаўшы рукі: яшчэ дзевяць гадоў  прысвяціла будаўнічай арганізацыі, а затым тры — ПГВУП «Баяры-буд» на пасадзе галоўнага бухгалтара.

Жанчына заўсёды памятала і пра свае мацярынскія абавязкі, сумленна іх выконвала. «Сям’я — гэта сэнс жыцця, а дзеці, унукі, праўнукі — вялікае шчасце», — гаворыць жанчына і дадае, што лёс яе шчодра ўзнагародзіў. Разам з мужам Вальдэмарам Андрэевічам выхавалі траіх дачок. Іна выбрала прафесію настаўніка, Таццяна і Жанна працуюць у гандлі. У кожнай — па трое дзяцей.  Унукі ўжо дарослыя: іх дзевяць, і ўсе моцна стаяць на нагах. Самая вялікая радасць — шэсць праўнукаў. У сям’і ёсць прадстаўнікі розных прафесій — настаўнікі, урачы, інжынеры, эканамісты, бухгалтары, псіхолагі, юрысты, повар.

Надзейная апора — муж Вальдэмар Андрэевіч. Жанчына заўсёды адчувала  мужчынскае плячо як у маладыя гады, так і зараз, калі сям’я павялічылася і дабавілася клопатаў. Муж працаваў вадзіцелем у сельгастэхніцы, аўтапарку № 8, перад выхадам на пенсію — страхавым агентам у Дзяржстраху. Яго вызначалі працавітасць, безадказнасць, прыстойнасць, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у працоўных калектывах.

Сям’я Ганны Уладзіміраўны і Вальдэмара Андрэевіча Равінскіх дружная. Старэйшыя моцна любяць меншых — і яны ўдзячны за іх разуменне і падтрымку. Парады бацькоў ніколі не былі лішнімі — мудрыя словы дапамагаюць спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Любоў  акрыляе і надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Як нагадала маці, усе гэтыя ўрокі жыццялюбства атрымала ад сваіх бацькоў, якія былі прыкладам — жылі годна. Зараз лепшыя чалавечыя якасці імкнецца выхаваць у прадаўжальнікаў роду.

Самым галоўным багаццем у жыцці, па словах Ганны Уладзіміраўны, з’яўляецца здароўе. Менавіта здаровымі  марыць бачыць сваіх дарагіх сэрцу людзей. «Як бы ні выпрабоўваў чалавека лёс, не трэба падаць духам, а падтрымліваць адзін аднаго, заставацца аптымістам», — дадае Вальдэмар Андрэевіч. Гэтае залатое правіла сям’і Равінскіх — аснова іх жыцця.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота з сямейнага архіва

 і Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий