Усіх аматараў зімовых відаў спорту чакае каток на стадыёне “Юнацтва” г.п. Карэлічы

Вось надышла яна, доўгачаканая зіма са снегам, маразамі і завеямі, чаму неймаверна ўзрадаваліся прыхільнікі актыўнага адпачынку на свежым паветры.

 

Пакатацца на каньках і пагуляць у хакей перастала быць для нас марай. Усіх аматараў зімовых відаў спорту чакае каток на стадыёне “Юнацтва” г.п. Карэлічы, які быў заліты ў мінулую нядзелю. Увогуле, у раёне плануецца наладзіць работу 13 лядовых пляцовак, каб кожны жадаючы змог далучыцца да карыснага баўлення часу.

Для таго, каб раздзяліць радасныя пачуцці і эмоцыі школьнікаў, яркі румянец якіх сведчыў аб тым, што яны сапраўды засумавалі без зімовага актыўнага адпачынку, адпраўляемся на цэнтральны стадыён раённага цэнтра. Трэба было толькі бачыць, з якім спартыўным азартам 8 вучняў СШ №1 і СШ №2 г.п. Карэлічы рассякалі паветра хуткай яздой на каньках і здзіўлялі ўмелым валоданнем клюшкай. Здавалася, што лёд пад іх канькамі станавіўся сапраўды гарачым ад імгненных рухаў. А які выбух радасных эмоцый, калі шайба аказвалася ў варотах!

Трапіла якраз на трэніроўку малодшай узроставай групы па хакеі з шайбай. Старшыня Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вячаслаў Аляксандравіч Царук таксама задаволены магчымасцю аднавіць заняткі на лядовай пляцоўцы.

– Плануем трэніравацца кожны дзень, пакуль надвор’е будзе нам спрыяць. Усе юнакі здольныя, аб чым сведчаць прызавыя месцы на спаборніцтвах. А якая карысць для іх здароўя! Яны займаюцца актыўным спортам, а не сядзяць каля камп’ютараў. Уменне катацца на каньках выпрацоўвае пачуццё раўнавагі, хуткасць рэакцыі, умацоўвае вестыбулярны апарат і арганізм у цэлым. Да таго ж камандная гульня дысцыплінуе юнакоў, – дзеліцца трэнер выхаванцаў Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Вельмі хацелася пачуць уражанні саміх юных хакеістаў наконт радаснага моманту выхаду на лёд. Абаронца раённай зборнай па хакеі малодшай узроставай групы Максім Дух выказаў меркаванне, што хакей для яго не проста гульня, а частка жыцця.

– Хацелі б звязаць сваю будучыню з прафесійным спортам. Таму прыходзім на каток кожны дзень. Да таго ж бацькі вельмі задаволены нашым захапленнем, – у адзін голас падзяліліся вучні шостага класа СШ №2 г.п. Карэлічы Павел Логіш і Яўгеній Матусевіч.

Сёння ўсе жадаючыя могуць далучыцца да актыўнага адпачынку на свежым паветры. Адсутнасць уласных канькоў не праблема. У буднія дні з 7 да 9 гадзін вечара, у суботу з 11 раніцы да 6 гадзін вечара, у нядзелю з 15.00 да 18.00 на стадыёне “Юнацтва” ў г.п. Карэлічы працуе пункт пракату. Трэба заплаціць усяго два рублі за гадзіну карыстання канькамі альбо лыжамі.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий