«Мне 78, і я кожны дзень займаюся спортам»

Жыццё нярэдка выпрабоўвае чалавека. Гэта здараецца, калі ён губляе здароўе. Іншы раз трэба прыкласці шмат намаганняў, каб адчуць прыліў сіл і паверыць у сябе.

Як гэта ўдаецца ветэрану міліцыі Уладзіміру Васільевічу Хауста з г.п. Карэлічы і якімі думкамі зараз жыве, журналіст пацікавілася падчас сустрэчы.

— Уладзімір Васільевіч, калі азірнуцца назад, што найчасцей успамінаецца?
— Пасля таго, як пайшоў на заслужаны адпачынак, часта чамусьці ўспаміналіся месцы здарэнняў. Сваю справу не мог забыць — быў ёй моцна адданы. Працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі калгаса імя Чарняхоўскага, старшым дзяржаўтаінспектарам, начальнікам ДАІ — праца была сэнсам майго жыцця.
— Штодзённа даводзілася аператыўна прымаць рашэнні. Чаго ў рабоце прытрымліваліся?
— Імкнуўся быць справядлівым і сумленным. Ставіў перад сабой задачу не толькі пакараць парушальнікаў правапарадку на дарогах, але ў гутарках пераканаць іх, каб у наступны раз паводзілі сябе адказна і прадбачліва. Больш таго, праводзіў прафілактычную работу сярод вадзіцеляў гаспадарак раёна, а таксама школьнікаў па пытаннях бяспекі дарожнага руху.
— Здароўе — галоўнае багацце ў жыцці. Гэта чалавек адчувае, калі губляе яго. Якая бяда напаткала Вас і як не апусцілі рукі?
— Зваліўся з дрэва, і ў выніку былі паламаны шыйныя пазванкі. Знаходзіўся чатыры з паловай месяцы ў Мінскім інстытуце траўматалогіі. Надзеі на выздараўленне не было. Дактары нічым не абнадзейвалі. «Я павінен устаць!»— даў устаноўку сабе. Для гэтага займаўся на трэнажоры-веласіпедзе, а таксама з гантэлямі. Спорт — працяг жыцця, пераканаўся ў гэтым. Галоўнае — сіла волі і настойлівасць.
— Што, акрамя спартыўных практыкаванняў, дапамагае ўмацоўваць здароўе?
— Увага з боку блізкіх людзей і ўрачоў. Дапамагалі жонка Любоў Мікалаеўна, дочкі Наталля і Таццяна, зяць Ігар. Медыцынскія кансультацыі даваў урач-тэрапеўт Карэліцкай раённай паліклінікі Аляксандр Аляксандравіч Баршчэўскі. Былі зроблены спецыяльныя прыборы-прыстасаванні (стол-тумба, медыцынская кушэтка, трэнажорная лесвіца і г. д.). Усё рабілася дзеля таго, каб я папраўляўся і мог устаць на ногі.
— Вы родам з Карэліччыны. Чым прыцягвае Вас маленькая радзіма?
— Так, з вёскі Даўгінава Ярэміцкага сельсавета. Моцна люблю сваю радзіму і свой народ. На маіх вачах рос і багацеў наш раён. Калі пачынаў працаваць аўтаінспектарам (на фота), дарогі былі гравійныя, а зараз яны заасфальтаваныя. Хочацца, каб яны заўсёды былі шчаслівымі для вадзіцеляў і пасажыраў.
— У Вас ёсць захапленні?
— Паўтаруся, што маім хобі з’яўляецца спорт. Без спартыўных практыкаванняў ніякіх вынікаў не дасягнуў бы. Дапамагае ў разумовым і фізічным развіцці, у ім — вялікая сіла. Гэта праверыў на сабе.
— Што б маглі пажадаць тым, хто аказаўся ў падобнай сітуацыі альбо захварэў?
— Не апускайце рукі і верце ў тое, што абавязкова паправіцеся. Будзьце настойлівымі і трымайцеся, як гаворыцца, нават за саломінку. Радуйцеся любой перамозе, самай нязначнай.
Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.

Уладзімір Васільевіч ХАУСТА ўраджэнец вёскі Даўгінава. Вырас у шматдзетнай сям’і. У школьныя гады хадзіў на працу ў калгас. Вучобу закончыў у вячэрняй школе.
Пасля службы ў арміі вучыўся ў Ленінградскім вышэйшым ваенна-марскім пагранічным вучылішчы. Адбылося скарачэнне Узброеных Сіл, і вучылішча закрылі. Юнака накіравалі вучыцца ў аўташколу па спецыяльнасці вадзіцеля.
Працаваў настаўнікам у аўташколе вёскі Турэц.
27 снежня 1960 года залічаны ў дарожна-патрульную службу аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага раёна.
З 1987 года і да выхаду на пенсію кіраваў аддзелам ДАІ Карэліцкага раёна.
За трыццаць гадоў службы ў органах міліцыі прайшоў па службовай лесвіцы ад радавога да маёра міліцыі.
Фота з сямейнага архіва і Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий