“Паркоўка каля школы ў хуткім часе стане рэальнасцю”

Ёсць такая прафесія – вучыць і выхоўваць дзяцей. Дырэктар Мірскай сярэдняй школы, кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў 28 склікання па Мірскай выбарчай акрузе №12 Таццяна Ільінічна Шаплыка ў гэтай прафесіі 27 гадоў. Таму бацькі давяраюць ёй самае галоўнае – сваіх дзяцей.
– Сёння мы можам ганарыцца дасягненнямі нашых вучняў. Адно з іх – 100-бальныя вынікі па цэнтралізаванаму тэсціраванню. 85% адзінаццацікласнікаў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым 80% – на бюджэтную форму навучання. Выдатнікамі вучобы, якія станавіліся стыпендыятамі Фонду міру, таксама можа ганарыцца школа ў г.п. Мір, – дзеліцца Таццяна Ільінічна.
Тое, што дырэктар Мірскай школы – выдатны кваліфікаваны педагог, не выклікае ніякіх сумненняў. Яшчэ адна рыса, якая яскрава праяўляецца ў рабоце кандыдата ў дэпутаты, – гэта гаспадарскі падыход да справы. Аб гэтым сведчыць наступная акалічнасць: капітальны ўнутраны рамонт школы быў зроблены 10 гадоў таму, але, зайшоўшы ў фае навучальнай установы, здаецца, што тут яшчэ адчуваецца пах свежай фарбы. Настолькі ўсё дагледжана і акуратна!
– Адно з балючых пытанняў на сённяшні дзень – добраўпарадкаванне вуліцы Сташэўскай, на якой стаіць школа. І яго неабходна вырашыць як мага хутчэй, бо бяспека дзяцей заўсёды павінна выходзіць на першы план. Таму спадзяёмся, што дзякуючы праграме комплекснага добраўпарадкавання г.п. Мір на 2018-2019 гады новае асфальтавае пакрыццё, тратуарныя дарожкі і паркоўка для школьнага і бацькоўскага аўтатранспарту ў хуткім часе стане рэальнасцю, – адзначае дырэктар Мірскай школы.
Немалаважным на сённяшні дзень застаецца пытанне добраўпарадкавання школьнага стадыёна. Яму, як і самой школе ў г.п. Мір, 35 гадоў. Валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, яма для скачкоў, штучнае пакрыццё – тое, чаго так не хапае вучням для плённых заняткаў фізічнай культурай.
Таццяна Ільінічна добра разумее ячшэ адну акалічнасць: маладым спецыялістам трэба стварыць неабходныя ўмовы для жыцця і працы. Жыллёвае пытанне, калі і паўстае, то вырашаецца хутка. Вось і сёння на парадку дня – пытанне аб выдзяленні аднапакаёвай кватэры маладым настаўнікам, якія прыйшлі працаваць у школу.
– Я з поўнай адказнасцю стаўлюся да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Родам я з г.п. Мір, таму добра ведаю, чым жыве населены пункт, што хвалюе яго жыхароў, у якім напрамку працаваць далей, каб палепшыць якасць жыцця. Я заўсёды гатова выслухаць і зрабіць усё, што ў маіх сілах, – адзначае кандыдат у дэпутаты.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий