Софья Степановна Дубко вспоминает о годах плена в немецком концлагере

77 гадоў аддзяляе нас ад таго дня, калі жудасная вестка чорнай птушкай праляцела над тэрыторыяй былога Савецкага Саюза: “Вайна!” Ціхая, спакойная Беларусь першай паспытала на сабе жахлівую рэчаіснасць страшэннай навалы: звярыную жорсткасць гітлераўцаў, гора ад незваротных стратаў, нястачу, голад. Вайна рвала на кускі, калечыла людскія лёсы, нішчыла жыцці на франтах, у тыле, у крыважэрных фашысцкіх канцлагерах, але не ставіла на калені савецкіх людзей, захаваўшых, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, сваю чалавечую годнасць, мужнасць і стойкасць духу. Гады ніколі не выкрэсляць з памяці той час. Ён жыве і будзе жыць у нашай свядомасці як запавет маладому пакаленню: вайна не павінна паўтарыцца! Мы не маем права забыцца пра тое, што перанёс наш народ дзеля захавання сённяшняга шчасця і шчасця будучых пакаленняў. Вось таму, пакуль знаходзяцца сярод нас сведкі ваеннай пары, трэба спяшацца аддзячыць ім за жыццёвы подзвіг, паспець захаваць для нашчадкаў іх успаміны, якія гучаць набатам: “Людзі, будзьце пільныя! Людзі, беражыце мір! Людзі, захавайце ўдзячную памяць і дабрыню ў сэрцах!” І сёння ў гасцях у “Ясміны” цудоўнейшая жанчына з той, ваеннай, пары…

У вёску Любанічы на сустрэчу з Соф’яй Сцяпанаўнай Дубко, паспытаўшай у дзіцячыя ваенныя гады горкую долю вязня на тэрыторыі Германіі, я ехала з унутранай трывогай. Са слоў яе сына Мікалая Сцяпанавіча, які жыве з матуляй, ведала, што яна пасля перанесенай траўмы часова не ходзіць, адчувае сябе не вельмі добра, таму і хвалявалася, што прынясу жанчыне сваім візітам лішнія турботы. Але гасціннасць сына і 87-гадовай гаспадыні, адкрытасць яе маладжавага твару, шчырасць ясных, напоўненых дабрынёю вачэй, пазбавілі ад нязручнасці, і з першых хвілін знаёмства ўзнікла ўзаемная даверлівасць, уласцівая толькі добра знаёмым людзям. Я і сёння пад уражаннем той гаючай, без нараканняў, без скаргаў на жыццёвыя абставіны, сустрэчы, не знікае адчуванне патрэбнасці зноўку перагледзець своеасаблівы, створаны жыццём, шматсерыйны драматычны фільм, галоўным героем якога з’яўляецца лёс Соф’і Сцяпанаўны Дубко. І не раз буду ўспамінаць невялікі домік пад № 5 на некалі мнагалюднай вуліцы Любанічаў, які дастаўся ў спадчыну жанчыне ад бацькоў. Утульны пакой, раздзелены, як было прынята раней, на дзве паловы шафай, з абавязковымі для сялянскай хаты фотаздымкамі продкаў на сценах; абраз на покуці, упрыгожаны вышытым ручніком і кветкамі. Усё просценька, без шыку, але затое тут кожны куточак выпраменьвае святло сялянскай Шчырасці, Сардэчнасці, Прыязнасці, як і сама гаспадыня і яе голас з заклапочана-мудрай парадай: “Трэба жыць без злосці, з дабром у сэрцы. Для мяне ўсе людзі харошыя…”

“Не давядзі, Божа, такога дзяцінства, як маё…”

Нас у бацькоў было трое: дзве дачкі і сын. Не давядзі, Божа, такога дзяцінства, якое было ў нас. Змалку пазналі галечу, цяжкую працу, прыніжэнне. Бацькі да ночы ў полі, а мы, яшчэ маленькія, зараблялі на кусок хлеба тым, што наймаліся да больш заможных сялян пасвіць кароў. Уставалі ў 5 гадзін раніцы, выганялі статак, у час кароткага перапынку на абед выконвалі шматлікую дамашнюю работу, не да гульняў было. А потым — вайна! Нават у страшных думках не ўяўлялі, што давядзецца перажыць! Урыўкамі чулі ад бацькоў, што брат пайшоў у партызаны, мама часта плакала, у хаце пасяліліся страх і трывога, пасля ж даносу суседа-здрадніка чакалі найгоршага. Бог абярог, нас не расстралялі, вывезлі ў Германію, па сутнасці ў рабства. Памятаю толькі, як ехалі ў халодным вагоне, адчай бацькоў, пастаяннае адчуванне голаду, як апынуліся ў невялікім нямецкім гарадку, у сямейным лагеры. Жылі ў бараках, бацькоў ганялі на работу, нас, дзяцей, да работы не дапускалі, пагэтаму і не кармілі, трымалі пастаянна пад замком пад аховай гітлераўскага вартаўніка. Як толькі ён на хвілінку пакідаў свой пост, мы, большыя дзеці, вылазілі праз акно, прабіраліся да сметніка, шукалі ў ім бульбяное шалупінне, бывае, знаходзілі нейкія аб’едкі. З “трафеямі” стараліся неўзаметку вярнуцца назад у барак. Ды не заўсёды ўдавалася застацца незаўважанымі. Як біў нас тады азлоблены немец! Нагайкай, нагамі! Біў люта, не ўлічваючы таго, што перад ім безабаронныя дзеці. Крывавыя сінякі не праходзілі, а ўсё роўна, акрыяўшы трохі, ізноў спрабавалі пранікнуць да сметнікаў, бо ведалі: там паратунак ад галоднай смерці. Часта бачылі цераз акно, як гналі фашысты калоны палонных. Тых, хто зняможана падаў на зямлю, дабівалі нагамі насмерць. Мы горка плакалі ад жалю, а дапамагчы нічым не маглі. Страшна ўспамінаць усё гэта, такое не забудзецца ніколі.

Вызвалілі нас з пекла амерыканскія салдаты. Колькі радасці тады паспыталі, не перадаць! Толькі вызваленне прынесла нечаканую бяду: згаладаўшыя людзі накінуліся на дастаўленую амерыканцамі ежу, не ўлічыўшы, што гэта прынясе смерць. Мне і сястры мудрыя бацькі многа есці не давалі, таму выжылі…”

Вяртанне на Радзіму

“Дадому вярнуліся ў канцы лістапада 1945 года, радаваліся невядома як, не ведалі, не чакалі, што на роднай зямлі прыйдзецца сутыкнуцца з новымі выпрабаваннямі. Дом, зарослы бур’яном, сустрэў нас пустымі сценамі. Вынесена з хаты было ўсё, бо вяскоўцы не спадзяваліся, што вернемся жывыя, але, дазнаўшыся аб нашым прыездзе, прынеслі забраныя рэчы. Есці не было чаго, зіма на носе, а мы — босыя і раздзетыя. На першай пары сёе-тое падкінулі суседзі, радня, а далей трэба было выкручвацца самім. Прыйшлося ісці па вёсках жабраваць. Бывала, зойдзеш у незнаёмую хату, гаспадыня галосіць: “А дзіцятачка, самі галадаем!” Але хоць бульбіну кіне ў торбу. Былі і такія, што выганялі з двара як сабак. Станеш за вуглом, плачаш… Гнілушкі ў полі збіралі, аднойчы пашчасціла гарох раздабыць. Зварылі, — а ён з мошкамі, ды з’елі, хоць пасля лездзьве не памерлі ад пераядання.

Вясной і летам стала лягчэй: варылі шчаўе, збіралі ягады, грыбы. Сваячка дала бульбы на насенне, жыта, увосень ужо мелі свае прыпасы, завялі сякую-такую гаспадарку. Жабраваць сталі менш, нават пяць класаў школы скончыць змагла. А цяжкасці не змяншаліся: у калгасе за працадзень зараблялі капейкі, ды й  іх выплочвалі толькі ў канцы года. Неяк выжылі, верылі: заўтра будзе лягчэй, акрыяе зямля ад ваеннага ліхалецця”.

Бацькі марылі выгадна выдаць замуж працавітую прыгажуню-дачушку, здатную да ўсяго. Многа хлопцаў у сваты прыходзіла, адказвала: які замуж, дзіця яшчэ горкае! “Абраннікам стаў хлопец з Аканавіч, — успамінае Соф’я Сцяпанаўна, — якога пасваталі мне, 22-гадовай дзяўчыне, родныя бацькоў. Згулялі сціплае вяселле, пераехала да мужа ў Аканавічы, там нарадзіўся першынец, сынок Саша (зараз жыве ў Мінску, выхаваў дваіх дзяцей). Колькі я перажыла з ім! З’явіўся на свет хлопчык сямімесячным, ніхто не думаў, што жыць будзе. Два месяцы праляжала з ім у бальніцы, карміла грудным малачком з піпеткі, выхадзіла! Пасля дзевяці месяцаў акрэпла маё дзіцятка, стаў набірацца сілы! Праз некаторы час у хаце падрастаў і другі сынок, Коля. Жыццё, хоць і беднае, паціхеньку наладжвалася”.

Кустанайскі перыяд жыцця

У Кустанайскую вобласць маладая сям’я завербавалася па парадзе пляменніка, які ўжо асталяваўся ў хлебным краі. Рызыкнулі, паехалі ў 1960 годзе ў невядомасць. Дзякуючы працавітасці, прыроднай адказнасці ва ўсім, не прапалі сярод чужых людзей: руплівай жанчыне давяралі самыя адказныя ўчасткі работы. Спачатку працавала рабочай на таку, вагаўшчыцай, потым Соф’ю Сцяпанаўну пераманілі ў сталовую, пазней – прадаўцом у мясцовы магазін. І ўсюды яна атрымлівала граматы, удзячнасці. З часам сям’ю Дубко перасялілі ў цэнтральны пасёлак, дзе выдзелілі цудоўную трохпакаёвую кватэру з усімі выгодамі – жыві ды радуйся. Нарэшце адчулі сябе шчаслівымі, заможнымі, сытымі. А лёс распарадзіўся ізноў па-свойму.

Новы паварот лёсу

Соф’я Сцяпанаўна не стрымоўвае слёз: “З дому пачалі прыходзіць трывожныя пісьмы: бацька пасля інсульту ляжыць, прыкаваны да ложка. Прыехалі праведаць – так і засталіся, бо матулі патрэбна была дапамога. Пасяліліся ў роднай хаце, уладкаваліся з мужам у мясцовы калгас. Даглядзела тату, маму, спраўлялася з адказнымі абавязкамі кладаўшчыцы на калгасным складзе, трымала вялікую гаспадарку, яшчэ на пенсіі 15 гадоў рупілася на розных работах у калгасе, паспявала і ў царкоўным хоры спяваць, дзеткам дапамагаць. Калі стала падводзіць здароўе, сын Мікалай пераехаў з Мінска да мяне, працуе вартаўніком на калгасным свінакомплексе. Я б без яго прапала, асабліва цяпер, калі абязножала пасля пералому нагі. Ён, як маці, мяне разумее, не грэбуе маім станам, на яго плячах дом, догляд за мною. Залаты ў мяне сын. Старэйшы Саша, нявесткі, унукі не забываюць, прыязджаюць; вяскоўцы, сяброўкі, свяшчэннік таксама наведваюць, калгас не забывае, дзякуй усім за гэта!” І дабаўляе: “Цяпер жыць добра, адно толькі не лянуйся, нездарма ж мы так пакутавалі, каб нашы дзеці і ўнукі не ведалі гора. Адна малітва сёння ў мяне: каб людзі жылі з дабром у сэрцы, каб памяталі, што самае вялікае шчасце – гэта жыць пад мірным небам, быць здаровымі, спагадлівымі, чулымі, дапамагаць адзін аднаму ў бядзе. Так жыло маё пакаленне, па-другому нельга.”

Перадумоўваючы пачутае, хачу сказаць: “Нізкі паклон Вам, Соф’я Сцяпанаўна, за вялікасць Вашай душы, за залатое сэрца, за чысціню Вашых думак, за высокую чалавечую годнасць. Вы – святы чалавек, дык няхай дапамагае Вам Бог у жыцці, няхай шчасце не пакідае Ваш дом. Хутчэйшага Вам выздараўлення! Дзякуй Вам за жыццёвую мужнасць!”

Галіна КАЛТУНОВА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий