Біць баклушы — не модна! Таму карэліцкая моладзь летам працуе

У сельгаскааператывах, прадпрыемствах, арганізацыях Карэліцкага раёна функцыянуе 4 студэнцкія атрады. Журналіст раённай газеты «Полымя» сустрэўся з некаторымі, каб даведацца, якую карысць дзяўчаты і юнакі атрымліваюць ад сваёй працы.

 Золата лапатамі грабуць

У ДП «Лукі-Агра» завіталі на зернесушыльны комплекс. З маладымі памочнікамі мясцовай гаспадаркі сустрэліся на збожжатаку, дзе яны зграбалі зерне і ладкавалі яго на даволі высокі залаты холм. Тут і давялося пагутарыць са студатрадаўцамі.

Максім РАКАЧ,

студэнт Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа:

— У студатрадзе працую чацвёртае лета. У гаспадарцы давяраюць адказную работу. Летась таксама працаваў на гэтым комплексе. Мне падабаецца: уносіш свой уклад у агульны каравай. Мой бацька Ігар Міхайлавіч працуе аператарам на КЗСе. Атрымліваецца, што ў нас гэта сямейнае.

Аляксей КАЗЛОЎСКІ,

выпускнік Лукскай сярэдняй школы:

— Лічу, што студатрады патрэбныя. Ёсць магчымасць правесці летні час з карысцю і зарабіць грошай. Я ўжо не першы год заняты — і вынікамі працы задаволены. Праца ёсць праца, ад яе заўсёды карысць. Тым больш, што маладыя рукі ў сельскай гаспадарцы не лішнія.

Уладзіслаў КАВАЛЬЧУК, вучань 11 класа Лукскай сярэдняй школы:

— На збожжатаку працую ўпершыню, летась быў заняты на праполцы буракоў. Галоўнае тое, што карысць ад нашай працы ёсць, ды прывучаемся да яе. Не менш важна: яна згуртоўвае, становімся сябрамі. Ды працуем на роднай зямлі, ад чаго атрымліваем задавальненне.

Данііл САМЕЦ, вучань 11 класа Лукскай сярэдняй школы:

— На першы погляд, мы робім звыклую працу. У мінулым годзе ўбіралі пустазелле на палетках мясцовай гаспадаркі, а зараз на тэрыторыі збожжатока наводзім належны парадак. Усё роўна карысць ад нашых рук ёсць, для нас — двайная: прывучаемся да працы і зарабляем свае грошы.

Як адзначыла загадчык збожжавага склада КЗС-30 ДП «Лукі-Агра» Таццяна Паўлаўна Фурс, члены студэнцкага атрада стараюцца працаваць добрасумленна, а  работнікі комплексу імкнуцца падтрымліваць іх у працы.

І праца, і адпачынак

Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» сустрэў сваёй маляўнічасцю і непаўторнасцю. Працаваць у гэтым куточку трэба лічыць вялікай узнагародай лёсу — праца прыносіць адно задавальненне. У гэтым пераканаліся падчас сустрэчы з членамі студэнцкага атрада — выхавальнікамі лагера.

Крысціна Уладзіміраўна ЛАПАЦКАЯ, выпускніца Лідскага педагагічнага каледжа:

— Мае выхаванцы — дзеці ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў. З імі даволі лёгка, бо ўжо не першы год працую выхавальнікам. Яны з Карэліччыны і іншых гарадоў. Асабліва любяць спорт, а таксама спяваюць і танцуюць, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах.

Я сама адпачывала ў «Вясёлцы «і пераканалася ў тым, што гэты маляўнічы куточак застаецца ў сэрцы. Сюды дзеці хочуць вярнуцца зноў і зноў, бо знаходзяць тут сяброў, іх прываблівае возера Свіцязь, чакае шмат цікавых і карысных спраў. Для нас, выхавальнікаў, гэта аддушына ў наш бурлівы час: поруч з любімай працай атрымліваеш асалоду для душы.

Анастасія Валер’еўна ЛІТВІН, выхавальнік чацвёртага атрада:

— Калі любіш дзяцей і жывеш на пазітыве, то ўсё атрымаецца. Не трэба звяртаць увагі на праблемы, а іх вырашаць. У мяне ёсць невялікі вопыт: год працую настаўнікам замежнай мовы ў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы».

Кірую гуртком «Танцуем разам», усе мае выхаванцы танцуюць і спяваюць. Разам мы атрымліваем вялікую асалоду. Здаецца, што ты дзесьці далёка, не адчуваеш узрост, і ты нароўні з дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Для іх — гэта дом, куды яны прыязджаюць з радасцю кожны год.

Наша змена мае назву «Лідар», а гэта азначае, што тут мы вучымся ўпэўненасці ў сабе, ініцыятыўнасці, дысцыпліне, расшыраем кругагляд.

Кацярына Генадзьеўна ПУЧКО, студэнтка 3 курса Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка:

— Я працавала на другой змене і працягваю працаваць на трэцяй. Мне падабаецца быць з дзецьмі і бачыць у іх агеньчык, ад іх зыходзіць ініцыятыва. Яны розныя па ўзросту і па сваіх захапленнях, але з імі лёгка і проста, бо яны слухаюць, запамінаюць, паважаюць. Праца выхавальніка цікавая і адказная, я вучуся ў дзяцей, а яны ў мяне.

Працуеш у студэнцкім атрадзе не дзеля грошай — гэта другараднае. Галоўнае — любоў да дзяцей, без гэтага няма сэнсу працаваць і быць выхавальнікам. А яшчэ трэба моцна любіць маленькую радзіму. Карэліччына —  мой дом, тут мая сям’я, прыязджаеш сюды і ўжо адчуваеш сябе шчаслівым. У «Вясёлцы» можна раскрыць сябе, адпачыць, набыць веды, сустрэць сяброў.

Як адзначыла старшы выхавальнік ДАЛ «Вясёлка» Таццяна Анатольеўна Шэўка, у студэнцкім атрадзе працуюць выхавальнікамі студэнты  Нясвіжскага педагагічнага каледжа, Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама  настаўнікі  школ Карэліцкага раёна і г. Гродна. Усяго 18 выхавальнікаў, якія імкнуцца працаваць з дзецьмі, яны хутка пасябравалі, у іх з’явіліся агульныя інтарэсы, яны жывуць адной сям’ёй.

Нават запорная арматура па плячы

Яшчэ адна сустрэча адбылася ва ўстанове «Рэдакцыя газеты «Полымя». Работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ завіталі, каб адрамантаваць цеплавы вузел нашай установы. Сярод іх былі і рабяты са студэнцкага атрада.

«Вельмі добра, што ствараюцца студатрады — гэта нашы памочнікі. Па-першае, ідзе падрыхтоўка ацяпляльнай сістэмы да зімы, добраўпарадкаванне вуліц і прылягаючых тэрыторый, і моцныя маладыя рукі вельмі неабходныя. Яны працуюць не першы год, і заўсёды брыгады сфарміраваны з працавітых і добрасумленных юнакоў, якія хочуць не толькі зарабіць, але чамусьці навучыцца ў працэсе працоўнай дзейнасці. Пры выкананні работ не ўзнікае пытанняў з дысцыплінай, захаваннем тэхнікі бяспекі, выкананнем заданняў. Яны ўвесь час працуюць пад маім кіраўніцтвам, і іх працай задаволены», — сказаў пры сустрэчы майстар Карэліцкага РУП ЖКГ Браніслаў Іосіфавіч Валчэцкі.

Вось якімі меркаваннямі падзяліліся навучэнцы Карэліцкага будаўнічага ліцэя Дзяніс Зайко і Дзмітрый Палуян:

— Другі год у студэнцкім атрадзе. Летась працавалі паляводамі ў КСУП «Племзавод «Карэлічы»: палолі буракі і сушылі рапс. Сёлета прыняты на ўчастак добраўпарадкавання, займаемся падрыхтоўкай аб’ектаў да зімы. Навучыліся абслугоўваць цеплавузлы, праводзіць рэвізію запорнай арматуры. Гэта цікава і не складана, патрабуе пэўных навыкаў. Спадзяёмся, што ў жыцці спатрэбіцца.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий