Об итоговой аттестации учащихся 11 классов рассказывает начальник отдела образования Ирина Осташевич

Канец навучальнага года – гарачая пара для выпускнікоў школ. У іх пачынаецца адзін з самых складаных перыядаў у жыцці, калі неабходна паспець зрабіць тысячу спраў.

Аб арганізацыі і правядзенні выніковай атэстацыі навучэнцаў 11 класа расказвае начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

— Сёлета ў раёне 76 выпускнікоў. Усе яны ўжо вызначыліся з прадметамі, па якіх  будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен, і цяпер змяніць выбраны імі прадмет нельга.  Рэгістрацыя была завершана 5 красавіка. Паводле яе дадзеных, выпускнікі школ раёна 27 мая будуць здаваць ЦЭ па выбары  па сямі прадметах (матэматыка – 40 чалавек, гісторыя Беларусі – 10, грамадазнаўства  – 8,  хімія і англійская мова – па 6,  біялогія і фізіка – па 3).

30 мая   24 выпускнікі  будуць здаваць ЦЭ па рускай і 52 – па беларускай мовах.

Вызначаны пункт правядзення ЦЭ – гэта сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы.  Створаны экзаменацыйныя камісіі, вызначаны адказныя, якія будуць працаваць у аўдыторыях, распрацаваны графікі падвозу выпускнікоў да пункта правядзення іспытаў. Калі навучэнец справіўся з заданнямі хутчэй, то  на пункце правядзення экзаменаў прадугледжана асобнае памяшканне з асобным уваходам.

Што тычыцца шкалы ацэнкі цэнтралізаванага іспыту, то   яна не змянілася.

– Шкала ацэнкі ЦЭ вядомая, з кастрычніка мінулага года яна размешчана на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яна выкарыстоўвалася і пры правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання, і пры правядзенні рэпетыцыі ЦЭ. Яна ж будзе выкарыстоўвацца і пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў 2024 годзе, – падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама.

Кацярына КУКАНАВА