Раритетные грампластинки с записью поэмы «Пан Тадеуш» получила в дар Кореличская библиотека

Ураджэнец Карэліччыны Міхаіл Чубрык, які паўстагоддзя жыве і працуе ў Польшчы, падараваў Карэліцкай раённай бібліятэцы рарытэтныя грамафонныя пласцінкі 60-х гадоў з запісам паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

 — Мне было 11 гадоў, калі бацькі эмігрыравалі ў Польшчу, — расказвае Міхаіл, — тата вярнуўся з фронту з цяжкім раненнем, хворым страўнікам. Трэба было будавацца, а сіл бракавала. У Польшчы жыла радня па мацярынскай лініі, якія абяцалі падтрымку, таму бацькі вырашылі ехаць.

З гадамі нікуды не знікла любоў да роднага котлішча, якую малы беларусік правёз у сваім сэрцы праз мяжу. Шмат гадоў аб Беларусі ў доме сям’і Чубрык нагадваюць вышыванкі і драўляныя скульптуры, якія засталіся Міхаілу на бясцэнную памяць ад яго бацькоў. Дарэчы, тата Міхаіла Чубрыка, таксама Міхаіл, быў вядомым на ўсю акругу сталяром і адмысловым рэзчыкам па дрэве. Яго работы экспанаваліся і перамагалі на абласных і рэспубліканскіх выставах-конкурсах. Прыроджаны талент у свой час дапамог і Міхаілу Міхайлавічу знайсці сябе: ён разам з жонкай і сынам рэстаўрыруюць старажытную мэблю.

Міхаіл Чубрык лічыць, што мову прадзедаў трэба шанаваць і перадаваць наступным пакаленням, дзе б ты ні жыў. Таму сын Павел добра ведае бацькаву мову. Як кажа сам Міхаіл, з гадамі яго цягне на малую радзіму ўсё мацней: мілы той куток, дзе рэзалі пупок.

— 2018 год азнаменаваны 220-годдзем з дня нараджэння польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча, — адзначае Міхаіл Чубрык, — таму, збіраючыся ў чарговы раз на Радзіму, вырашыў падараваць карэліцкай грамадскасці набор грамафонных пласцінак з запісам паэмы «Пан Тадэвуш». Што павязу назад? Добры шматок сала! Мая стрыечная сястра Ніна з Забердава кожны мой прыезд ладкуе з сабой добры пакунак дамашніх гасцінцаў. Да аладак са скваркай па-беларуску прынаравіліся і мае сябры ў Польшчы.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий