В ГП «Луки-Агро» каждый год получают более полутонны меда

Што мы ведаем пра пчол, акрамя таго, што яны апыляюць кветкі і старанна перапрацоўваюць пылок у душысты мёд, які з’яўляецца ўніверсальным сродкам пры прастудзе? Бадай што, нічога. На самой жа справе жыццё меданосных насякомых не настолькі прымітыўнае, як здаецца на першы погляд. Для таго, каб пераканацца ў гэтым, журналісту «Полымя» не прыйшлося выязджаць за межы Карэліччыны.

ДП “Лукі-Агра” добра вядома сваімі поспехамі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. А ці многія жыхары раёна ведаюць, што менавіта тут знаходзіцца самы старажытны і адзін з буйнейшых пчальнікоў раёна? Немагчыма гаварыць пра мясцовае пчалярства, не ўбачыўшы на свае вочы рады вулляў і руплівую стараннасць пчол. А яшчэ неабходна пачуць той своеасаблівы гул, які стаіць у наваколлі пчальніка апоўдні, калі назіраецца найбольшая актыўнасць крылатых працаўнікоў.

– Пчальніку гаспадаркі налічваецца больш 40 гадоў, і на сённяшні дзень тут знаходзяцца 43 вуллі, у кожным з якіх змяшчаецца пчаліная сям’я, – дзеліцца пчаляр ДП “Лукі-Агра” Сяргей Аляксандравіч Вайніла, які працуе на гэтай пасадзе чацвёрты сезон, але цікавіцца пчалярствам шмат гадоў. – Яшчэ з дзяцінства лічу, што вуллі — прыкмета гаспадарлівасці, якой я прытрымліваюся і да сённяшняга дня.

Не толькі існаванне, але і далейшае развіццё пчальніка ДП “Лукі-Агра” з’яўляецца магчымым толькі дзякуючы зацікаўленасці і ініцыятыве старшыні гаспадаркі Мікалая Аляксандравіча Гавіны.

– Мікалай Аляксандравіч заўсёды падтрымлівае ўсе прапановы, якія датычаць развіцця пчальніка. Аднойчы фізік Альберт Эйнштэйн адзначыў: “Пасля таго, як загіне апошняя пчала, чалавецтву застанецца жыць чатыры гады”. Вельмі шматзначныя словы, якія адлюстроўваюць ролю гэтых насякомых у падтрыманні экалагічнай раўнавагі, – падзяліўся пчаляр ДП “Лукі-Агра”. – Сёння робіцца шмат для развіцця пчальніка гаспадаркі: у маі бягучага года 25 пчаліных сямей адзначылі наваселле ў новых вуллях Дадан, якія названы ў гонар амерыканскага пчаляра і вельмі зручныя ў выкарыстанні. Да таго ж на працягу апошніх двух гадоў закупілі такія селекцыйныя пароды пчол, як Краінка, Карпатка і Бакфаст, якія вельмі міралюбныя.

Тым не менш, знаходзячыся на тэрыторыі пчальніка побач з тысячамі меданосных насякомых, нельга было не адчуць пэўны адрэналін. Але вопытны пчаляр запэўніў, што пчолы джаляць у двух выпадках: каб абараніць сябе і сваю сям’ю. Яшчэ насякомыя не любяць рэзкіх пахаў, напрыклад, адэкалону альбо  спіртных напояў.

– Ёсць у нас вулей, дзе жывуць пчолы сярэднярускай пароды. Вось яны сапраўды агрэсіўныя. Набліжацца да іх нікому не параю, – папярэдзіў Сяргей Вайніла.

Той, хто лічыць, што зімой крылатыя працаўнікі западаюць у спячку, глыбока памыляецца. На самой справе галоўная задача пчол у зімовыя месяцы – добра сілкавацца, выпрацоўваць цяпло і захаваць сваё жыццё і жыццё ўсёй сям’і. Асноўнымі ворагамі насякомых з’яўляецца голад і пчаляр. Чалавек, думаючы, што пчолам холадна, уцяпляе вуллі, у выніку чаго ў іх павышаецца вільготнасць і меданосы могуць зледзянець і загінуць. Нізкіх тэмператур пчолы не баяцца і добра пераносяць сучасныя зімы, калі высокія маразы становяцца хутчэй выключэннем, чым заканамернасцю.

– Апошнія гады ўжо ў лютым назіраліся плюсавыя тэмпературы, таму пчолы выляталі на ачышчальны аблёт. У гэты ж час у вуллях з’яўляецца пчаліная дзетвара, так званы расплод, – з веданнем справы расказвае пчаляр. – У красавіку, калі зацвітаюць першыя кветкі, пчолы пачынаюць актыўна працаваць. Праз некаторы час, калі сады стаяць у квецені, меданосам і зусім раздолле. Менавіта ў сярэдзіне альбо канцы мая першы раз адкачваем вясенні мёд, якога атрымліваецца дзесьці 300-350 кілаграмаў. Да 15-20 жніўня працавітыя насякомыя могуць назбіраць яшчэ такую ж вагу карысных лекаў. Большасць мёду ідзе на рэалізацыю, які прадаецца ў магазіне гаспадаркі ў цэнтры аграгарадка па цане 10 рублёў за кілаграм. Дарэчы, многім гараджанам, якія прыязджаюць на лукскую зямлю, вельмі падабаецца экалагічна чысты прадукт мясцовых меданосаў.

Скрыня з мёдам – гэта бачны вынік шматдзённай працы руплівых пчол. Але ёсць і іншая, на першы погляд непрыкметная выгода дзейнасці насякомых для сельскай гаспадаркі. Навукова даказана, што ўраджайнасць рапсу пры апыленні пчоламі павялічваецца на 30-40 працэнтаў. Да таго ж ураджай яблык, груш, сліў і чарэшні напрамую залежыць ад руплівасці крылатых працаўнікоў.

– Нашы пчолы ў некаторай ступені дапамагаюць і іншым гаспадаркам Карэліччыны, апыляючы рапс і грэчку, – адзначае пчаляр ДП “Лукі-Агра”.

Падчас наведвання пчальніка гаспадаркі давялося ўбачыць апошняе ноу-хау ў развіцці лукскага пчалярства – сотавы мёд у слоіках, да якога ніхто, акрамя пчалы і спажыўца, не дакранаецца.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий