8 августа любители усатых-полосатых отпраздновали Всемирный день кошек. Котолюбы Кореличчины рассказывают о своих питомцах

Міжнародны дзень кошак — неафіцыйнае свята, якое адзначаецца ва ўсім свеце 8 жніўня і набывае ўсё большую папулярнасць сярод уладальнікаў гэтых жывёл. Мы сустрэліся з гаспадарамі і іх гадаванцамі, якія пражываюць у Карэліцкім раёне, і даведаліся пра іх звычкі, любімыя месцы і далікатэсы.

Брытанец Тайфун

Международный день кошек Кореличи

Святлана Бунчук з Міра расказвае, што аб ласкавым брытанцы марыла даўно. А з’явілася гэтая мара дзякуючы рэкламе, галоўны герой якой у свой час заваяваў сэрцы многіх.

Завуць новага члена сям’і, які з’явіўся ў 2012 годзе, Тайфун. Але часам з-за своеасаблівых паводзінаў гаспадыня кліча яго Цунамі. Нягледзячы на ўжо не малады ўзрост, гэты прыгажун вельмі жвавы, цікаўны і спрытны.

Спіць Тайфун выключна на падушцы Святланы: калі не паспела легчы раней, шукай сабе месца сама. Калі хоча, каб яго пахвалілі, пачынае вастрыць когці: тады жанчына пачынае гаварыць кату кампліменты.

З ежы аддае перавагу сырой бульбе, таму ў Святланы ніколі не атрымліваецца спакойна яе пачысціць. Вельмі любіць ёгурт і суп, але есць толькі з той міскі, з якой гэта робіць сама гаспадыня. Калі ежу пакласці у персанальны посуд, Тайфун нават і не падыдзе.

На вуліцу гадаванца выпускаюць не часта – баіцца. А вось дазвол на спатканні з сяброўкай, суседскай кошкай, Святлана дае спакойна. Сустракаюцца Тайфун і Маруся часта, жывуць дружна.

Калі муж жанчыны тэрмінова едзе на выезд (а ён працуе пажарным), Тайфун лажыцца каля дзвярэй і чакае. Гадзіну, дзве, тры, – пакуль гаспадар не вернецца. Вітаецца брытанец таксама вельмі арыгінальна: гаспадару трэба нахіліцца і дакрануцца да яго носіка. Водныя працэдуры любіць, а вось пыласоса баіцца, таму хутка ўцякае і хаваецца куды-небудзь.

Іншым разам Тайфун у іх сям’і замест будзільніка: прачынаецца раней за гаспадара, ціхенька падкрадваецца і пачынае мяўкаць.

Сфінкс Доббі

Международный день кошек Кореличи

А вось гадаванец Наталлі Жук з г. п. Карэлічы мяўкаць не ўмее. Канадскі сфінкс Доббі, які летась пачаў жыць у іх сям’і, адзін выхоўвае сваіх трохмесячных кацянят – Кешу, Ліксі і Чычу. Адбылося так, што кошка Саміра трапіла пад машыну… Доўгі час жывёла не магла прыйсці ў сябе, нема крычучы і бегаючы па хаце, але час робіць сваё. Калі кацяняты з’яўляліся на свет, то прымаў іх сам Доббі, як бы дзіўна гэта не гучала. Кот перакусіў пупавіну і дапамог маленькім сляпым дзеткам з’явіцца на свет.

Мые Наталля свайго сябра часта, бо спецыфіка пароды складаецца ў тым, што жывёлы часта пацеюць. Цікавым фактам з’яўляецца і тое, што ядуць сфінксы вельмі шмат. Можна сказаць, пастаянна. Гаспадары кормяць Доббі ўсім, акрамя грэчкі, курыцы і рыбы, – яны выклікаюць алергію. Ёсць у ката і свая звычка, з-за якой ён вельмі любіць ездзіць у машыне. Магчыма, гэта засталося ад былой гаспадыні.

Маленькія кацяняты вельмі любяць паляжаць на працэсары. Вядома, з-за таго, што там цёпла. А вось тата аддае перавагу акну, на якім аднойчы атрымаў апёк. Справа ў тым, што скура сфінкса, якая амаль не пакрыта поўсцю, вельмі далікатная.

Цікавая рыса канадскіх сфінксаў у тым, што ў іх самі па сабе закручваюцца хвосцікі. Нават калі ты яго выпраміш, а потом адпусціш, усё вернецца ў свой звычайны стан.

Калі ў доме Наталлі з’явіўся гэты незвычайны па знешнасці гадаванец, жанчына ўвогуле забылася пра мух і мышэй. Як сапраўдны кот, Доббі старанна працуе ў якасці паляўнічага. Праўда, гэта тычыцца і кветак…

Гаспадыня расказвае, што ў хаце не засталося нічога жывога, акрамя кактуса. Што ж, у кожнага свой густ!

Вікторыя КАСЦЮК
Фота з сямейнага архіва сям’і Бунчук і аўтара

Добавить комментарий