1 сентября 15 учеников пошли в первый класс Красненской средней школы (фото)

У новым навучальным годзе на Карэліччыне за парты селі 1728 вучняў, з іх 188 першакласнікаў і … адзінаццакласнікаў.

Школьныя лінейкі ў гонар першага і апошняга званка, якія сталі звыклымі для нас, насамрэч для некаторых гарадскіх школ — раскоша. У гэтым пераканалася, калі пагутарыла са знаёмай, якая ў гэтым годзе павяла сваю дачку ў першы клас адной са сталічных школ. Дарэчы, бабуля маёй знаёмай жыве ў вёсцы Заполле Красненскага сельсавета.

— Бачыла ў інтэрнеце, як у Красным правялі свята першага званка і міжволі пазайздросціла, — сказала Таццяна ў тэлефоннай размове, — у нас усё прайшло сціпла, нават ніводнага паветранага шарыка на школьным ганку не было…

А ў Красным было ўсё: і шары, і кветкі, і віншаванні.

Намеснік старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце Вольга Яўгеньеўна Грыгаровіч павіншавала ўсіх, хто прыйшоў на ўрачыстасць, з Днём ведаў, і паведаміла, што на рахунак школы ад сельгаспрадпрыемства пералічана 500 рублёў. Старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Мікалаеўна Лейка кожнаму першакласніку (дарэчы, іх у гэтым годзе ў школе 15) уручыла кнігі ад Прэзідэнта краіны “Беларусь — мая Радзіма”.

Пад гукі залівістага званочка ўсе вучні рушылі ў школу, а мы з дырэктарам школы Наталляй Уладзіміраўнай Бурак аглядаем школьную тэрыторыю.

— У гэтым годзе мы пачалі ствараць экалагічную трапу, на якой дзеці змогуць вывучаць звычкі такіх насякомых, як пчолы, мураўі, — расказвае дырэктар.

За рослымі ялінамі прытаіліся міні-агароды, на якіх растуць морква, буракі, цыбуля і духмяныя травы. Тут дзеці вучаццца працаваць на зямлі. У мінулым годзе тэрыторыю школы ўпрыгожылі габіоны — каркасы з металічнай сеткі, запоўненыя натуральным каменем. Дарэчы, адно з упадабаных мясцовымі жыхарамі месцаў для фотасесій.

Між тым у школе пачаўся першы ўрок новага навучальнага года “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”. Сапраўды, з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

ФОТАГАЛЕРЭЯ СВЯТА

Добавить комментарий