Заслуженные награды, гостеприимное подворье, талантливые артисты. Кореличский район удивил гостей и участников областных «Дожинок» в Ивье (фото+видео)

Шчыра і самааддана працавалі – з душой і радасцю святкавалі. На абласных “Дажынках” у Іўі прадэманстравалі незлічоныя багацці Гродзеншчыны аграрнай, ушанавалі пераможцаў спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2018 года і паказалі сардэчнасць і гасціннасць жыхароў Прынёмання.

“Сёння абласныя “Дажынкі” прымае Іўеўскі раён – своеасаблівы, цікавы і працавіты”, – гэтыя словы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова яшчэ не раз падчас свята ўзгадвалі госці і ўдзельнікі ўрачыстасці. Бо Іўеўшчына сустракала кожнага яскрава, незабыўна і прыгожа.

Адным з самых прыцягальных і папулярных сярод гасцей і ўдзельнікаў месцам стала тэматычная пляцоўка “Талака”, дзе былі прадстаўлены падворкі ўсіх раёнаў вобласці і гаспадарак Іўеўскага края. Кожны куток тут меў уласную тэму, карэліччане абралі сімвалам сваёй лён. Наш падворак быў багаты і на відовішчы, і на песні, і на пачастункі. Адно смажанае ягня на ражне чаго каштавала!

Парадавалі на “Дажынках” гандляры і народныя майстры, якія прывезлі ў Іўе багата прадукцыі і сувеніраў у лепшых беларускіх традыцыях. А прамысловую магутнасць краіны прадэманстравалі выставы і прэзентацыі сельскагаспадарчай тэхнікі ад вядучых айчынных вытворцаў. Свайго гледача знайшла і экспазіцыя машын, на якіх у розныя часы ездзілі супрацоўнікі абласных і раённых арганізацый і служб. А 14 прадпрыемстваў прадставілі сваю прадукцыю на выстаўцы эканамічнага патэнцыялу Іўеўскага раёна.

Аматараў прыроды і братоў нашых меншых зачаравалі адразу некалькі цікавых аб’ектаў, сярод якіх – выстаўка паляўнічых сабак і шацёр Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”. А больш за ўсё гасцей свята ўразіла шоу конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора” з праграмай “Конніца Вялікага княства Літоўскага”.

Дзетак на “Дажынках” чакалі тэматычныя пляцоўкі для гульняў на набярэжнай. А яшчэ гэты маляўнічы куток Іўя парадаваў маленькіх гасцей свята, ды і дарослых таксама, выставай драўляных скульптур “Воднае царства Залатой рыбкі”. Дарэчы, карэліцкія майстры спецыяльна для яе зрабілі бабра.

Тым часам, моладзь сабралася разам на стадыёне, каб выбраць лепшых на Гродзеншчыне спартсменаў па выніках “Сельскай эстафеты” па матывах казкі “Калабок”. Не менш шчаслівыя маладыя твары можна было наглядаць і ў адкрытым падчас “Дажынак” скверы закаханых.

Журналісты Гродзеншчыны прывезлі на выстаўку “Зямля і людзі” свае лепшыя здымкі на сельскагаспадарчую тэматыку. Яшчэ адна цікавая фотаэкспазіцыя паказала гісторыю “Дажынак” у нашым рэгіёне.

Маштабна прайшло шэсце пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы сёлетняга ўраджаю. Яно завяршылася на плошчы каля галоўнай сцэны “Дажынак”, дзе ўзвышаўся трохметровы сімвал свята – кош “Багач”, напоўнены зернем з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Менавіта на гэтай пляцоўцы ўпершыню прагучаў гімн свята на словы ўраджэнца Іўеўшчыны Івана Карэнды.

Каля Дома культуры абралі лепшы сноп Гродзеншчыны – саламяны “шэдэўр” прыехаў на свята з Воранаўскага раёна. А самым смачным і прыгожым караваем Прынёмання, па выніках галасавання баранкамі, прызналі кулінарнае “дзіва” з Гродзенскага раёна.

Кульмінацыяй “Дажынак” стаў урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, у Іўеўскім цэнтры культуры і дасуга, які адкрыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён падкрэсліў выключную важнасць аграрнага сектара ў жыцці Прынёмання і той факт, што тут працуе кожны трэці заняты ў эканоміцы рэгіёна. Ды і ўклад вяскоўцаў у агульную скарбонку Гродзеншчыны даволі сур’ёзны: каля 15% – у валавы прадукт, а калі з перапрацоўкай – то і ўсе 40%.

– Удзельнікам сённяшняга свята добра вядома, што лёгкага хлеба не бывае. Сёлетняя ўборачная кампанія таксама не стала выключэннем. Надвор’е шматразова выпрабоўвала аграрыяў на моц духу, уменне аператыўна рэагаваць на выклікі прыроды. І хоць вынікі, на якія мы разлічвалі, дасягнуты не ва ўсім, але ў большым аграрыям няма ў чым сябе папракнуць. Вы шмат і адказна працавалі, каб закласці аснову добрага ўраджаю, – падкрэсліў губернатар.

Падчас урачыстага сходу прайшла цырымонія ўручэння прэмій пераможцам спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2018 года “Людзям працы – гонар і пашана!”

Карэліцкі раён за дасягненне высокіх паказчыкаў па выніках абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін заняў 2 месца. Таксама старшыня райвыканкама Віктар Шайбак і першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Коршун прымалі віншаванні ад губернатара з другімі месцамі па нарыхтоўцы травяных кармоў і ў галіне жывёлагадоўлі.

Сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня 2 месца ў вобласці заняў Валерый Якімовіч (СВК “Свіцязянка-2003”), сярод галоўных аграномаў у намінацыі “Намалот звыш 9 тысяч тон зерня” 2 месца заслужана атрымаў Андрэй Казлоўскі (СВК “Маяк-Заполле”), а абсалютным пераможцам сярод галоўных інжынераў стаў Алег Анікій (СВК “Маяк-Заполле”).

Свінакомплекс “Лукі” (начальнік Аляксандр Сак) па выніках працы быў прызнаны лепшым у вобласці сярод свінагадоўчых комплексаў і ферм з пагалоўем свіней не менш за 4 тысячы галоў. Таксама прадпрыемства “Лукі-Агра” прывезла з “Дажынак” 3 месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія маюць свінагадоўчую галіну. Дарэчы, яго дырэктар Мікалай Гавіна быў адзначаны Падзякай Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

МТК “Райца” СВК “Свіцязянка-2003” (упраўляючая Таісія Харошка) заняў 3 месца сярод малочна-таварных фермаў з пагалоўем не менш за 400 кароў.

Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь атрымаў трактарыст-машыніст КСУП “Племзавод Карэлічы” Аляксандр Салавей.

Ганаровымі граматамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў былі адзначаны адпаведна трактарыст-машыніст прадпрыемства «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Міхаіл Лучко і кіраўнік аддзялення СВК “Жухавічы” Генадзь Каласоўскі.

Галоўны заатэхнік СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Саўко вярнуўся на малую радзіму з Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Не абыйшлі ўвагай на “Дажынках” і ветэранаў працы. Ад Карэліччыны на ўзроўні вобласці ўшанавалі былога агранома ДП “Царука” Тамару Аляксандраўну Гуцуляк.

Асобнай старонкай на абласным свяце ўраджаю сталі выступленні як артыстаў з усёй Гродзеншчыны, так і сталічных зорак. Днём на канцэрце “Ні мяжы, ні краю для гродзенскага багатага ўраджаю” на набярэжнай не сціхалі спевы ды танцы. А выступленне артыстаў рэспубліканскага праекта Федэрацыі прафсаюзаў “Мы разам” так разагрэла гледачоў, што яны нават забыліся пра марознае надвор’е. Завяршылася абласное свята на гарадской плошчы дынамічна і музычна канцэртамі ансамбля “Песняры”, гурта “Дразды” і маладзёжнай дыскатэкай.

11-гадовы іўеўчанін Артур Каравай з захапленнем расказаў, як змяніўся родны горад: “Ён такі прыгожы, усе радасныя і шчаслівыя. Так шмат і народных майстроў, і артыстаў, і гасцей! Аж вочы разбягаюцца!”  Карэліцкі артыст Васіль Чартко прыехаў на абласныя “Дажынкі” ў другі раз: “Выдатнае, доўгачаканае і шырокамаштабнае свята! Людзі столькі працавалі, каб апынуцца тут. І мы, артысты, зрабілі ўсё, каб падарыць прысутным цудоўны настрой і яркія эмоцыі”. Сяргей Смурага, заатэхнік з Дзятлаўскага раёна, паспеў не толькі атрымаць асалоду ад свята, але і паўдзельнічаць у спартакіядзе: “З нецярпеннем чакаў гэтае свята ў Іўе. Эмоцый шквал! А якія шыкоўныя падворкі! Адным словам, адпачываю душой”.

Фестываль-кірмаш “Дажынкі” ў Іўі ўсім запаў у сэрца. А эстафету абласнога свята ўраджаю прыняла Смаргонь.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і Вікторыі КАСЦЮК
Відэа аўтара

??ЗАПРАШАЕМ У ІЎЕ!??

??СНАПЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ??

??КАРАВАІ ПРЫНЁМАННЯ??

??ГАСЦІННЫ КАРЭЛІЦКІ ПАДВОРАК??

??ВАНДРУЕМ ПА ПАДВОРКАХ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ??

??ЗНАЁМІМСЯ З УДЗЕЛЬНІКАМІ ШЭСЦЯ??

??УРАЧЫСТА АДКРЫВАЕМ «ДАЖЫНКІ»!??

??ВІНШУЕМ З УЗНАГАРОДАМІ, КАРЭЛІЧЧЫНА!??

??БЕЛАРУСКІЯ ЗОРКІ НА «ДАЖЫНКАХ»??

Добавить комментарий