Ученический потенциал и учительский опыт — успешный тандем. Кореличские школьники блестяще выступили на областном этапе республиканской олимпиады по учебным предметам

Яны — залаты фонд Карэліччыны. Яны — інтэлектуальны гонар раёна. Яны — паспяховыя ўдзельнікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, які прайшоў у г. Гродна з 8 па 12 студзеня бягучага года.

? Вучаніца 11 “А” класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы Вераніка ШУМЧЫК атрымала Дыплом II ступені па прадмеце “Біялогія”:

– Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх двух гадоў прымала ўдзел у абласных і рэспубліканскіх этапах алімпіяды, без хвалявання не абышлося. Але я адчувала неверагодную падтрымку настаўніка біялогіі Ганны Канстанцінаўны Шклярж, якая кожную раніцу мне давала адну і тую ж устаноўку: “Усё атрымаецца”. Безумоўна, без напружанай працы па падручніках, энцыклапедыях, дапаможніках, інтэрнэт-крыніцах без выхадных і святочных дзён нічога б не атрымалася. Сёння біялогія вельмі хутка рухаецца наперад, таму неабходна пастаянна быць у курсе апошніх навуковых даследаванняў і адкрыццяў.

Абласная алімпіяда складалася з двух этапаў – тэарэтычнага і практычнага. Калі з тэорыяй было практычна ўсё зразумела, то наконт практыкі я хвалявалася. У кабінетах біяхіміі і мікрабіялогіі, фізіялогіі раслін і жывёл, генетыкі і малекулярнай біялогіі мы атрымалі пэўныя заданні, час выканання якіх быў абмежаваны. Але папярэдні алімпіядны вопыт адыграў станоўчую ролю, і я атрымала высокія балы.

У сакавіку пройдзе рэспубліканскі этап алімпіяды па навучальных прадметах, у якім я буду прымаць удзел. Таму расслабляцца пакуль што рана, неабходна працаваць.

? Вучаніца 11 “Б” класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы Дар’я КОНЮХ атрымала Дыплом III ступені па прадмеце “Беларуская мова і літаратура”:

– У абласным этапе алімпіяды ўдзельнічала ў трэці раз. У дзявятым класе выступіла дастаткова паспяхова, атрымала Грамату Галоўнага ўпраўлення адукацыі. На наступны год балы былі высокія, але супернікі аказаліся мацнейшымі. Сёлета мабілізавала ўсе свае сілы і палепшыла вынік. Абсалютна ўпэўнена ў тым, што заваяваны дыплом – гэта вынік нашай сумеснай працы з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Надзеяй Іванаўнай Гурын, якая прывіла любоў да прадмета і ўсяліла ўпэўненасць у тым, што ўсё атрымаецца. Безумоўна, падчас конкурсаў вельмі хвалявалася, але знешне імкнулася заставацца спакойнай. Найбольш напружаным аказаўся трэці этап алімпіяды, падчас якога неабходна было падрыхтаваць вуснае выказванне на прапанаваную тэму. Да таго ж вёўся відэазапіс выступленняў усіх удзельнікаў алімпіяды, што стварала дадатковае псіхалагічнае напружанне. Тым не менш агульная абстаноўка была вельмі сяброўская. Акрамя таго, я адчувала падтрымку родных, блізкіх і сяброў, знаходзячыся на вялікай адлегласці ад дому. Атрымаўшы перамогу ў алімпіядзе, я ў чарговы раз зразумела, што толькі плённая праца і ўпэўненасць у сабе прывядуць да жаданых поспехаў.

? Вучань 11 класа Цырынскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Мацвей АДАМУШКА ўзнагароджаны Дыпломам III ступені па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”:

– Спытаеце, ці задаволены сваім вынікам? Больш чым. Едучы на алімпіяду ў Гродна, нават не мог разлічваць на такі поспех. Адразу хочацца выказаць падзяку настаўнікам фізкультуры нашай школы Міхаілу Паўлавічу Бындзе і Віктару Антонавічу Русаку, якія зрабілі шмат для маёй перамогі.

Спаборніцтвы па фізічнай культуры праводзіліся ўпершыню. Таму я дакладна не ведаў, што мяне чакае. Алімпіяда складалася з чатырох этапаў. На першым узроўні нам неабходна было адказаць на тэарэтычныя пытанні, якія датычыліся дасягненняў беларускіх спартсменаў, алімпіяднага руху, ведання правіл у розных відах спартыўных гульняў. Пытанні былі дастаткова складаныя, і я змог правільна адказаць на 25 пунктаў з магчымых 50. На другім этапе ўдзельнікі алімпіяды спаборнічалі ў плаванні. У нашай школе няма басейна, навыкі плавання набыў улетку на рэчцы і возеры Свіцязь. Перад спаборніцтвамі некалькі разоў ездзіў у басейн г.п. Гарадзея. Далей нас чакала здача нарматываў па фізічнай культуры: скокі з месца, падцягванне, нахілы ўперад. На апошнім этапе спаборніцтваў з прапанаваных гульняў я выбраў валейбол і выканаў усе заданні на выдатна.

Увогуле, займаюся фізкультурай, колькі сябе памятаю. Яшчэ ў дзяцінстве тата зрабіў мне турнік у дзвярным праёме, з якога, мабыць, і пачалася мая любоў да фізічных нагрузак.

? Вучаніца 10 класа сярэдняй школы №1 Анастасія КУЗЬМІЧ узнагароджана Граматай Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама па прадмеце “Беларуская мова і літаратура”:

– Перад тым, як трапіць на абласны ўзровень алімпіяды, паспяхова прайшла школьны і раённы этапы. Безумоўна, падтрыхтоўка да любога з узроўняў займае шмат часу і сіл. Ужо даўно прыйшла да высновы: калі хочаш дасягнуць пэўнага выніку, трэба мэтанакіравана і апантана працаваць.

Абласны этап алімпіяды складаўся з трох конкурсаў, падчас якіх неабходна было падрыхтаваць водгук на прачытаны твор, выканаць комплекснае заданне па мове і літаратуры і скласці вуснае выказванне на адну з тэм, прапанаваных у білеце. Гэты іспыт, дарэчы, і быў самым складаным: вельмі цяжка не разгубіцца перад вялікай аўдыторыяй і тэлекамерай. Увогуле, канкурэнцыя на абласным узроўні алімпіяды была непараўнальна высокая. Усе вучні сярэдніх школ Гродзеншчыны былі выдатна падрыхтаваны і накіраваны на поспех. Але напружаная праца, падчас якой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іванаўна Карп дзялілася сваімі ведамі і вопытам, накіроўвала мяне ў правільны бок і стымулявала на поспех, прынесла выдатны вынік, і дамоў я вярнулася з Граматай.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара