Новая футбольная площадка, жилье, супермаркет. Председатель Кореличского райисполкома Виктор Шайбак на встрече с коллективом средней школы №1 обсудил важные вопросы в жизни района

У Карэлічах плануецца адкрыццё новай футбольнай пляцоўкі на тэрыторыі сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак на сустрэчы з калектывам навучальнай установы.

— У гэтым годзе працягваецца рамонт харчаблока і трох навучальных класаў у сярэдняй школе №2 райцэнтра за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка развіцця, — адзначыў Віктар Шайбак. — Для чатырох устаноў адукацыі раёна набыты камп’ютарныя класы. Плануецца набыццё камп’ютараў на 21 тыс. рублёў, абсталяванне футбольнай пляцоўкі на тэрыторыі сярэдняй школы №1 гарпасёлка, набыццё аўтобуса для падвозу дзяцей з інваліднасцю ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання.

Таксама кіраўнік раёна распавёў і аб развіцці інфраструктуры. Так, у мінулым годзе ў райцэнтры праведзены капітальны рамонт дамоў № 3, 5, 7 па вуліцы Прытыцкага, заасфальтаваны вуліцы Я. Коласа, Кастрычніцкая, завулак Чырвонаармейскі, уладкаваны тратуарныя дарожкі па вул. Фаменкі і Жалезняковіча. Такім чынам у Карэлічах засталося заасфальтаваць менш за тры кіламетры вуліц. У першую чаргу добраўпарадкаванне закране вуліцу Зарэчная.

У першым квартале бягучага года пачне функцыянаваць міжраённае аддзяленне гемадыялізу на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Плануецца будаўніцтва дзвюх буйных крам гандлёвых сетак «Санта Брэмар» і «Віталюр» у Карэлічах. У выніку з’явіцца каля 150 новых працоўных месцаў.

Для жыхароў раёна будзе вырашацца кватэрнае пытанне. У бягучым годзе запланавана будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома па вуліцы 8 Сакавіка ў Карэлічах. Чакаецца рамонт Дамоў культуры ў аграгарадках Жухавічы і Краснае.

У цэлым па выніках працы за 2018 год у Карэліцкім раёне выканана большасць прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Усе прадпрыемствы ў Карэліцкім раёне спрацавалі з прыбыткам. Выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў сярэднім вырасла на 107,8%. Надой на адну карову склаў 6 032 кг. Як вынік Карэліцкі раён замыкае чацвёрку наймацнейшых раёнаў Гродзенскай вобласці па вытворчасці малака, займае другое месца па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы і свіней, трэцяе — па вытворчасці і ўраджайнасці збожжа. СВК «Свіцязянка-2003» утрымлівае трэцяе месца ў вобласці па вытворчасці малака на адну ўмоўную галаву — 9188 кілаграмаў.

— Паказчыкі ў раёна важкія, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — і гэтую дынаміку неабходна ўтрымаць.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара