Все мы родом из деревни. Интервью с председателем Кореличского райисполкома Виктором Шайбаком о главных наградах, заветной мечте и отцовских уроках

На мінулым тыдні Міністэрству сельскай гаспадаркі Беларусі споўнілася 100 гадоў. У Палацы Рэспублікі на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным юбілею і ўшанаванню перадавікоў аграпрамысловага комплексу, старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак удастоены Ганаровай граматы Савета Міністраў. У інтэрв’ю журналісту «Полымя» кіраўнік раёна расказаў пра сваю запаветную мару, любімы від спорту і бацькоўскія ўрокі.

? — Віктар Леанідавіч, што адчуваеце пасля атрымання такой высокай узнагароды?

— Безумоўна, гэта вельмі прыемна. Але адразу абумоўлюся, што гэта наша агульная заслуга: кіраўнікоў, спецыялістаў і работнікаў усіх арганізацый і прадпрыемстваў Карэліцкага раёна. І ў першую чаргу ўсё, што мы маем, створана рукамі простага сельскага працаўніка.

На сённяшні дзень вытворчыя магутнасці Карэліцкага раёна вельмі высокія. Гэта другое месца ў Гродзенскай вобласці па аб’ёмах продажу цукровых буракоў, чацвёртае — па надоі малака і сярэднясутачных прывагах свіней. Па ўраджайнасці ўсіх сельскагаспадарчых культур стабільна займаем другое месца.

? — Міністэрству сельскай гаспадаркі Беларусі споўнілася 100 гадоў. Што асабіста для Вас значыць гэтая дата?

— За гэты час у Беларусі змянілася многае: арганізаваліся калгасы, прагрымела вайна, падчас якой беларусы працягвалі вырошчваць хлеб, потым усе разам адбудоўвалі краіну, адраджалі аграрную галіну. Асабіста для мяне гэтая дата знакавая таму, што няма ў чалавека нічога даражэй, чым родная зямля, на якой мірна працуюць нашы людзі, ствараючы самае галоўнае для суверэнітэту любой дзяржавы — яе харчовую бяспеку.

Я сельскі чалавек, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, як і большасць з нас. 32 гады вытворчага стажу прысвяціў служэнню нашым сялянам і сельскай інтэлігенцыі. Таму адчуваю сваю прыналежнасць да гэтай даты.

Урачыстае мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі вельмі ўсхвалявала. Адбылася сустрэча з ветэранамі аграрнай вытворчасці не толькі вобласці, але і краіны ў цэлым. Як можна не захапляцца старшынёй калгаса імя «50 гадоў БССР» Рэчыцкага раёна Шпакавым Рыгорам Купрыянавічам, якому 85 гадоў. Адбылася сяброўская гутарка з нашым земляком, міністрам сельскай гаспадаркі БССР, першым міністрам сельскай гаспадаркі суверэннай Беларусі Фёдарам Уладзіміравічам Мірачыцкім, які хутка адзначыць 82-годдзе.

? — Віктар Леанідавіч, па спецыяльнасці Вы інжынер-механік, скончылі БАТУ. Свядома абралі сельскагаспадарчую галіну?

— Канешне. З ранняга дзяцінства мае бацькі прывілі мне любоў да вёскі, працы на зямлі. Іншых варыянтаў проста не было.

? — Успомніце, калі ласка, сваё першае месца працы і першы кіруючы пост. Чые ўрокі на гэтым этапе сталі для Вас лёсавызначальнымі?

— Першую кіруючую пасаду загадчыка гаражоў у калгасе «Маяк» заняў у 1987 годзе. Цяжкасцяў на практыцы ў мяне не ўзнікла: ва ўніверсітэце была добрая падрыхтоўчая база. Галоўная цяжкасць была ў тым, каб дапамагчы людзям атрымаць дастойную заработную плату. А для гэтага трэба было, каб тэхніка працавала, як гадзіннік, і прыносіла аддачу.

Урокі майго бацькі Леаніда Міхайлавіча заўсёды мне дапамагалі. Ён казаў так: «Сынок, трэба паважаць людзей, гэта галоўнае. Паважай іх — і ўсё атрымаецца».

? — Віктар Леанідавіч, раскажыце пра свой тыповы працоўны дзень і тыповы працоўны тыдзень.

— Працоўны дзень пачынаецца па-рознаму, у залежнасці ад пары года: з 5, 6 або 7 раніцы. Кожную раніцу я пракручваю ў галаве свой папярэдні працоўны дзень для таго, каб намеціць план на сёння. А бліжэйшы тыдзень заўсёды фарміруецца сумесна з маімі калегамі на агульнай планёрцы. Тут мы дзесьці на 95% намячаем пытанні, якія неабходна вырашыць на працягу тыдня, яшчэ 5% дапрацоўваем пазней.

Пасля планёркі праходзіць арганізацыя працы на месцах. На сёння самыя адказныя аб’екты — гэта аддзяленне гемадыялізу ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, харчблок у сярэдняй школе №2 г.п. Карэлічы, рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў. Я лічу, што самая галоўная задача любога кіраўніка — будаваць.

Студзень-люты — час, калі фарміруюцца вытворча-фінансавыя планы арганізацый і прадпрыемстваў. Тлумачым людзям, што трэба зрабіць, каб дасягнуць запланаваных вытворчых паказчыкаў. У Карэліцкім раёне ў вытворчай сферы вельмі высокая планка ўзята. Гэта 16 месца ў рэспубліцы па вытворчасці малака са 118 раёнаў. У 2018 годзе атрымана 6 032 кг малака на карову, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 721 г, свіней — 696 г. Наша задача — не зніжаць узятую планку.

? — Ці захапляецеся Вы якім-небудзь спортам, ці ёсць любімыя каманды, за якія хварэеце?

— У валейбол гуляю. Люблю канькі. Але не заўсёды атрымліваецца знайсці на гэта час. Любімая футбольная каманда — «Дынама-Мінск» узору 1982 года. Яшчэ клуб «БАТЭ». Вельмі люблю плаванне.

? — Ваша запаветная мара на пасадзе старшыні райвыканкама?

— Хачу, каб наступіў той дзень, калі ў Карэліцкім раёне будзе нараджацца больш насельніцтва, чым сыходзіць з жыцця. Безумоўна, для гэтага патрэбны новыя вытворчасці ў Карэлічах і Міры, тады і дэмаграфічная сітуацыя палепшыцца. У гэтым годзе ў раёне плануецца стварэнне 49 новых працоўных месцаў, колькасць якіх будзе паступова павялічвацца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара