Майскі канцэрт у Карэліцкай школе мастацтваў здзівіў хорам чатырох пакаленняў і флэшмобам «Вальс Перамогі» (фота+відэа)

?? Май напаўняе сэрцы беларусаў мелодыяй жыцця, гімнам міру. І Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў напярэдадні Дня Перамогі падарыла землякам гэтую юасаблівую вясновую музыку.

Поўная зала і цішыня. Чатыры пакаленні карэліччан і адна памяць, адна душа. Кожнае імгненне канцэрта “І ўсё пра тую вясну…” – гэта маленькая гісторыя вялікай падзеі, дзе праз музыку і паэзію перад вачыма гледачоў ажылі вобразы ваеннага мінулага нашага народа.

Выкладчыкі ўстановы разам з вучнямі на мове мастацтва распавялі пра драматычныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, нязломны дух нашых салдатаў і бязмежную радасць Перамогі. А вядучая канцэрта Сняжанна Каляда лёгка і яскрава правяла гледачоў франтавымі дарогамі мінулага ад аднаго творчага нумара да наступнага.

Зала не толькі атрымлівала асалоду ад выступленняў артыстаў, але і адказвала на пытанні віктарыны ды хорам спявала “Кацюшу”. Прычым з запалам удзельнічалі ўсе: і дзеці, і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Ад імя апошніх да юных талентаў школы мастацтваў з прывітальным словам звярнулася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Яфрэмава і падзякавала за цудоўны канцэрт.

Сапраўды, шчаслівыя гледачы за гадзіннікам не назіраюць. І прысутныя нават не заўважылі, калі загучала фінальная песня. Пра такія канцэрты кажуць “брава”, “прайшоў на адным дыханні” і “калі ласка, на біс”.

Але наперадзе гасцей свята чакала яшчэ некалькі прыемных бонусаў. У фае школы мастацтваў усе жадаючыя змаглі зрабіць здымак у атмасфернай фотазоне “Ёсць памяць, якой не будзе забыцця…” і пазнаёміцца з выставай работ выхаванцаў мастацкага аддзялення ўстановы “Пераможны май”.

Працягнулася святочнае мерапрыемства на плошчы 17 Верасня, дзе маленькія артысты разам з гледачамі зладзілі танцавальны флэшмоб “Вальс Перамогі”.

Завяршыўся незабыўны вясновы вечар таксама незвычайна. Юныя таленты выстраіліся ў гонар Дня Перамогі ў лічбу “9” і выпусцілі ў неба рознакаляровыя шары як абяцанне памятаць мінулае і будаваць мірную будучыню.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

?? ІМГНЕННІ ПАДЗЕІ