Не сидят на месте. Кореличские школьники проводят каникулы с пользой для себя и других

Летнія канікулы — доўгачаканы і любімы час для дзетвары, які яна праводзіць з карысцю і вельмі весела. Многія дзяўчынкі і хлопчыкі не толькі адпачываюць, а яшчэ і працуюць. Кішэнныя грошы ніколі не бываюць лішнімі.

Па словах дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Ліліі Арцюх, падчас летніх канікул дзеці працуюць два тыдні на месяц. Рабочы дзень кароткі, усяго чатыры гадзіны. Тым, хто хоча працаваць, павінна споўніцца 14 гадоў. Абавязкова наяўнасць медыцынскай даведкі.


Сёлета папрацаваць у бібліятэках раёна захацелі 23 чалавекі, з іх 17 ужо мелі такую магчымасць. Рабяты рамантуюць кнігі, падшывюць газеты і часопісы, выконваюць іншую працу ў Карэліцкай раённай і дзіцячай, Аюцавіцкай сельскай бібліятэках.

— Мая сястра Аліна летась працавала тут, і я таксама вырашыла паспрабаваць сябе на справе, — гаворыць вучаніца 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Рэната Юрго. — Даручаная справа ў бібліятэцы мне падабаецца — мы даём другое жыццё кнігам, і гэтыя творы хтосьці зможа яшчэ прачытаць і атрымаць ад гэтага вялікую радасць.

Па словах дзесяцікласніка ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Улада Маклюка, мастацкія творы ён чытае ў Інтэрнэце і бярэ ў школьнай бібліятэцы. А вось рамантаваць кнігі і часопісы для яго было ў навінку. «Падчас работы можна штосьці знайсці, каб потым пачытаць. Прыемны бонус — заработная плата. Гэта вельмі добра для моладзі летам, калі столькі вольнага часу», — гаворыць Улад.

Па словах начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі Гоцка, у раёне фінансуецца працоўная занятасць школьнай моладзі ў вольны ад вучобы час. Вучні школ раёна, а таксама навучэнцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа працуюць на базе ўстаноў адукацыі ў Жухавічах, Турцы, Красным, Райцы, Цырыне, Ярэмічах, Луках, Міры, Карэлічах, у Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Сёлета запланавана працаўладкаванне 106 чалавек з ліку моладзі, якая вучыцца ў нашых установах адукацыі. На гэтыя мэты будзе накіравана 18700 рублёў са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Па стану на 1 ліпеня 2019 года працаўладкавана 68 падлеткаў, з іх 4 стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, 6 выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. Выкарыстана 11933, 16 рублёў на аплату працы.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАСЦЮК