Как мёдом намазано! В агрогородке Цирин прошёл самый сладкий фестиваль этого лета (фоторепортаж)

На мінулым тыдні аграгарадок Цырын стаў цэнтрам самага смачнага і вясёлага фестывалю Карэліччыны – “Мядовага фэсту”. Свята праходзіць трэці год запар і набірае ўсё большую папуляр­насць, прыцягваючы на цырынскую зямлю не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з іншых раёнаў. Сёлета арганізатары так­сама падрыхтавалі разнастайную праграму, якая не дала сума­ваць пчалярам і ўсім аматарам карыснага ласунку.

Пачалося мерапрыемства з круглага стала, дзе ўласным вопытам і сакрэтамі майстэрства пад­зяліліся пчаляры Карэліччыны. Так, у жыццё Міхаіла Ада­мавіча Русака гэтая справа ўвайшла пяцьдзясят чатыры гады таму. Адной­чы, яшчэ будучы студэнтам Гродзен­скага музычнага вучылішча, хлопец прыехаў у родную вёску Дуброва, дзе неспадзявана для сябе ўбачыў нешта падобнае да саба­чай будкі…

– Уваходжу ў хату, абдымаю матулю і адразу пытаюся, калі яна паспела завесці сабаку і чаму мне аб гэтым не сказа­ла, – узгадвае той далёкі час мужчына. – А праз секунду чую, што гэта не будка, а… вулей! Менавіта з таго часу і пачалася справа ўсяго майго жыцця.

Першыя “жыхары” вулея з’явіліся на гаспадарскай ліпе, якая расла непадалёк ад хаты, а крыху пазней да Міхаіла Ада­мавіча ўвогуле прыляцеў цэлы рой. Вядома, спачатку справа не ладзілася: што з імі рабіць, як даглядаць? Але з цягам часу занятак прыносіў усё большае задавальненне і неўзабаве адзін вулей ператварыўся ў трынаццаць. Рабіць бізнес з улюбёнай справы жыхар вёскі Дуброва не хацеў: першапа­чатковай мэтай было дзяліцца мёдам з роднымі. У прынцыпе, так і сталася: смачны ласунак любяць і дзеці, і ўнукі, а сам Міхаіл Адамавіч на поўную сілу выкарыстоўвае карысныя якас­ці мёду з уласнай пасекі.

– Кожную раніцу мы з жонкай бяром шклянку цёплай вады і дадаем туды лыжку мёду. Ведаеце, для страўніка гэта вельмі карысная рэч, – дзеліцца рэцэптам Міхаіл Русак. – Акра­мя гэтага, мы дадаём мёд у аў­сянку, але не гарачую, а крыху астылую – іначай мёд губляе свае карысныя ўласцівасці.

А вось пастаянны ўдзельнік “Мядовага фэсту” Валерый Лісоўскі з Карэліч займаецца пчалярствам з 2003 года. На сённяшні дзень пасека мужчы­ны налічвае больш за семдзя­сят вулляў, а сам ён з’яўляецца ўдзельнікам Салігорскага міжрэгіянальнага аб’яднання пчаляроў “Бортнік” і членам Ваўкавыскага кааператыва “Наш мёд”.

– Самым папулярным у на­сельніцтва з’яўляецца чамусьці цёмны мёд, – уводзіць у курс справы Валерый. – Мабыць, гэта звязана з тым, што шмат людзей лічаць, быццам бы ў светлы мёд нешта падмешва­юць – муку, напрыклад. Але гэта, вядома, няпраўда. Увогу­ле, якасць мёду залежыць ад добрасумленнасці пчаляра, ад яго зацікаўленасці ў добрым прадукце.

Нягледзячы на вялікую коль­касць вулляў, часу на догляд за імі Валерыю хапае. Да таго ж дапамагае жонка і сын, якія цалкам падзяляюць інтарэсы карэліцкага пчаляра.

Удзел у цырынскім фестывалі дапамог Валерыю Лісоўскаму не толькі рэалізаваць прадук­цыю, але і атрымаць Дыплом І ступені ў намінацыі “Чэмпіён смаку”, які ў мужчыны ўжо далё­ка не першы.

Дарэчы, у спаборніцтве на самы смачны мёд уладаль­нікамі Дыпломаў ІІ і ІІІ ступеняў сталі Павел Макарэвіч і Улад­зімір Шамкаловіч суадносна.

На працягу свята гасцей чакалі інтэрактыўныя гульні і конкурсы, канцэрт у выкананні творчых калектываў Карэліц­кага раёна, а таксама алея майстроў “Творчы вулей”, дзе можна было набыць вырабы майстроў народнай і сучаснай прыкладной творчасці. Кулінар­ная пляцоўка пад гучнай назвай “Нам тут мёдам намазана” за­прашала дарослых і маленькіх аматараў мёду на пачастунак ад кулінараў, а на пляцоўцы “Кніжны рой” можна было прачытаць цікавыя і малавядо­мыя факты пра пчол.

– На “Мядовы фэст” ходзім трэці год запар, – расказваюць жыхаркі Цырына Алена і Жанна. – Тут весела, цікава і да таго ж – смачна. Увогуле, мёд ужываем не толькі ў ежу, але і з карысцю для арганізма: робім кампрэсы, якія спрыяюць больш хуткаму выздараўленню.

Зрабіць здымак у выглядзе пчалы або з бочкай мёду можна было на пляцоўцы “Фотавулей”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Карэліцкага раённага краязнаў­чага музея. Дарэчы, менавіта тут мы сустрэлі гасцей са сталі­цы – Аксану і Яўгенія з малень­кім сынам Ільёй.

– На выхадныя мы з мужам вырашылі завітаць да маёй матулі, – расказвае Аксана, – і падумалі: а чаму б не схадзіць на фестываль? Тут смачна, цікава і весела. Галоўнае, што сыну падабаецца – бачыце, як смяецца?

Напрыканцы фестывалю журы падвяло вынікі конкур­су на самую лепшую страву з мёдам, у якой Дыплом І ступені атрымала Людміла Гушчэня, другое месца засталося за Ганнай Раманчук, а “бронза­вым” прызёрам стала Варвара Таўлуй.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

? ФОТАГАЛЕРЭЯ ?