В Малюшичах играли в соломенный футбол, дрались мешками и мастерили обереги

 

Культурна-спартыўнае свята «Саламянае дэрбі» сабрала ў Малюшычах у мінулую суботу вяскоўцаў ад мала да вяліка. Самым відовішчным і эмацыйным момантам  стаў футбол на саломе, у які з задавальненнем гулялі дзеці, а хварэлі дарослыя.

 Майстар па саломапляценні, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вера Салдатава прыехала на свята ў Малюшычы з Райцы. Разам з мужам Аляксандрам яны жывуць у старажытнай сядзібе Раецкіх і займаюцца яе аднаўленнем. Шматлікія саламяныя вырабы Веры Яўгеньеўны ўпрыгожваюць музеі і прыватныя калекцыі не толькі Беларусі, але і замежжа. Напрыклад, адзін з саламяных зуброў адправіўся ў якасці падарунка прэзідэнту Венесуэлы. Асаблівы гонар майстрыхі — іканастас з саломкі, які яна стварала на працягу двух гадоў для музейнага комплексу “Дудуткі”.

— Калісьці ў Беларусі будавалі дамы, зробленыя з гліны і саломы, — расказвае жанчына. —  Гэтыя дамы былі вельмі дарагімі і запатрабаванымі, бо яны экалагічна чыстыя і энергазберагальныя. З саломы выраблялі нават падлогі таўшчынёй да 18 сантыметраў, якія вельмі добра ўтрымлівалі цяпло.

Госці свята з задавальненнем пазнаёміліся з выставай саламяных вырабаў майстрыхі і паўдзельнічалі ў майстар-класе па стварэнні абярэга.

— Для таго, каб саломка не ламалася, яе спачатку трэба замачыць, — расказвае майстар Карэліцкага раённага Дома рамёстваў Вольга Крышэнь. — Працаваць трэба з крыху вільготным матэрыялам. Важныя атрыбуты любога абярэга — гэта чырвоная нітка як сімвал жыцця і зерне як сімвал багацця. Абярэг можна ўпрыгожыць кветкамі і травамі. Такія амулеты з прыроднага матэрыялу беларусы з задавальненнем вешалі ў сваіх дамах.

Асаблівы ажыятаж сярод дарослых і дзяцей вызвала выступленне артыстаў народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” з Ярэміч. Ярома з Яроміхай, карова, конь, певень з курыцай, сабака ды коцік зладзілі шыкоўнае тэатралізаванае прадстаўленне.

Аматары рухомых гульняў спрабавалі свой спрыт у баях мяшкамі, скачках у мяшках і гульні ў футбол на саламяным полі. І ўсё гэта адбывалася пад акампанемент артыстаў з Іўеўскага раёна.

Вядома, раўнадушных на такім свяце не засталося. Ніна Маянская, якая прыехала са сваімі ўнукамі з Навагрудка, у захапленні ад мерапрыемства: “Вельмі добра, што такія святы ладзяцца ў нашых вёсках. Гэта робіць жыцццё людзей больш разнастайным. Сёння мой унук Мікіта скакаў у мяшку, атрымаў прыз. Вельмі задаволены. Госці з Іўя такія малайцы, канцэрт цудоўнейшы”.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара