Все начинается с мамы… Праздничный концерт в Кореличах, посвященный Дню матери, сорвал бурю оваций (фоторепортаж)

Дзень маці – гэта выдатная магчымасць выказаць шчырую ўдзячнасць матулі, сказаць ёй добрыя словы і прызнацца ў любові. 14 кастрычніка настаўнікі і выхаванцы Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, работнікі сферы культуры раёна скарысталі гэтую магчымасць на ўсе 100 працэнтаў і падрыхтавалі для карэліцкіх матуль святочны канцэрт пад назвай “Усё пачынаецца з мамы”.

Тысячы цёплых слоў і прыемных кампліментаў, вакальныя і харэаграфічныя нумары атрымалі ў якасці падарунка прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва падчас кранальнага да глыбіні душы мерапрыемства. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў.

– Дзень маці заснаваны ў 1996 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прымеркаваны да праваслаўнага свята — Пакроў Прасвятой Багародзіцы, – адзначыў Аляксандр Шкадаў. – Лічыцца, што ў 910 годзе ў Ерусаліме цудоўным чынам Багародзіца явіла сябе. Падчас набажэнства многія людзі ўбачылі ў небе Маці Божую, якая пакрывала ўсіх людзей шырокім белым покрывам, імкнучыся абараніць усіх дзяцей Божых. Так і кожная жанчына-маці заўсёды выступае ў якасці заступніцы сваіх дзяцей. На сённяшні дзень у рэспубліцы робіцца ўсё магчымае для таго, каб жанчыны змаглі ажыццявіць сваё прызначэнне — вырасціць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Радуе, што з кожным годам павялічваецца колькасць шматдзетных сямей, якіх на сённяшні дзень у краіне налічваецца больш за 80 тысяч. Кожнай жанчыне, якая носіць ганаровы тытул “мама”, хочацца пажадаць здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту. Няхай у вас будзе як мага больш нагод ганарыцца сваімі дзецьмі і іх поспехамі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў уручыў дыпломы і памятныя падарункі пераможцам раённага фотаконкурсу “Мама – маё шчасце”, які праводзіўся з 25 верасня па 11 кастрычніка. Шляхам анлайн-галасавання былі вызначаны лепшыя работы. Пераможцам у намінацыі “Два сэрцы, два жыцця” стаў Аляксей Шманай, у намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” – Алена Дуровіч.

Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас шматдзетных матуль, у якіх хапае цеплыні і любові на кожнага з любімых дзетак. На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне пражывае 226 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 734 дзіцяці.

Сапраўдным сюрпрызам для гледачоў і яркай фінальнай кропкай мерапрыемства стала дэфіле матуль, якія маюць траіх і больш дзяцей. Кожную з шасці сямей гледачы сустракалі бурнымі авацыямі. У святле сафітаў на святочную сцэну выйшлі Вераніка Кулак разам з двума сынамі і дзвюма дачушкамі, Юлія Шахрай, Наталля Шпакоўская і Наталля Падсявалава, у сем’ях якіх выхоўваецца па трое дзяцей, Вольга Маковік, маці пецярых дзяцей, у суправаджэнні дзвюх дачок і двух сыноў. Ганне Дзмітровіч разам з трыма сынамі і чатырма дачушкамі цалкам запоўненая глядзельная зала апладзіравала стоячы. Вось яны, сапраўдныя гераіні, для якіх шчасце ўвасабляецца ў радасных дзіцячых усмешках. Цудоўнымі падарункамі для матуль сталі кветкі ад іх дзяцей і арганізатараў канцэрта, а таксама салодкія кампліменты ад раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

ФОТАГАЛЕРЭЯ