Невозможное возможно. Жизнь с протезом: Николай Похолок из деревни Любаничи — о войне, ранении, ампутации и любви

Як жыць, калі аднойчы апаліць думка, што нічога добрага ў жыцці ўжо не будзе? Ні шчасця, ні кахання, ні сям’і… Дзе знайсці сілы, каб пераадолець чорную паласу адчаю, якая чорным крылом закрывае сабою белы свет? Проста не трэба баяцца зазірнуць у сваю душу, бо духоўныя сілы невычэрпныя. Сціснуць волю ў кулак, горда падняць галаву і крочыць па жыццёвай дарозе. Так 87 гадоў ідзе па пуцявінах лёсу жыхар вёскі Любанічы Мікалай Іосіфавіч Пахолак.

…16 чэрвеня 1946 года мог стаць апошнім днём у яго маленькім жыцці. Асташынскія мужчыны недзе ўзялі снарад і пайшлі глушыць рыбу. Гэта было на другі дзень Тройцы. Якраз людзі ішлі з царквы, дзеці выганялі кароў на пашу.

“Бачу, народ тоўпіцца, я быў хлопец шпаркі, бягом туды! — успамінае Мікалай Іосіфавіч. — Не дабег метраў дзесяць, раптам — узрыў! Пачуў, што мне горача, адразу нага падкасілася. Глянуў уніз — правая нага толькі на скуры трымаецца, у левай некалькі асколкаў. На фельчарска-акушэрскім пункце мяне перавязалі, далі ўкол і на кані павезлі ў Карэлічы. Там сказалі: “Мы нічым не паможам, вязіце яго ў Навагрудак”.

У райвыканкаме далі машыну і хутка павезлі ў Навагрудак. Урач воінскай часці вынес прысуд: “Патрэбна ампутацыя”. Бацька быў супраць, і павезлі мяне ў грамадзянскую навагрудскую бальніцу. Там усё ж ампутацыю правялі. На 9 сантыметраў вышэй за калена. Мне было 14 гадоў”.

Тое, што Коля выжыў пасля такіх цяжкіх раненняў, — сапраўднае цуда. Як і яшчэ многія эпізоды з яго доўгага і нялёгкага жыцця.

Коля Пахолак нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Асташын у мнагадзетнай сям’і. Добра памятае, як пачалася вайна, немцаў у вёсцы ўбачылі ўжо ў чэрвені 1941-га.

“Пасвілі мы з дзецьмі кароў, — успамінае Мікалай Іосіфавіч. — Раптам пад’язджаюць паліцаі, пытаюць, дзе тут каровы партызанскіх сямей. Усе маўчаць. Тады яны да мяне: “Пакажы кароў, якія належаць сем’ям партызан”. Я маўчу. Тады паліцай выхапіў у мяне з рук палку і ўдарыў па галаве, па твары. На ўсё жыццё засталіся шрамы. Каля рэчкі была жанчына з нашай вёскі з малымі дзецьмі. Яна падбегла, закрыла мяне сабой: “Навошта вы дзіця б’яце?” І тут адзін з пастушкоў кажа: “Я ведаю, дзе партызанскія каровы!” і паказаў на сваіх. Гэта быў Дземяновіч Анатоль, мой задушэўны сябар. Немцы забралі кароў, прывязалі да воза, мяне пасадзілі наверх і рушылі ў Цырын, дзе быў паліцэйскі пастарунак. Па дарозе натрапілі на партызанскую засаду. Пачалася такая страляніна! Я хуценька саскочыў з воза, схаваўся ў крапіве».

Быў і яшчэ адзін выпадак, які ледзь не каштаваў Колі жыцця. “Вайна. У Асташыне і Любанічах стаяць казакі. Для партызан у нашай вёсцы пяклі хлеб. Адзін з партызан па прозвішчы Мацко прыйшоў па хлеб, але казакі, убачыўшы хлопца, дагналі і адсеклі яму галаву. Па вёсцы пайшла пагалоска, быццам майго стрыечнага брата Пецю забілі. Цётка просіць: “Колічак, схадзі паглядзі, ці не Пеця гэта?” Я выправіўся ў дарогу. У Любанічах запынілі мяне казакі: “Куды ідзеш?” “Да бабулі”. Прапусцілі. Паглядзеў я на нябожчыка, зразумеў, што гэта не брат. Вяртаюся назад, а казакі гукаюць: “Што, да партызан хадзіў?” Надавалі мне кухталёў, але адпусцілі”.

Мікалай Іосіфавіч успамінае, што немцы рабавалі і стралялі людзей. У Любанічах забілі 14 чалавек. Пашчасціла, што голаду не было. У 1944 годзе старэйшы брат Аляксандр пайшоў на фронт. А ў 45-м прыйшла пахаронка, што 17 студзеня 1945 года Саша загінуў каля Кёнігсберга. Родныя і сёння не ведаюць, дзе яго магіла.

У 1944 годзе Коля Пахолак пайшоў у 4 клас. А праз два гады адбылася трагедыя, калі 14-гадовы хлапчук вымушаны быў стаць на пратэз. “Першы пратэз купілі з рук, у аднаго франтавіка з вёскі Лукі, — успамінае мужчына. — Ён мне не вельмі добра падыходзіў, кроў пастаянна ішла, але я быў цярплівы, нават ноччу яго не адшпіляў, каб кульця прывыкла. Потым у суседняй вёсцы за мяшок мукі купілі амерыканскі пратэз. Вось той быў ладны! Я на ім хадзіў гадоў 12. Калі вучыўся ў Баранавічах, больш за 10 кіламетраў на ім праходзіў. Цяжкае жыццё было, што і казаць. Але харошыя ў мяне былі сябры. Сабяромся ў клубе, усе ідуць танцаваць, а я сяджу, вядома. А мой сябар Толя Дземяновіч са мною, значыць, сядзіць. Вось які быў друг!”

Сярэднюю школу Мікалай Пахолак закончыў у Цырыне ў 1952 годзе. І ў гэтым жа годзе здзейснілася яго запаветная мара: ён паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Спачатку вучыўся на дзённым аддзяленні, потым перавёўся на завочнае. Хацелася хутчэй узяцца за працу. У 1953 годзе маладога настаўніка накіравалі ў Дорагаўскую вячэрнюю школу. Потым вучыў дзяцей у Заполле-ятранскай сярэдняй школе. Усе 30 гадоў Мікалай Іосіфавіч выкладаў гісторыю, геаграфію і асновы дзяржаўнага права. Потым у яго працоўны стаж дабавіліся 10 гадоў працы інжынерам па тэхніцы бяспекі ў мясцовым калгасе. Пазней стаў начальнікам пажарна-вартавой аховы. Пасля расфарміравання паста аховы пайшоў фуражырам у калгас “Знамя Леніна”. 80-гадовы юбілей няўрымслівы Мікалай Іосіфавіч сустрэў на рабоце. Але не толькі работа стала сэнсам яго жыцця. Было ў яго і каханне.

У 1955 годзе сакратар камсамольскай арганізацыі Мікалай Пахолак на справаздачна-выбарным сходзе сустрэўся з позіркам незнаёмай дзяўчыны. Пасля сходу прапанаваў незнаёмцы падвезці дадому, але яна адмовілася і хуценька знікла ў цемры. На другі дзень Мікалай, узяўшы сябра, накіраваўся шукаць незнаёмку. А праз два тыдні Людміла стала яго жонкай.

“Я працаваў не горш за астатніх вясковых мужчын, — гаворыць Мікалай Іосіфавіч, — культываваў, касіў, сена вазіў, на жатцы жаў, дзялкі буракоў браў, адно за плугам не хадзіў, цяжка было. Некаторыя на дзвюх нагах за мною, аднаногім, не маглі ўгнацца. Мяне Люда ніколі не папракнула, што чагосьці не магу. Пачынаць жыццё было складана. Нам ніхто не тое што рубля, а капейчыны не даў. Бацькі былі ўжо старыя, Люда зусім сірата. Самі ўсё рабілі. Калі ў Любанічы пераехалі, купілі невялічкую хатку. Я выкапаў калодзеж, потым падвал. Хлеў пабудаваў шлакабетонны. Двое дзяцей з’явілася ў нас, дачка і сын. Старога бацьку да сябе забралі, каб жыў у доглядзе”.

У наступным годзе Мікалай Іосіфавіч і Людміла аляксандраўна адсвяткуюць 65-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Жанчына кажа, што ўсе гэтыя гады была за сваім Мікалаем, як за каменнай сцяной: “Паважалі і шкадавалі адзін аднаго. Працавалі шмат. Трымалі дзвюх кароў, дзвюх свінаматак. Падхадзіліся дома — і на работу! У любога ў Асташыне ці Любанічах спытайце, ніхто не скажа, што Коля Пахолак гультай”.

Сёння Мікалай Іосіфавіч ужо не можа працаваць, як у маладосці, але з задавальненнем выконвае абавязкі старасты вёскі, як ён сам кажа, з 1963 года камандуе Любанічамі. Па старой настаўніцкай звычцы мужчына шмат чытае. На яго паліцах — Тургенеў, Гогаль, Колас, Купала, Трус, юрыдычная літаратура. Найбольш любіць Максіма Горкага і Якуба Коласа.

— Усё жыццё я даказваў самому сабе, што не горшы за іншых, — праважаючы мяне да веснікаў, гаворыць Мікалай Іосіфавіч. — З маленства даў сабе зарок, што буду жыць як сапраўдны чалавек. Думаю, што ў мяне гэта атрымалася.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і з архіва сям’і Пахолак