Людзі, якія дораць «Нябёсы». Мірскі батлеечнік Канстанцін Петрыман распавядае пра цуд на Раство Хрыстова

Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой, пісаў Уладзімір Караткевіч. А пра мастацкага кіраўніка народнага тэатра “Батлейка” пры Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы Канстанціна Петрымана можна ўпэўнена сказаць, што ён разам з навучэнцамі прыносіць у гэты свет сваёй творчасцю і любоўю да гісторыі і спадчыны роднага краю нябёсы.

4 студзеня якраз са сталічных “Нябёсаў”, а дакладна з шостага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў, вярнуўся праслаўлены калектыў з Міра ў складзе Канстанціна Петрымана, Ільі Заваротнага, Анастасіі Шавейка, Дзіны Дзенісовіч і Кацярыны Нагнібеда. Юныя артысты разам з кіраўніком прывезлі на малую радзіму багата цёплых эмоцый, новыя творчыя ідэі і адразу два дыпломы – “За ўнёсак у развіццё батлеечнага і лялечнага мастацтва і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення” і “За працяг традыцый батлейкі”.

Сёлета мірскі тэатр здзівіў публіку рэканструкцыяй дзеі старадаўняй Мірскай батлейкі братоў Сілко – прадстаўленнем “Калядна”.

“На фестывалі хацелася падарыць гледачам Свята і Цуда з вялікай літары, – дзеліцца задумкай і таямніцамі закулісся Канстанцін Петрыман. – Так, часу на падрыхтоўку было мала, але жаданне падзяліцца лепшым, асаблівым, чароўным – вялізным, таму ўсё атрымалася! Маем мы і сакрэт поспеху ў батлеечным мастацтве. Тут галоўнае адчуваць, што лялька – гэта ты сам і тэатр – не праца, не хобі, а жыццё, частка якога назаўсёды аддаецца маўклівай да пары істоце, каб глядач спаўна адчуў той пасыл, той код, якім прасякнута ўся дзея. І, вядома, не абысціся ў нашай справе без добрых і надзейных сяброў. Хочацца выказаць шчырую падзяку за плённае садзейнічанне і дапамогу клірыку храма Святой Троіцы ў Міры іерэю Фёдару Лукашэвічу”.

З ззяючымі вачыма распавядае кіраўнік і пра сваіх таленавітых артыстаў: “Мой Ілья проста знаходка! Нецярплівы, з абвостраным пачуццём справядлівасці, разанскі хлопец, што проста кайфуе ад беларушчыны! А якія дзяўчаткі цудоўныя – Насця, Дзіна ды Каця! І, увогуле, яны ўсе вельмі мужныя і годныя людзі, мае акцёры. Ім жа па 16-18 гадоў! І, між іншым, сёлетнія “Нябёсы” былі першыя ў іх творчым жыцці, дзеля якіх яны нават забыліся пра канікулы. Хто ведае, як бы я сам сябе адчуваў на іх месцы,спрабуючы зразумець складаны і глыбокі батлеечны свет, а яны яшчэ і мне былі падтрымкай ды суцяшэннем. Неверагодна назіраць за тым, як гэтыя маладыя людзі робяць усё магчымае і нават больш, каб глядач паверыў ляльцы, а я ў сваю чаргу ўсім сэрцам веру ім!”

Нядзіўна, што ў Мінску на прадстаўленне мірскай “Батлейкі” завіталі і яе былыя ўдзельнікі, якія ўжо даўно скончылі каледж, ды толькі на ўсё жыццё захавалі адмысловыя ўспаміны аб тых творчых гадах.

А яшчэ мы ўсе добра ведаем, што калектыў народнага тэатра “Батлейка” адрозніваюць не толькі слаўная гісторыя, самабытнасць і яркі талент, але і вялікія сэрцы. Таму акцёры, апроч фестывальнай праграмы “Нябёсаў”, наведалі з дабрачынным прадстаўленнем пацыентаў псіханеўралагічнага інтэрната №3 г. Мінска, дзе павіншавалі ўсіх з Раством Хрыстовым і навагоднімі святамі ды разам з гледачамі ў атмасферы ўзаемнай прыязнасці і любові праспявалі калядкі і канты.

“Мы паказалі тут батлейку сэрцам! Адным уздыхам і так лёгка яшчэ нідзе не гралася нам! А пасля прадстаўлення – вітальныя воклічы, абдымкі, пажаданні, сумесныя фота на доўгі і радасны ўспамін. Адным словам – мора дабрыні. Хай такія калядныя дзівосы ды натхняльныя падзеі здараюцца ў жыцці кожнага з нас як мага часцей! Ды дзякуй, “Нябёсы”, за непаўторнае адчуванне ўнутранага адзінства душы і сэрца, мы яшчэ вернемся!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота з архіва Канстанціна ПЕТРЫМАНА і сайта 24health.by (аўтар — Святлана АДАМОВІЧ)

Кант з Міра

1920-1930 гг.

Неба днесь лікуе, земля таржэствуе!
Ангельскія гласы вторат во вся часы —
Хрыстос нарадзіўся! Алелуя!
Тшчацца к нему цары,
Несуць ему дары,
І кожная душа о молітве рупіць!
Хрыстос нарадзіўся! Алелуя!
Зычым прыяцелем ласкі Збавіцеля,
Божае мілосці, ды каб звалі ў госці!
Свята святкаваці,
Хрыста праслаўляці!
Хрыстос нарадзіўся! Алелуя!

? Далучайцеся да тэлеграм-канала «Гродно Медиа Group» па спасылцы @GrodnoMediaGroup!