Хозяйка своего счастья. Сегодня в проекте «Ясмина» — управляющая МТК «Райца-2» Таисия Хорошко

Не так ужо часта даводзіцца сустракаць людзей, у якіх разуменне шчасця супадае з калісьці сказанымі мудрымі словамі вялікага індыйскага філосафа Шанкара: ”Шчасце не звязана з тым, што ў нас ёсць ці чаго ў нас няма. Гэта проста стан нашага розуму. Шчасце — гэта не тавар, які вы можаце купіць. Яно прысутнічае там, дзе знаходзіцеся вы, непасрэдна тут і зараз”. Мне пашанцавала, таму што напярэдадні 2020 года я мела асалоду пазнаёміцца з такім чалавекам: гэта ўпраўляючая малочнатаварнага комплексу “Райца-2” Таісія Уладзіміраўна Харошка. Яна не шукала шчасця дзесьці ў далёкіх краях, а знайшла яго тут, на роднай зямлі, на любай сэрцу малой радзіме. Вось таму першы выпуск “Ясміны” ў наступіўшым новым годзе мы прысвячаем ёй, уладальніцы зямнога шчасця, прыгожай жанчыне, любімай і любячай, сучаснай і ў вобліку, і ў падыходзе да галоўных крытэрыяў жыцця, каго Бог надзяліў рэдкім скарбам — уменнем працаваць, а скарб гэты адкрыўся Таісіі Уладзіміраўне дзякуючы таму, што змоладу яна застаецца вернай прынцыпу: калі хочаш, каб справа ладзілася, — здолей за яе ўзяцца!

Не памылюся, сказаўшы, што ўражанне аб чалавеку складваецца ўжо з першых хвілін знаёмства. Не падвяло яно і мяне, бо Таісія Уладзіміраўна аказалася на самой справе такой, якой успрымалася першапачаткова: абаяльная, шчырая ў размове, граматная ў пытаннях адносна сваіх прафесійных абавязкаў, упэўненая ў сабе, добразычлівая, прыгожая і ў паўсядзённай, і ў рабочай вопратцы, неяк па-дамашняму ўтульная, з прыцягальнай усмешкай і своеасаблівым шчаслівым бляскам цёмных вачэй. І ў той жа час адчувалася сіла цвёрдага характару: прынцыповасць, патрабавальнасць, самадысцыпліна, уменне згладзіць вострыя вуглы ва ўзаемаадносінах з людзьмі. Менавіта гэтыя якасці і дапамагаюць ёй упраўляць буйным малочнатаварным комплексам, дабівацца разам з калектывам відавочных поспехаў, хоць у сённяшняй іпастасі Таісія Уладзіміраўна магла і не быць.

Справа ў тым, што яна не планавала звязваць свой лёс з сельскагаспадарчай прафесіяй, як і не збіралася пакідаць вёску, бо ў дзіцячых і юнацкіх марах уяўляла сябе толькі прадаўцом сельскага магазіна. Зайздросціла прадаўшчыцы мясцовай крамы, назіраючы, як тая спрытна абслугоўвае пакупнікоў, дорыць кожнаму ці ўсмешку, ці добрае слова, і на яе месцы ўяўляла сябе. Сяброўкі гулялі хто ў школу, хто ў бальніцу, Таіса ж — у магазін. Жыццё ўнесла нечаканыя карэктывы ў лёс жанчыны і, як акажацца потым, не памылілася.

Радкі з біяграфіі

Нарадзілася Т. У. Харошка ў в. Волца Малюшыцкага сельскага Савета ў сям’і калгасніка. Трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, галоўнымі памочнікамі для бацькоў былі тры падрастаючыя дачушкі, змалку прызвычаеныя да вясковай працы. Скончыла Малюшыцкую сярэднюю школу, затым, як і марыла, — Карэліцкае прафтэхвучылішча па спецыяльнасці “прадавец”. Працавала ў магазінах вёсак Варонча, Літараўшчына, Равіны. Маладзенькую, прыгожую прадаўшчыцу палюбілі мясцовыя жыхары за паважлівасць і памяркоўнасць у адносінах да людзей, за сумленнасць у працы, за адкрыты, вясёлы характар. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, Івана Люцыянавіча Харошку, працаваўшага тады ў кацельнай Варанчанскага спіртзавода (пазней скончыў завочна Мінскі тэхналагічны інстытут, зараз працуе ў “Свіцязянцы” інжынерам). Нарадзіліся сын Саша (сёлетні выпускнік БНТУ, энергетык) і дачушка Даша (студэнтка БНТУ, таксама будучы энергетык). Спачатку жылі разам са свякрухай (свёкр рана пайшоў з жыцця), у 2010 годзе пераехалі ў вялікі, прасторны, з усімі выгодамі дом, пабудаваны ў в. Варонча, завялі хатнюю гаспадарку. Дзеці раслі — раслі і затраты. пасля доўгіх ваганняў прыняла прапанову старшыні калгаса “Свіцязянка” ўзначаліць ферму па адкорме маладняку ў в. Мінакі па адной прычыне: там была вышэйшая заработная плата, чым у магазіне. Пачаўся новы няпросты віток жыцця, нязвыклы для яе, невядомы.

— Вы нават уявіць не можаце, — прызнаецца Таісія Уладзіміраўна, — што адбывалася ў маёй душы ў першыя дні работы на Мінакоўскай ферме! Навыкаў аніякіх, усё вакол чужое, незнаёмае. Памяшканне — не чысценькі магазін, дый пах далёка не той! Стаяць быкі, пад 600 кілаграмаў кожны, няхай і прывязаныя, — усё роўна страшна падысці! Дзякуй вялікі свекрыві, яе мудрасці, неацэннай дапамозе ў выхаванні дзяцей, у клопатах па доме. Нізкі паклон мужу, ён не даў мне паддацца адчаю, падтрымаў у цяжкі момант. Памятаю, прыйшла дамоў, расплакалася: “Не змагу я там працаваць, Ваня!” А ён мне ў адказ: “Зможаш! І на ферме трэба камусьці аддаваць свае душу і веды. Прывыкнеш, усім напачатку нялёгка” .

Многа значыла падтрымка кіраўніцтва калгаса, яго спецыялістаў, калектыву фермы, прыгадзіліся навыкі сялянскай працы, атрыманыя ў бацькоўскім доме. Паціху спазнавала сакрэты новых абавязкаў, асвойвалася ў нязвыклай абстаноўцы і нарэшце зразумела: справа будзе ладзіцца, неабходна здолець за яе ўзяцца. І ўзялася!

Сем гадоў праляцелі як адзін дзень, а лёс ізноў падкінуў Таісіі Уладзіміраўне новы сюрпрыз: старшыня СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавач прапанаваў ёй узначаліць новы малочнатаварны комплекс у агр. Райца. Адказнасць узрасла ўдвая: тэба было не толькі асвойваць сучасныя тэхналогіі працы, але здабываць азы кіравання шматлікім калектывам.

Факты і лічбы

Каб уявіць сабе сучасны малочнатаварны комплекс “Райца-2”, дзе ўтрымліваецца 1802 рагулі і які пабудаваны па апошніх словах навукі і тэхнікі, фактаў і лічбаў мала, неабходна пабываць там і ўбачыць усё сваімі вачыма. Але ўсё ж: у комплекс уваходзіць пяць вялікіх карпусоў, у іх размяшчаюцца цэхі па вытворчасці малака, халадзільныя ўстаноўкі, цэх сухастойных кароў (гэта значыць, будучых “мамаў”, цэх па ўзнаўленні маладняку (цялушкі вырошчваюцца да дзетароднага ўзросту, імі папаўняецца дойны статак комплексу і другіх фермаў СВК “Свіцязянка-2003”. Бычкі пасля двухтыднёвага догляду адпраўляюцца на адкорм на Міратыцкую ферму). Прыплод ад высокапародных кароў гадуецца таксама на месцы, пасля гатовы племянны прадукт прадаецца племянным прадпрыемствам рэспублікі, што прыносіць пэўны прыбытак гаспадарцы.

Калектыў складае 45 чалавек: аператары машыннага даення, жывёлаводы, трактарысты, два ветурача, заатэхнік, памочнік упраўляючай Сіроціна Галіна Станіславаўна, якой Таісія Уладзіміраўна не ведае цаны. Праца людзей аўтаматызавана, камп’ютарызавана, створаны ўсе ўмовы для камфорту: маецца пакой для адпачынку з усёй неабходнай бытавой тэхнікай, душавыя. У памяшканнях чыста, утульна.

Карацей кажучы, сам працэс вытворчасці малака і ўтрымання жывёл — гэта нешта з вобласці фантастыкі і асобная тэма для размовы. А ў тым, што сёння СВК “Свіцязянка-2003” з’яўляецца флагманам жывёлагадоўлі не толькі Карэліччыны, але Гродзеншчыны і рэспублікі ў цэлым, немалая заслуга калектыву МТК “Райца-2” і яго упраўляючай Т. У. Харошка.

— На маю думку, не толькі ў стварэнні цудоўных умоў працы, жыллёвай палітыцы і стабільнай зарплаце галоўная прычына поспеху МТК, многае залежыць і ад атмасферы ўзаемаадносін, уменні данесці да кожнага чалавека разуменне, што ад добрай справы можна двойчы атрымаць задавальненне: адно пры выкананні яе і другое, калі бачны вынікі свайго старання. Менавіта такая атмасфера існуе на комплексе у многім дзякуючы ўпраўляючай. Акрамя шматлікіх абавязкаў яна ўдзяляе гэтаму шмат увагі. “У нас неверагодны калектыў, мы жывём адной сям’ёй, падтрымліваем адзін аднаго ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, — кажа Таісія Уладзіміраўна. — На любога можна паспадзявацца, хаця, канешне, і няпроста аб’яднаць розных па характары людзей. Галоўнае, каб не было канфліктных сітуацый, — выслухаць чалавека, мець асаблівы падыход да кожнага, зразумець. Я — шчаслівая, што побач са мной надзейныя, адданыя сваім абавязкам людзі. Камфортна на рабоце — радасна і на душы. Мабыць, калісьці лёс і накіраваў мяне на нечаканую дарогу жыцця, каб я валодала сённяшнім шчасцем. Вельмі важна, што і кіраўніцтва СВК, і наш цудоўны кіраўнік У. А. Галавач (так хочацца, каб ён яшчэ доўга-доўга заставаўся на сваёй пасадзе) разумеюць і паважаць простага чалавека.

Уладзімір Арсенцьевіч у адрас Таісіі Уладзіміраўны сказаў рэдкія па сваёй важнасці словы: “Дай Бог, каб усе такімі былі. Цудоўны работнік, арганізатар, яна не проста адбывае дзень, а працуе на вынік. Цудоўная жанчына!”.

Глыбокая павага прагучала і ў словах намесніка старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце Клаўсуць Алены Аляксандраўны: “Таісія Уладзіміраўна — светлы душою чалавек. Адметная рыса — настойлівасць, дабрыня і мудрасць, глыбокае пранікненне ў праблему. Калі нешта не атрымліваецца, дакапаецца да сутнасці, разбярэцца ва ўсім. Яе вельмі паважаюць за працавітасць, за ўменне пачуць чалавека, за імкненне не адмахвацца ад ўзнікаючых праблем, за жаданне знайсці разумнае іх вырашэнне. Па якіх бы пытаннях не звярнуўся да яе, заўсёды пачуеш адказ: “Добра, усё, што неабходна, зробім”. Яна ўмее радавацца і знаходзіць шчаслівыя моманты ў кожным дні, мы гэтаму ў яе вучымся”.

Таісія Уладзіміраўна не здзівілася, калі я спытала: “Няўжо вы ні разу не пашкадавалі, што так склаўся лёс, няўжо не хацелася кінуць усё і падацца ў горад!” Жанчына ў адказ засмяялася: “Не шкадую. Мы з Ванем — дзеці зямлі. Затое ў нас усё сваё: вялікі дом, піларама, агарод, кветак мора, трымаем парсючка, курэй, ёсць з чым дзетак сустрэць і на вучобу адправіць, ёсць што на стол паставіць для гасцей. На Каляды звычайна, бывае, і на Вялікдзень, прыязджае радня з Ваневага боку (ён са шматдзетнай сям’і), і з майго, пад 25 чалавек за сталом збіраецца! Розныя стравы гатуем, весела! Шчаслівей хвілін няма! За дзяцей нам таксама не сорамна: і сын, і дачка ўсё могуць зрабіць па доме, па гаспадарцы. Раней, калі былі школьнікамі, палову абавязкаў бралі на сябе. А зараз мы з мужам удваіх завіхаемся, такая работа ў радасць.”

Трэба было бачыць, якім шчасцем свяціліся вочы Таісіі Уладзіміраўны, калі яна гаварыла пра гэта! Зямным шчасцем.

Заключным акордам нашай размовы сталі яе мудрыя словы: “Ведаеце, зараз у вёсцы жыць можна. І не менш цікава, чым у горадзе. Не страшна, што ў 5 гадзін раніцы пад’ём, не праблема на работу даехаць — ёсць машына. Канешне, патрэбна і тое, каб пастаянна паляпшаліся ўмовы пражывання, працы і адпачынку вяскоўцаў, павышаўся іх дабрабыт, тады не будзе нараканняў і праблем з кадрамі. Яркі прыклад гэтаму наша “Свіцязянка”. І я мару аб тым, каб людзі ўсміхаліся, каб іх вочы ззялі радасным, шчаслівым бляскам. Шчасце ж само не прыходзіць, яго неабходна ствараць сваімі рукамі, сваім сэрцам там, дзе вы знаходзіцеся зараз”.

Няхай доўжыцца Ваша шчасце, паважаная Таісія Уладзіміраўна, і не ведае перашкод!

ДАРЭЧЫ

Лічбы гавораць самі за сябе: надой на карову ў мінулым годзе склаў 8956 кілаграмаў, малако паступае на Навагрудскі масларобчы завод у большасці сваёй экстра-класа, карова Ластаўка (10 тысяч кг малака за 305 дзён лактацыі!) скарыла ў мінулым годзе сэрцы наведвальнікаў і журы на выставе“Белагра”, заняла ганаровае трэцяе месца.

ЖЫЦЦЁВАЯ МУДРАСЦЬ

Толькі трэба памятаць: вёска прымае тых, хто любіць працаваць на зямлі. Малая радзіма здрады не даруе і дорыць шчасце тым, хто ўпрыгожвае яе сваімі рукамі.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Аксаны ЯНУШ