Порядок на мехдворах и комфорт в мехмастерских. На базе Кореличского района прошел областной семинар-совещание

Тэма навядзення парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах была і застаецца надзвычай актуальнай. Яна ўключае ў сябе шырокі і рознабаковы спектр пытанняў, якія дэталёва абмеркавалі на бягучым тыдні падчас правядзення абласнога семінара-нарады на базах Карэліцкага, Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў.

Толькі там, дзе пануе культура вытворчасці, беражлівыя адносіны работнікаў сельгаспрадпрыемства да дзяржаўнай маёмасці, створаны камфортныя ўмовы працы для механізатараў, будуць і высокія вынікі. А ці адрозніваюцца мехдвары карэліцкіх гаспадарак чысцінёй і добраўпарадкаваннем, як захоўваюцца мінеральныя ўгнаенні і зерневае багацце гаспадарак, у якіх умовах працуюць і адпачываюць аграрыі Карэліччыны? Удзельнікі семінара не толькі атрымалі адказы на ўсе гэтыя пытанні, але і асабіста запэўніліся ў тым, што праблемныя пытанні паступова вырашаюцца. Без увагі не застаўся ні адзін машынны двор і ніводная мехмайстэрня кожнай з 10 гаспадарак раёна.

Да ўдзелу ў абласным мерапрыемстве былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, старшыні райвыканкамаў, начальнікі і галоўныя спецыялісты ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, а таксама кіраўніцтва і галоўныя спецыялісты гаспадарак Карэліччыны, Навагрудчыны і Дзятлаўшчыны.

Да ўдзельнікаў семінара, якія прыбылі ў Карэліцкі раён, з прывітальным словам звярнуўся старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады расказаў гасцям аб асноўных вытворчых і фінансавых паказчыках раёна. Да таго ж падчас аб’езду сельскагаспадарчых аб’ектаў экскурс у гісторыю і культурную спадчыну карэліцкай зямлі правялі бібліятэкар Палужскай сельскай бібліятэкі Таццяна Варабей і бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Валянціна Кошур.

Знаёмства з сельгасаб’ектамі Карэліцкага раёна прайшло па двух маршрутах. Першы, які ўзначалілі першы намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Коршун і галоўны інжынер упраўлення механізацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Кудлаш, пралёг праз мехдвары і мехмайстэрні, зернесушыльныя комплексы і склады для захоўвання мінеральных угнаенняў КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, КСУП “Царука”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, СВК “Жухавічы” і КСУП “Лукі-Агра”.

Дэталёва пазнаёміўшыся з узроўнем механізацыі гаспадарак трох раёнаў, удзельнікі семінара сабраліся ў Навагрудскім раённым Доме культуры, каб падвесці вынікі.

– Мы працягваем практыку, якая ўжо добра зарэкамендавала сябе. На працягу зімовых месяцаў аб’язджаем усе сельгаспрадпрыемствы вобласці і аналізуем работу па навядзенні парадку, якая выконваецца альбо не выконваецца на сельскагаспадарчых аб’ектах, – адкрыў нараду намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук. – Калі, як ні зімой, падчас зацішша на палях, можна зазірнуць у кожны куточак мехмайстэрняў і правесці генеральную ўборку на мехдварах? Пытанне рытарычнае. Некаторыя гаспадаркі вобласці мы можам паставіць у прыклад, іншым жа, напэўна, не хапіла часу альбо жадання. Так быць не павінна, таму ў двухтыднёвы тэрмін усе недахопы павінны быць ліквідаваны. Безумоўна, у параўнанні з той абстаноўкай, якая назіралася гадоў пяць назад, значныя зрухі відавочны. Прынцып “навошта рамантаваць тэхніку, калі можна купіць новую?” адышоў у мінулае. Сёння не кожная гаспадарка можна дазволіць сабе перыядычна аднаўляць машынна-трактарны парк. Таму беражлівыя адносіны да тэхнікі, своечасовая яе пастаноўка на працяглае зімовае захоўванне ў адпаведнасці з ДАСТам і якасны рамонт напярэдадні пасяўной, корманарыхтоўчай альбо ўборачнай кампаній павялічваюць тэрмін эксплуатацыі трактароў, камбайнаў і іншых адзінак. Гэта ў сваю чаргу вядзе да эканоміі фінансавых сродкаў сельгаспрадпрыемстваў.

Што датычыцца падрыхтоўкі тэхнікі да вясенняй пасяўной, то гэтае пытанне на сённяшні дзень патрабуе самай пільнай увагі. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валерыя Хелскага, час абмежаваны. Магчыма, сёлета да масавых палявых работ можна будзе прыступіць ужо ў першыя дні каляндарнай вясны. Перад гаспадаркамі вобласці пастаўлена канкрэтная задача – да 1 сакавіка ўся пасяўная тэхніка павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. Карэліцкі раён у гэтым накірунку выглядае стабільна, паказчыкі адрамантаванай тэхнікі трымаюцца на ўзроўні сярэдніх па вобласці. Так, на пачатак лютага камбініраваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты падрыхтаваны на 60%, пасяўныя агрэгаты – на 55%, сеялкі для цукровых буракоў і кукурузы – на 61%.

Сярод недахопаў, якія часцей за ўсё сустракаюцца на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў, названы наступныя: захламліванне тэрыторыі бытавым, будаўнічым смеццем і металаломам, парушэнні тэхнікі бяспекі пры правядзенні рамонтных работ, памылкі ў бухгалтарскім уліку пры спісанні тэхнікі, адсутнасць агароджы вакол сельгаспамяшканняў, недастатковая работа па дэмантажу старых будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца па назначэнні.

Абласное кіраўніцтва ў чарговы раз нагадала кіраўнікам гаспадарак простую ісціну: у цэнтры ўвагі заўсёды знаходзіцца чалавек. І працаваць ён павінен у цёплых мехмайстэрнях, перапранацца і абедаць – у камфортных бытавых памяшканнях. Адным словам, зрабіць так, каб у памяшканні не гуляў скразняк, а механізатар заўсёды меў кубак гарачай гарбаты. Тут, зразумела, вялікіх фінансаў не трэба.

 

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара