7 мая – День работников радио, телевидения и связи. О почте нового времени, бесценных людских ресурсах и полезных новых технологиях рассказывает начальник Кореличского районного узла почтовой связи Татьяна Самец

Звычайна работнікі РУП “Белпошта” прыносяць нам святочныя паштоўкі і пасылкі ад родных і блізкіх. Але напачатку мая віншаванні прымаюць яны самі. Чым сёння жыве Карэліцкі раённы вузел паштовай сувязі і як рэальныя работнікі працуюць у тандэме з віртуальнымі сервісамі, напярэдадні прафесійнага свята распавяла яго начальнік Таццяна САМЕЦ.

– Наша сфера даўно стала неад’емнай часткай майго жыцця. У дадзенай галіне я працую ўжо больш за 20 гадоў, прычым 12 з іх кірую Карэліцкім вузлом паштовай сувязі. А гэта 65 чалавек у калектыве і 17 аб’ектаў паштовай сувязі, – напачатку размовы заўважае Таццяна Самец. – Вядома, на мне як на кіраўніку ляжыць вялікая адказнасць з мноства выбіраць адно правільнае рашэнне і накіроўваць людзей на дасягненне лепшых вынікаў. Але адзін у полі не воін і без граматнага калектыву ўсе мае намаганні былі бы роўныя нулю. Я ганаруся, што побач са мной працуюць такія добрыя спецыялісты, якія кожны дзень вырашаюць шэраг сур’ёзных задач. У прыватнасці, мы выконваем і нават перавыконваем даведзеныя планавыя паказчыкі. Напрыклад, возьмем нашы лічбы па падпісцы. У Карэліцкім раёне насычанасць перыядычнымі друкаванымі выданнямі на 1000 чалавек насельніцтва складае 511 пры сярэднеабласным паказчыку 317. Асабліва варта адзначыць кіраўнікоў сярэдняга звяна – начальнікаў аб’ектаў паштовай сувязі, бо ад іх умення аб’ядноўваць работнікаў і камунікаваць з кліентамі залежыць многае ў нашай агульнай справе. Выдатна працуюць на гэтай пасадзе Наталля Чура (АПС Карэлічы), Ганна Бязушка (АПС Мір), Таісія Сачук (АПС Турэц), Жанна Мамончык (АПС Жухавічы), Наталля Коцік (АПС Баранавічы), Ніна Анікая (АПС Лукі), Ганна Сіманенка (АПС Ярэмічы).

– Сапраўды, у нашым раёне ёсць і кваліфікаваныя кадры, і шырокая сетка аб’ектаў паштовай сувязі. Але ж як асягнуць аддаленыя і невялікія населеныя пункты?

– Усё проста. Спецыяльна для сельскіх жыхароў працуе перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі Карэлічы-1. Яго начальнік – Святлана Рэмез – стараецца знайсці падыход да людзей розных узростаў. Яна для іх не проста работнік пошты, а сябар. А дапамагае ёй вадзіцель Аляксандр Каралько.

Начальнік аддзялення паштовай сувязі Краснае Кацярына Штэйнік

– Яшчэ, асабліва ў сельскай мясцовасці, важная і неабходная такая прафесія, як паштальён. Што за людзі працуюць на гэтай пасадзе?

– Тут патрэбна і цярпенне, і вытрымка, і ўважлівасць, і добрасумленнасць. Менавіта так ставяцца да сваіх абавязкаў Ніна Гурын (АПС Аюцавічы), Ларыса Гімпель (АПС Турэц), Іна Лабанава (АПС Мір), Раіса Грыб (АПС Цырын) і іншыя нашы паштальёны. Увогуле, для гэтай прафесіі не патрэбна спецыяльная адукацыя. Усё неабходнае спасцігаецца ў працэсе працы. Галоўнае – уменне ісці лёгка на кантакт з людзьмі, якое дапамагае нашым работнікам станавіцца сваімі людзьмі для жыхароў раёна.

– Людскія рэсурсы складаюць фундамент такой маштабнай структуры, як “Белпошта”. А як у цэлым можна сёння ахарактарызаваць гэта прадпрыемства?

– Сучаснае, канкурэнтназдольнае, тэхнічна аснашчанае, якое жыве пад дэвізам “Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць” і адказвае запатрабаванням рынка і кліентаў. “Белпошта” цалкам апраўдвае такую высокую характарыстыку і штогод радуе новымі прывабнымі прапановамі і паслугамі. Сёння распрацаваны праграмныя прадукты, якія дазваляюць атрымліваць пенсіі ці грашовыя пераводы ў любым аддзяленні паштовай сувязі незалежна ад месца жыхарства. Актыўна працуем мы і з сістэмай АРІП. А калі кліент не валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, нашы работнікі заўжды прыйдуць на дапамогу. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак – электронны гандаль, калі пошта дастаўляе заказаны тавар нават у самыя аддаленыя населеныя пункты. У кожным аддзяленні сувязі маюцца таксама каталогі з акцыйнымі таварамі. Адным словам, пошта сёння здольная задаволіць патрэбы розных пластоў насельніцтва.

Вадзіцель-паштальён Сяргей Жураўлёў (АПС Краснае)

– Давайце спынімся на вашых самых папулярных і запатрабаваных паслугах.

– Перш за ўсё гэта тыя паслугі, якія забяспечваюць мінімальныя тэрміны перасылкі адпраўленняў і камфортныя ўмовы дастаўкі. Напрыклад, прадуктовы інтэрнэт-магазін Postshop.by. Тут ёсць усё – ад хлеба і малака да дзіцячага харчавання і далікатэсаў, а яшчэ акцыйныя тавары па зніжаных цэнах. Жыхары нашага раёна могуць аплаціць і забраць пакупкі ў бліжэйшым аддзяленні паштовай сувязі. Багаты выбар усяго неабходнага вы знойдзеце на Shop.belpost.by – адной з буйнейшых беларускіх анлайн-пляцовак, дзе сабраныя разнастайныя тавары айчыннай вытворчасці – ад чахла для мабільнага і адзення да пральнай машыны і канапы. Дастаўка магчыма не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў іншыя краіны. Адмысловыя прапановы на аснове сучасных тэхналогій мы маем таксама для бізнесу і інтэрнэт-магазінаў. Попытам карыстаюцца і такія нашы паслугі, як паскораная пошта і рассылка рэкламы па паштовых скрынях.

– Што Вы можаце сказаць наконт пасылак у цяперашніх умовах?

– Бягучая сітуацыя з пандэміяй уносіць карэктывы ў нашу працу, у тым ліку, з пасылкамі. Мы імкнемся аператыўна і эфектыўна рэагаваць на новыя абставіны, штосьці карэктуем, але ў цэлым працуем у звычайным рэжыме. Калі казаць пра геаграфію пасылак, то тут краіна-лідар, вядома, Кітай. Але часта мы маем справу з адпраўленнямі ў Англію і ЗША. Хачу закцэнтаваць увагу яшчэ на адным важным моманце. Як вядома, з 1 мая ўступіў у сілу указ, згодна якому адмяняюцца месячныя ліміты на пасылкі з-за мяжы, у прыватнасці ў памеры 200 еўра і 31 кг у сукупнасці. Пры гэтым па-ранейшаму дзейнічаюць разавыя нормы: кошт пасылкі не павінен перавышаць 22 еўра, а яе вага – 10 кг.

– Набліжаецца 9 Мая. Заўжды “Белпошта” праводзіць да гэтай даты асаблівыя акцыі. Чым радуеце сёлета?

– Напярэдадні юбілейнай даты Вялікай Перамогі “Белпошта” падарыла магчымасць людзям, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту, безкаштоўна павіншаваць па Беларусі сваіх родных і сяброў з дапамогай спецыяльных тэматычных паштовак. Прыемна, што карэліччане скарысталіся такой магчымасцю. Таксама ад нашага калектыву хочацца нізка пакланіцца героям Вялікай Айчыннай вайны і падзякаваць за магчымасць жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і будаваць светлую будучыню пад мірным небам!

Паштальён Святлана Шаўцова (АПС Краснае)

– А якія словы напярэдадні Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі хочаце скіраваць калектыву?

– Шаноўныя калегі і ветэраны паштовай сувязі, наша прафесійнае свята – цудоўная нагода выказаць вам сардэчную падзяку і пажадаць моцнага здароўя, радасці, дабрабыту, далейшых поспехаў і дасягненняў, цікавых планаў і задумак, узаемаразумення з калегамі і кліентамі! Выключныя словы цеплыні і захаплення адрасую ветэранам галіны, тым людзям, якія дзесяцігоддзямі шчыра працавалі і ўкладвалі душу ў любімую работу, былі нашымі настаўнікамі. Гэта Валянціна Богуш, Таісія Палуян, Святлана Касцюкевіч, Таісія Салавей, Вольга Бязмен, Ніна Хука, Надзея Гавіна, Тамара Клышэўская, Валянціна Гурыновіч, Тамара Кулак, Наталля Анікій і многія іншыя прафесіяналы сваёй справы. Так, з павагай да вопыту і традыцый і даверам да маладосці і інавацый мы працягнем актыўна працаваць на шляху да новых вышыняў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара