Заслуженный работник сельского хозяйства Республики Беларусь председатель СПК «Свитязянка-2003» Владимир Головач: «Не жаловаться, а идти вперед»

9 мая 65-годдзе адзначае старшыня СВК “Свіцязянка-2003”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзімір ГАЛАВАЧ, дальнабачны кіраўнік, які пераўтварыў адстаючы калгас імя Гастэлы ў рэспубліканскі флагман “Свіцязянка-2003”. Уладзімір Арсенцьевіч чалавек непублічны, не прывык гаварыць пра сябе, жыве па прынцыпе: “Больш справы, менш слоў”. Аднак занясенне гаспадаркі на Рэспубліканскую Дошку пашаны ў гэтым годзе ў пяты раз стала добрай нагодай, каб у думках вярнуцца ў 2002 год і ўспомніць першыя крокі Уладзіміра Галавача як кіраўніка гаспадаркі.

– Уладзімір Арсенцьевіч, якім Вас сустрэў калгас імя Гастэлы ў пачатку 2000-х гадоў?

– У стратным становішчы. Работнікі не атрымлівалі зарплаты па два-тры месяцы. Ураджайнасць зерневых была ў разы тры меншая за сённяшнюю, каля 24 ц/га. Дойны статак налічваў 650 галоў, сёння маем 1800 кароў. Сярэдні надой ад рагулі быў усяго 1400 кг. Сёння атрымліваем больш за 9500 кг. Добра памятаю той перыяд, калі ўсё калгаснае малако, атрыманае за даенне, змяшчалася ў адным малакавозе. Я тады марыў: “Вось бы нам яшчэ адзін малакавоз надаіць. Лішняя капейка ў гаспадарцы з’явілася б”.

– У мінулым годзе ў “Свіцязянцы” атрымалі 9613 кг малака ад каровы. З чаго пачаліся зрухі?

– З навядзення парадку, усталявання дысцыпліны і выканання тэхналогій даення, кармлення жывёлы. Узначаліў я гаспадарку зімой, у лютым, калі можна было ўдзяліць больш увагі жывёлагадоўлі. Аднак першаступеннай сваёй задачай пасля назначэння на пасаду лічыў знайсці і аб’яднаць кваліфікаваныя кадры, якія былі б зацікаўлены ў развіцці і эфектыўнай працы гаспадаркі. Паступова гэта ўдалося зрабіць. Людзі зразумелі, што неабходна мяняць жыццё да лепшага, паверылі мне, падтрымалі. Безумоўна, з некаторымі работнікамі прыйшлося развітацца.

За многолетний добросовестный труд, личный вклад в развитие сельскохозяйственного производства, председатель «Свитязянка-2003» Владимир Головач был награжден
Почетной грамотой Гродненского областного исполнительного комитета

– Па адукацыі Вы аграном. Якія змены адчула раслінаводчая галіна калгаса?

– Сапраўды, у 1974 годзе скончыў Навагрудскі сельгастэхнікум па спецыяльнасці “агранамія”. У Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце вучыўся завочна падчас працы ў калгасе «Неман». З чаго пачаліся змены ў раслінаводстве? Пераглядзелі структуру пасяўных плошчаў, ачысцілі палі ад пустазелля і пачалі вырошчваць тыя культуры, якія маюць высокую рэнтабельнасць. Стаўку зрабілі на цукровыя буракі. Пасеялі культуру на двух участках, каля Райцы і Міратыч. Перад гэтым сабралі вяскоўцаў, растлумачылі ім, для чаго ўсё робіцца і прапанавалі ўзяць дзялкі. Людзі нас падтрымалі. У хуткім часе адбыліся хоць і невялікія, але зрухі наперад. У людзей павялічыліся заробкі, у гаспадарцы з’явіліся першыя грошы, каб вырашаць набалелыя пытанні. Заўсёды лічыў: “Як бы цяжка не было, трэба не скардзіцца, а ісці наперад”.

– Часта можна пачуць: грошы павінны працаваць. Пагодзіцеся?

– Абсалютна. Калі ў гаспадарцы будуецца жыллё для работнікаў, вядзецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых аб’ектаў, набываецца новая тэхніка, значыць, яна развіваецца. Адпаведна і моладзь захоча жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Зараз у Райцы будуюцца тры домікі, пачынаем мадэрнізацыю зернесушыльнага комплексу з увядзеннем трох сіласаў для захоўвання зерня, за апошні час набылі два энерганасычаныя “Джон-Дзіры”, 2 аўтамабілі «МАЗ», 12-мятровую сеялку, кормаўборачны “Ягуар-870”, самаходны апрысквальнік “Berthoud Raptor 4240”, новыя кормараздатчыкі на ферму.

– Ведаю, што па выніках 2020 года плануеце атрымаць сярэдні надой 10000 кг малака. Якія рэзервы будзеце выкарыстоўваць?

– Па-першае, удасканалім рацыён жывёл. Сёлета пасеялі моркву, якая павышае надоі і станоўча ўплывае на здароўе кароў, а таксама кукурузу са сланечнікам для павышэння колькасці кармавых адзінак. Па-другое, ускладваем надзеі на чалавечы фактар. З 1 красавіка заробак работнікаў гаспадаркі павялічыўся на 10%. Адпаведна і патрабаванні да працы ўзраслі. Кожны ведае, што ў “Свіцязянцы” працаваць абы-як нельга. Што датычыцца ўмоў утрымання дойнага статку, то тут мы ўжо зрабілі ўсё магчымае.

– Уладзімір Арсенцьевіч, як праходзіць Ваш працоўны дзень?

– З самага ранку гадзіны дзве працую ў кабінеце, астатні час праводжу на вытворчасці. Я поўнасцю давяраю спецыялістам гаспадаркі, але мне неабходна самому ўбачыць, як рамантуецца тэхніка на мехмайстэрнях, ідзе будаўніцтва жылля, вядуцца сельгасработы на палях. На выхадных таксама абавязкова прыязджаю ў гаспадарку.

– Якія якасці цэніце ў людзях?

– Перш за ўсё сумленнасць. Для мяне лепш пачуць горкую праўду, чым салодкую хлусню. Яшчэ, калі паабяцаў, выканай пры любых абставінах.

– Поспехі ў рабоце ў многім залежаць ад сямейнага дабрабыту. Хто Вас падрымлівае ва ўсіх пачынаннях?

– Абавязкова жонка Марыя Уладзіміраўна. У 2002 годзе, калі мне прапанавалі пасаду кіраўніка калгаса, яе падтрымка была вельмі важнай і неабходнай. Безумоўна, радуюць дзеці і дзве маленькія ўнучкі. Прыемна, што сын Сяргей, хоць і пераехаў у горад, штогод працуе на жніве. Для яго гэта важная традыцыя.

– Уладзімір Арсенцьевіч, як адзначаеце дзень нараджэння?

– Прымаю віншаванні ў крузе сям’і і сяброў. Так склалася, што мой дзень нараджэння супадае з Днём Перамогі, вялікім святам у гісторыі нашай краіны. Напэўна, няма сям’і, якую б не закранула вайна. Для мяне Дзень Перамогі напоўнены асаблівым сэнсам. У гаспадарцы заўсёды, нават у нялёгкія для нас часы, 9 Мая быў выхадным, святочным днём.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара