11 чэрвеня католікі адзначаюць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

❤ Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля Найсвяцейшай Тройцы. Менавіта ў гэты дзень Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Святога Прычасця).

Фота Аляксандры ШЧЫГЛІНСКАЙ

У цэлебрацыі ўрачыстасці Божага Цела католікі складаюць падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Пан Езус сам прабывае са сваім народам у выглядзе Хлеба і Віна.

Свята Божага Цела паўстала ў першай палове XIII стагоддзя ў Францыі. І ўжо ў 1264 годзе папа Урбан IV сваёй булай Transiturus устанавіў Свята Божага Цела абавязковым для ўсяго Каталіцкага Касцёла.

У гэты дзень у касцёлах адбываюцца святочныя набажэнствы, а таксама працэсіі, падчас якіх Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю абносяць вакол храма.

Па матэрыялах: catholic.by, pijary.info

P.S. Рэкамендуем прачытаць:
«Урачыстасць Божага Цела з’явілася ў касцёльным календары дзякуючы жанчыне»