В Кореличском районе по Указу № 143 бизнесу предоставлен ряд льгот

24 красавіка Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», які прадугледжвае меры падтрымкі тых галін эканомікі, якія больш за ўсё пацярпелі ад COVID-19. У Міністэрстве эканомікі канстатуюць: на сённяшні дзень у аблвыканкамы і Мінгарвыканкам паступіла больш за 4 тыс. зваротаў суб’ектаў гаспадарання па прадастаўленні рознага роду мер падтрымкі. Яе ўжо атрымала каля 1,7 тыс. суб’ектаў гаспадарання, астатнія звароты яшчэ знаходзяцца ў стадыі разгляду. Не адстае ад іншых рэгіёнаў і Карэліцкі раён, дзе таксама падтрымліваюць бізнес.

— У Карэліцкім райвыканкаме створана рабочая група, якая разглядае заявы суб’ектаў гаспадарання па рэалізацыі мер падтрымкі, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч.

— Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў прыняў рашэнне знізіць удвая стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Гэтая мера рэалізаваная і на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Такія падатковыя льготы закранулі 98 індывідуальных прадпрымальнікаў і 71 фізічную асобу. Аднак тых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па Указу № 345 ад 22.09.2017 г. «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», такія прэферэнцыі не датычаць. Справа ў тым, што гэтыя ІП, а іх у раёне 25, ужо карыстаюцца льготамі і аплачваюць стаўку адзінага падатку ў суме 1 базавай велічыні.

Ёсць у раёне і некалькі прыватных унітарных прадпрыемстваў, якія атрымалі 6-месячную адтэрміноўку з наступнай 3-месячнай растэрміноўкай па аплаце набытай дзяржаўнай маёмасці, а таксама арэнднай плаце за карыстанне дзяржмаёмасцю.

Ігар Лазарэвіч адзначае, што ўсе гэтыя льготы распаўсюджваюцца на другі і трэці кварталы, па верасень уключна. Гэта дазволіць бізнесу пратрымацца нейкі час, у чымсьці змяніць бізнес-стратэгію або заняцца іншым відам дзейнасці.

Безумоўна, усе гэтыя меры падтрымкі прывядуць да зніжэння паступленняў падаткаў у раённы бюджэт, які носіць сацыяльную накіраванасць. Пры гэтым, падкрэслівае Ігар Лазарэвіч, маштабна выдаткі ўразацца не будуць, уся сацыяльная сфера будзе працаваць па-ранейшаму.

Індывідуальны прадпрымальнік з Карэліч Андрэй Марчык, які ўжо 10 гадоў займаецца пасажырскімі перавозкамі, кажа, што гэтая вясна для яго бізнесу стала самай цяжкай за ўвесь час працы.

— Калі раней мае два аўтобусы рабілі па 1-2 рэйса ў дзень у Мінск і назад, то цяпер адна машына стаіць, а другая часцяком ідзе паўпустая. У пятніцу, напрыклад, еду ў сталічным напрамку зусім без пасажыраў, назад магу везці каля дзесяці чалавек. Таму такія льготы — хоць невялікая, але дапамога. Можна лішні раз машыну заправіць або вадзіцелю зарплату заплаціць.

Швачка Зоя Алексіевіч, зарэгістраваная ў раёне як фізасоба, кажа, што пандэмія не балюча ўдарыла па яе маленькаму бізнесу.

— Людзям заўсёды трэба нешта паправіць або падагнаць па фігуры. Таму прыходзяць, прыносяць заказы. Тое, што падатак знізілі ўдвая — гэта, па-мойму, вельмі добра: лішняя капейка заўсёды спатрэбіцца. Напрыклад, можна папоўніць свае запасы: купіць ніткі, маланкі.

Побач з Зояй Алексіевіч арандуе памяшканне цырульнік Сабіна Астроўская. Дзяўчына кажа, што невялікае зацішша ў яе было пасля Вялікадня: недзе тыдзень кліенты не з’яўляліся, асцярожнічалі. Але цяпер людзей не менш, чым да пандэміі. Праўда, меры засцярогі сталі больш строгімі. Цяпер у цырульню можна трапіць толькі па запісе, а паміж візітамі на працягу 15 хвілін майстар дэзінфікуе памяшканне.

— Такія льготы ад дзяржавы даюць упэўненасць у тым, што мы не адны, нас падтрымліваюць. Дзякуючы сэканомленай на падатковых выплатах суме, напэўна, набуду яшчэ сродкаў абароны ад віруса: у гаспадарцы спатрэбіцца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара