Как решены вопросы жителей Акановичей после встречи с председателем Кореличского райисполкома Геннадием Шатуевым

Практыка сустракацца з працоўнымі калектывамі на рабочых месцах і насельніцтвам па месцы жыхарства трывала замацавалася за кіраўніцтвам Карэліцкага райвыканкама. Такія сустрэчы праходзяць у фармаце прамога дыялогу: людзі задаюць пытанні або выказваюць просьбы — прадстаўнікі выканаўчай улады вырашаюць іх або ставяць на кантроль. І гэта зразумела: не кожную праблему асіліш адразу, на нейкія патрэбен час і значныя фінансы.

Падчас наведвання старшынёй Карэліцкага райвыканкама Генадзіем Шатуевым вёскі Аканавічы прагучала просьба ад мясцовых жыхароў аб уладкаванні прыпыначнага пункта. У дарожна-рамонтным упраўленні № 158 паведамілі, што ў 2021-2025 гг. плануецца рамонт участка дарогі Райца-Цырын-Навасёлкі, у рамках якога магчыма ўстаноўка прыпыначнага пункта ў Аканавічах пры ўмовах выдзялення дастатковага аб’ёму фінансавання.

Таксама вяскоўцы цікавіліся газіфікацыяй вуліцы Цэнтральнай. Ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама патлумачылі, што газіфікацыя жыллёвага фонду праводзіцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года № 368 “Аб мерах па рэгуляванні адносінаў пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян” у памеры: 70 працэнтаў — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама сродкаў мясцовых бюджэтаў на аснове роўна долевага ўдзелу і 30% — за кошт сродкаў грамадзян, якім належаць на праве ўласнасці жылыя памяшканні эксплуатуемага жыллёвага фонду. Для пастаноўкі на чаргу на газіфікацыю жыллёвага фонду неабходна звярнуцца ва ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама.

Аператыўна на просьбы вяскоўцаў аб скошванні пустазелля на месцы знесеных дамоў зрэагавалі ў ДП “Цырын-Агра”. Таксама стараннямі мясцовай гаспадаркі засыпаны ямы, што знаходзіліся каля ачышчальных збудаванняў і ўяўлялі сабой пэўную пагрозу.

На зварот людзей па ўборцы пяску з дарогі пасля паводкі і скошванні пустазелля на абочынах у ДРБУ-158 паведамілі, што прачыстка кювета для адвода паводкавых вод на вуліцы Манькоўскай у Аканавічах ужо праведзена. абочыны ўздоўж дарогі Райца-Цырын-Навасёлкі старанна абкошаны яшчэ ў канцы ліпеня.

Іна ЛЕЙКА