Итоги жатвы 2020 года подводит начальник управления сельского хозяйства и продовольствия райисполкома Анатолий Коршун

Вопытныя аграрыі сцвярджаюць, што зерне лічаць у засеках. А калі яно так, то самы час узважыць агульны каравай Карэліччыны, ацаніць працу хлебаробаў раёна і даведацца аб перспектывах развіцця раслінагадоўчай галіны на бліжэйшы час. Па праву вынікі бягучага жніва падводзіць намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій КОРШУН.

– Анатолій Мікалаевіч, жніво на Карэліччыне дасягнула фінішнай кропкі. Як Вы ацэньваеце вынікі адной з найважнейшых кампаній 2020 года?

– Сапраўды, здаўна жніво з’яўлялася адным з самых адказных перыядаў сельскагаспадарчага года. Сёлета на Карэліччыне атрыманы хоць і не рэкордны, але добры ўраджай зерневых і зернебабовых культур. Агульны каравай Карэліччыны складае 113694 тоны зерня ў бункернай вазе. Нам удалося павялічыць паказчык мінулага года, які складаў 106772 тоны. Па ўраджайнасці Карэліччына знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі сярод 17 раёнаў Гродзеншчыны. Аграрыі раёна сабралі 57,2 цэнтнера зерня на круг. Зразумела, вельмі цяжка канкурыраваць з Гродзенскім раёнам, дзе ўраджайнасць складае 78,7 ц/га. А вось Шчучынскі раён апярэдзіў Карэліччыну ўсяго на 0,3 ц/га. На мой погляд, кліматычны фактар сыграў першаступенную ролю ў недаборы ўраджаю. Тым не менш, раён змог павялічыць паказчыкі на жніве. У параўнанні з 2019 годам ураджайнасць збожжа павялічылася на 4,1 ц/га, валавы збор – на 7800 тон зерня.

– Зразумела, што ў фарміраванне будучага ўраджаю ўкладваюцца велізарныя фінансавыя затраты і тытанічная праца аграрыяў раёна. Што папярэднічала сёлетняй шчодрай ніве Карэліччыны?

– Пад сяўбу зерневых і зернебабовых культур было ўнесена больш, чым у папярэднія гады, арганічных і мінеральных угнаенняў. Збожжавыя культуры перазімавалі добра. Гібелі практычна не назіралася. Пасевы радавалі вока дружнымі ўсходамі. Правялі падкормкі раслін, апрацоўкі ад хвароб і пустазелля. Адным словам, зрабілі ўсё магчымае для атрымання добрага ўраджаю. Планіравалі намалаціць прыкладна 115 тысяч тон збожжа. Аднак спякотныя і сухія чэрвень і ліпень некалькі парушылі чаканні аграрыяў на добры ўраджай. Зерневым культурам не хапіла вільгаці, і колас не змог наліцца. Таму крыху недабралі ва ўраджаі.

– Анатолій Мікалаевіч, вяртаючыся да вынікаў жніва, ці ўсе карэліцкія сельгаспрадпрыемствы змаглі дасягнуць леташніх паказчыкаў на ўборцы?

– Усе гаспадаркі не толькі дасягнулі, але і палепшылі. Напрыклад, лідар сёлетняга жніва СВК “Жухавічы” павялічыў ураджайнасць зерневых з 67,5 ц/га да 81,1 ц/га. Добрую прыбаўку атрымалі аграрыі КУСП “Чарняхоўскі-Агра”: калі ў 2019 годзе мелі 44,1 цэнтнера на круг, то сёлета – 51,2. Самая нізкая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур атрымана ў КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” – 30,1 ц/га. Менавіта на прыкладзе гэтай гаспадаркі мы бачым, што ў раёне ёсць значныя рэзервы для росту і паляпшэння тых паказчыкаў, якія мы сёння маем.

Спраўная тэхніка, працавітыя механізатары і добрае надвор’е  – тое, што неабходна для паспяховага жніва. Пагодзіцеся?

– Сапраўды, яно так. У раёне дастатковая колькасць збожжаўборачных камбайнаў. Сёлета штодзень на ўборцы было задзейнічана ў сярэднім 76 адзінак. Надвор’е як ніколі спрыяла працаўнікам, таму ўраджай убралі аператыўна і без стратаў. Хочацца адзначыць, што кожны, хто сёлета працаваў на жніве, – прафесіянал сваёй справы. Па выніках уборачнай кампаніі на Карэліччыне налічваецца 55 экіпажаў-тысячнікаў, 10 – двухтысячнікаў. 51 вадзіцель перавёз 1000 тон зерня, 6 – 2000 тон, 1– 3000 тон. Зернесушыльны комплекс КСУП “Лукі-Агра” дапрацаваў 7643 тоны збажыны, СВК “Маяк-Заполле” – амаль 7300 тон. Дарэчы, на хлебную ніву Карэліччыны выходзілі сем’ямі. У раёне налічваецца 10 сямейных экіпажаў: 5, дзе працавалі бацька і сын, 5 – браты. Аператыўнаму ходу жніва спрыяла гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў раёна прыйсці на дапамогу адзін аднаму. І не толькі ў межах раёна. 4 камбайны “КЗС-1218” СВК “Маяк-Заполле” папрацавалі на хлебнай ніве Астравецкага раёна.

– Жніво плаўна перайшло ў пасяўную кампанію. Як гаспадаркі раёна рыхтуюцца да сяўбы азімых культур?

– Сёння мы ўсур’ёз думаем пра ўраджай будучага года. Па даручэнні старшыні райвыканкама ў мінулую суботу на базе СВК “Свіцязянка-2003” прайшоў семінар па падрыхтоўцы гаспадарак раёна да азімай сяўбы, на якім былі прадэманстраваны характарыстыкі 12-мятровага камбінаванага шыроказахопнага агрэгата айчыннай вытворчасці. Мы добра разумеем, што ў раслінагадоўчай галіне асноўным фактарам з’яўляецца глеба – узровень яе ўрадлівасці, рэльефнасць і шэраг іншых паказчыкаў. Многае залежыць ад чалавечага фактару. Аднак без тэхналогіі і выканання рэгламентаў вытворчасці сельскагаспадарчых культур высокія паказчыкі нельга атрымаць. Тыя гаспадаркі, якія валодаюць сучаснай высокавытворчай тэхнікай і строга выконваюць тэхналагічныя патрабаванні, маюць добрыя вынікі. Напрыклад, СВК “Жухавічы” сёлета атрымалі найвышэйшую ў раёне ўраджайнасць азімага рапсу – 50,3 ц/га. Нават на ўчастку самых бедных супескаў дзякуючы выкананню тэхналогіі аграрыі атрымалі ўраджайнасць на ўзроўні сярэдняй па гаспадарцы.

– Анатолій Мікалаевіч, як выглядае сёлетні азімы клін?

– На сённяшні дзень працаўнікі Карэліччыны актыўна рыхтуюць глебу і закладваюць ураджай будучага года. Аграрыям раёна неабходна пасеяць 15985 га азімых культур, з якіх 3280 га адведзены пад рапс. Палова плошчаў ужо пасеяна. Алейная культура – далікатная, але прыбытковая. Таму сёлета вырашылі павялічыць пасяўныя плошчы пад яе з 2620 га да 3280 га. Аптымальныя тэрміны сяўбы – да 25 жніўня. Азімы зерневы клін сёлета складае 12705 га. Сеяць збажыну хлебаробы раёна пачнуць таксама ў трэцяй дэкадзе жніўня. Для паспяховага правядзення пасяўной кампаніі ў гаспадарках раёна ёсць усё неабходнае. Апошняе слова належыць надвор’ю. Выдатнымі інвестыцыямі ў будучы ўраджай  з’яўляюцца дажджы, якія, спадзяёмся, пройдуць у бліжэйшы час.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара