Агляд навінак літаратуры ў Карэліцкай раённай бібліятэцы

Батвіннік, М. Б. Азбука на ўсе часы / Марат Батвіннік. – Мінск: Беларуская навука, 2003. – 288 с.: іл.

Апавядаецца пра вучэбныя кнігі для першапачатковага навучання грамаце, якія выходзілі ў Вялікім Княстве Літоўскім, а потым у Маскве. Над імі працавалі выдатныя асветнікі XVI-XVIII стст. У ВКЛ – Ф. Скарына, І. Фёдараў, Л. Зізаній, М. Сматрыцкі, С. Собаль і інш.

ХХ стагоддзе адзначана выхадам у свет лемантароў і буквароў на беларускай мове. Іх аўтары – вядомыя беларускія дзеячы К. Каганец, С. Некрашэвіч, Ф. Палікарпаў.

Кніга разлічана на самае шырокае кола чытачоў, спецыялістаў у навуковай, педагагічнай і культурнай дзейнасці.

Сусветная спадчына Францыска Скарыны = Всемирное наследие Франциска Скорины = World Нeritage of Francysk Skaryna – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi, 2017. – 424 с.: іл. – (Энцыклапедыя рарытэтаў).

Выданне серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое пачалося ў 1517 годзе выпускам першай кнігі беларускага асветніка і друкара Францыска Скарыны. Беларускае кнігадрукаванне развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім, выкарыстоўваючы перадавыя напрацоўкі ў гэтай справе. Багата ілюстраванае выданне, падрыхтаванае беларускімі спецыялістамі ў галіне кнігазнаўства і скарыназнаўства, распавядае пра кожную кнігу беларускага першадрукара і такім чынам наглядна прадстаўляе кніжную спадчыну Францыска Скарыны, якая ў наш час зберагаецца ў многіх краінах свету — у кніжных i музейных зборах Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Чэхіі.

Кніжная спадчына Беларусі: (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) = Книжное наследие Беларуси: (из фондов Национальнай библиотеки Беларуси) = Belarusian Вook Нeritage: (in the Collections of the National Library of Belarus): фотаальбом / склад. А. А. Суша; фота А. П. Дрыбаса. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi, 2014. – 416 с.: іл.

Фотаальбом уключае выявы найбольш значных кніжных помнікаў Беларусі, якія сёння зберагаюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У выданні прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя помнікі, створаныя ў XV–XX ст.ст. на тэрыторыі Беларусі беларускімі пісьменнікамі і выдаўцамі або прысвечаныя Беларусі. Унікальныя беларускія рукапісы, каштоўныя старадрукі і рэдкія кнігі мінулых стагоддзяў, цудоўныя картаграфічныя і выяўленчыя выданні, кнігі з вядомых беларускіх кнігазбораў пераконваюць у самабытнасці і развіцці айчыннай культуры, яе багацці і разнастайнасці.

Гісторыя беларускай кнігі: у 2 т. / пад агульн. рэд. М. В. Нікалаева; рэд. кал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi, 2009–2011.

Двухтомнае выданне «Гісторыя беларускай кнігі» ахоплівае перыяд ад з’яўлення першых рукапісных кніг да канца XX стагоддзя.

Першы том прысвечаны кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага за ўвесь перыяд існавання гэтай дзяржавы.

 

 

Другі том прысвечаны беларускай кніжнай культуры ад часу ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі да нашых дзён.

Шматлікія ілюстрацыі паказваюць эвалюцыю мастацкай аздобы беларускай кнігі.

Кніга будзе карыснай для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, гісторыкаў, філолагаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі беларускай культуры.

Першы «Буквар»: да 400-годдзя выдання / [аўтары ідэі: Р. С. Матульскі, С. Ф. Алейнік. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ТАА «Друкарня Фідрык», 2018.

 

Выданне з’яўляецца факсімільным узнаўленнем першага “Буквара”, які пабачыў свет 24 ліпеня 1618 г. у друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе.

“Буквар” – адзіны ў сваім родзе помнік асветніцкай думкі Беларусі, найбольш ранні друкаваны дапаможнік для пачатковага навучання грамаце. Выданне заклікана садзейнічаць папулярызацыі найлепшых узораў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню яго духоўнай спадчыны.

Камплект складаецца з трох кніг.