Писатель, художник, краевед. В сентябре знаменитому уроженцу Кореличского района Николаю Бусько исполняется 80 лет

Я на плыце сваіх гадоў
Паволі ў сталасць адплываю.
Прастую ўдалеч – адчуваю:
Я на плыце сваіх гадоў.
Былое ўсё перабіраю —
Не браў ніколі шчасця ў доўг.
Я на плыце сваіх гадоў
Паволі ў сталасць адплываю.

30 верасня бягучага года споўніцца 80 гадоў з дня нараджэння нашага паважанага земляка Міколы Іосіфавіча Бусько — беларускага пісьменніка, паэта, мастака, члена Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у 1940 г. у в. Пагарэлка Карэліцкага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і. Яго бацька, Іосіф Несцеравіч, у гады вайны дапамагаў партызанам. У 1944 г. быў на фронце стралком, удзельнічаў у штурме Кенігсберга.

З жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай, выгадавалі чатырох дзяцей. Маладой памірае сястра Міколы Ліля. Ён прысвяціў ёй свой верш “Памяці сястры”.

Пасля вайны сталі будавацца. З успамінаў Міколы Іосіфавіча: “Жыццё было вельмі сціплае ў сваіх патрэбах: праца ў калгасе цэлы светлавы дзень не прыносіла прыбытку, а ўсяго толькі голы працадзень. Увесь гадавы заробак бацькоў умяшчаўся ў адзін хатуль, які бацька прыносіў дамоў, закінуўшы яго за плечы. А праца? Неймаверная, рабская”. Сям’ю выратоўвала тое, што бацька працаваў сталяром, атрымоўваючы сапраўдныя заробкі ад сялян, — хто выплочваў грашыма, а хто і збожжам.

Маці пісьменніка таксама не цуралася ніякай работы. Працавала там, куды пашлюць. Разам з нястачаю прыходзіла і ўцеха. Бацька, аздабляючы вокны, упрыгожваў іх фігурнымі ліштвамі, а я разглядаў малюнкі, выразы, накіды”. Можа, ад яго і пайшло захапленне хараством, успамінае Мікола Іосіфавіч.

З дзяцінства хлопчык захапляўся маляваннем, яго вабілі родныя краявіды і прыгажосць роднай вёсачкі. За іх хатай прасціраліся нёманскія краявіды. Прыгажосць роднай прыроды як магніт прыцягвала хлопца. Ён мог гадзінамі назіраць, як Нёман каціць свае воды, як вецер калыша хвалі, як заходзіць сонца.

У Ярэміцкага фельчара быў сын, які паказваў юнаку, як трэба пісаць эцюды. Гэта было добрай дапамогай Міколу.

Хлопчык за 7 кіламетраў хадзіў у Турэц у школу. У старэйшых класах настаўнікі заўважылі яго літаратурныя здольнасці і дапамагалі, накіроўваючы яго ахвоту да творчасці. Неймаверная прага да чытання, бы пялюшка ранішняга туману, засціла ўсе іншыя памкненні юнака.

У кожнай вясковай бібліятэцы юнак быў чытачом. Набраўшы кіпу кніг, асабліва навукова-папулярных, ён начамі праседжваў над імі, пашыраў свой кругагляд. Разам з захапленнем літаратурай пашыраліся яго мастацкія навыкі. Сталовых у той час у школах не было. Бацькі давалі яму невялікія грошы на падхарчунак. Але хлопец не траціў іх, збіраў, каб набыць фарбы для малявання. Трохі назбіраўшы, разам з сябрам адпраўляўся ў Мір.

У ватоўку адзеты,
Паплавамі наўпрост
Галянасты падлетак
Адмахаў дзесяць вёрст….
…Маляўнічыя барвы.
Жарты.
Прымаўкі.
Смех…
Скінуў мех я, па фарбы
У “Культтавары” пабег.

Мікола ў 1958 г. закончыў Турэцкую сярэднюю школу. Юнак заўсёды з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў. Асабліва дырэктара школы Валянціну Пратасевіч. Яна, апрача ўрокаў, вяла яшчэ і драматычны гурток. Хлапец з усмешкаю ўспамінае: калі ставілі ў Вялікай Слабадзе п’есу Чэхава “Предложение”, яму па сцэнарыю трэба было хапацца за сэрца. Пасля спектакля вясковыя глядачкі з жалем казалі:

— Такі малады, а ўжо мае хворае сэрца.

Пасля заканчэння Турэцкай сярэдняй школы ў 1959-1962 гадах служыў у войску.

Пасля службы ў Савецкай арміі паступіў у Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум лёгкай прамысловасці, дзе правучыўся год, а ў 1967 годзе скончыў выяўленчы факультэт Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў (выяўленчы факультэт).

Працаваў у Баранавічах Брэсцкай вобласці рабочым лесагандлёвай базы (1963–1965), мастаком-афарміцелем Дома афіцэраў (1965–1967), мясакамбіната (1967–1976), аўтобуснага парка.
Там Мікола Бусько наведваў літаратурнае аб’яднанне “Плынь” пры раённай газеце “Знамя коммунизма”. У хуткім часе быў надрукаваны яго першы твор “Возера Гаць”. Пры садзейнічанні пісьменніка Міколы Аўрамчыка ў часопісе “Маладосць” была надрукавана нізка яго вершаў. Менавіта з той пары і пачынаецца яго літаратурная дзейнасць. Яго творы сталі друкавацца ў розных перыядычных выданнях — газетах і часопісах «Полымя», «Беларусь», «Гродзенская праўда», «Нёман», «ЛіМ». Шмат яго вершаў і прозы друкуецца ў Карэліцкай раённай газеце “Полымя”. Таксама яго творы ёсць у калектыўных зборніках “Анталогія беларускага санета”, “Дзень паэзіі”, “Незабудкі”, “Святліца”. Цікавы яго аўтабіяграфічны нарыс “Сляды ад верасня”, які спачатку быў надрукаваны ў раённай газеце “Полымя”.

Піша на актуальныя тэмы, прысвячае свае нарысы землякам, хараству навакольнага асяроддзя, знакамітым землякам У. Жылку, А. Мілюцю і іншым. Піша вельмі трапна, яскрава, шчыра.

Выдаў зборнікі паэзіі “У Нёмана на плячах” (1986 г.), “Сузор’е шаляў” (1995 г.), “Паэзія баразны” (2003 г.) ) пра жыццё і творчасць таленавітага паэта, земляка Алеся Мілюця (1908–1944).

Шмат у яго твораў, прысвечаных дзецям: «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка» (1993), «У бары жывуць сябры» (2017), «Лясныя дзівосы» (2019), зборнік казак “Бабрыная навука” (2001 г.), “Шасцікрылец Хмарагон” (1996 г.).

Кніга «У бары жывуць сябры» ў 2018 г. была вылучана на конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія» ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Пісьменнік у сваіх творах запрашае юных чытачоў на прыроду: пазнаваць яе таямніцы, мудрасць, вучыцца сябраваць з жыхарамі лесу, адносіцца да іх, як да сябе. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ў Карэліцкай раённай дзіцячай бібліятэцы.

Паводле твора «Бабрыная навука» кампазітар Юрый Вальмус напісаў оперу для дзяцей (1992), якая стала значнай з’явай у музычнай культуры г. Баранавічы 1990-х гадоў. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ў свой час у Ярэміцкай бібліятэцы.

Мікола Іосіфавіч заўсёды трымае сувязь са сваёй маленькай радзімай — часта наведваецца ў наш запаветны куточак, сустракаецца з вяскоўцамі, трымае сувязь з работнікамі культуры. У нарысе “Рамёствы вольныя, як неба” распавядае пра Ярэміцкі Дом рамёстваў і яе працаўнікоў, а таксама пра раённы Дом рамёстваў.

Як кажа Мікола Іосіфавіч у сваім нарысе: «Кожны чалавек, незалежна ад таго, якое ён месца займае, пакідае след у сваім жыцці, а жыццё наша – не бясконцае, і толькі мастацтва — вечнае. Пацвярджэнне таму — усе жанры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раёна знітаваны ў адзін дыямент — Карэліцкі Дом рамёстваў, у якім кожны майстар – жэмчуг». Не аднойчы адбываліся ў нашым раёне творчыя сустрэчы са слынным земляком.

Пісьменнік збірае гісторыю свайго раёна. Таксама ён дапамагаў у аднаўленні каменнай царквы Узнясення Гасподняга ў в. Ярэмічы, якая была пабудавана ў 1867 г. і зачынена ў савецкі час. Нават напісаў для гэтай царквы некалькі ікон.

Мікола Бусько — член Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г., з 2006 г. — у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У.А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Проза» (2012).
Мікола Іосіфавіч зрабіў значны ўклад у беларускую літаратуру, ён руплівы краязнаўца. “Быць зямлі сваёй сынам” — трапна сказана пра яго.

Валянціна Кошур,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі