Жители Кореличского района говорят о значении книги в их жизни

Тамара Мікалаеўна ВІРЫГА,
пенсіянерка, г.п. Карэлічы:

— Як цудоўна ўзяць у рукі кнігу! Скажу шчыра: гэта захапленне для мяне куды цікавей і карысней, чым прагляд серыялаў па тэлевізары. Калі выдаецца вольная хвілінка, то чытаю ахвотна. Люблю творы на гістарычную тэму, дэтэктывы, сучасную літаратуру, класіку. Некаторыя перачытваю па некалькі разоў. Цяпер у захапленні ад кнігі Аляксандра Дзюма «Дзве Дзіяны». А бяру любімыя кнігі ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Штомесяц чытаю да дзесяці адзінак, атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне.

Аляксандр АБАДЗІНСКІ,
кіраўнік клуба «Белы тыгр» шатакан каратэ-до:

— Я імкнуся глыбей пазнаць жыццё, і ў гэтым мне дапамагаюць кнігі. Найбольш мяне прыцягвае паэзія. Раней спрабаваў вывучаць творчасць рускіх паэтаў. Зараз прыйшоў да высновы, што трэба глыбей цікавіцца беларускай класікай — гэта ж сваё, роднае. Не мінаю і творы мясцовых паэтаў. Разам з тым і сам спрабую пісаць вершы. А ў гэтым мне дапамагаюць літаратурныя сустрэчы ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Усю сваю любоў да кнігі імкнуся перадаць выхаванцам клуба. Перакананы: кніга — надзейны сябар, у ёй можна знайсці адказы на многія пытанні.

Яраслава МАНКЕВІЧ,
вучаніца 10 класа СШ № 1 г.п. Карэлічы:

— Я шмат чытаю. Стараюся прачытаць усю літаратуру па праграме. Падабаюцца таксама дэтэктывы, у асаблівасці Юрыя Сітнікава. Яны захапляюць і інтрыгуюць. У нашай сям’і кнігу ўсе любяць. Сябруюць з цікавымі творамі брат Міхаіл і сястра Марыя. Любоў да літаратуры ў нас ад мамы Святланы Міхайлаўны. Яна вельмі любіць паэзію, піша вершы.

Чытаць кнігі — захапляючы і цікавы занятак. Гэта развівае лагічнае мысленне і слоўнікавы запас, атрымліваеш новыя веды. І чым больш чытаеш, тым больш гэта становіцца ў радасць.

Галіна СМАЛЯНКА