Горячая пора на осенних полях Кореличчины

Наўрад ці паспрачаешся з тым, што асенняя пара, калі на палях сельгаспрадпрыемстваў адначасова вядзецца шэраг разнапланавых і ў той жа час маштабных работ, – самая напружаная.  Укласціся ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны, граматна размеркаваўшы сілы і тэхнічныя магчымасці гаспадаркі, – задача не з лёгкіх. Аграрыі ж раёна паспяхова спраўляюцца з комплексам асенніх палявых работ, паказваючы добрыя па абласных мерках вынікі.

Не прыпыняецца работа на палях КСУП “Племзавод Карэлічы”. На павестцы дня племзавадчан – уборка кукурузы на сілас, пад якую адведзена 200 га. Яшчэ 100 га царыцы палёў у хуткім часе абмалоцяць на зерне.

– У параўнанні з мінулым годам ураджайнасць кукурузнай масы горшая. На ўчарашні дзень мелі 413 ц/га, – адзначае галоўны аграном КСУП “Племзавод Карэлічы” Раман Шэўка. – Адмоўную ролю адыгралі вясеннія замаразкі, пасля якіх усходы кукурузы месцамі пажаўцелі. Каб яшчэ больш не нашкодзіць раслінам, вымушаны былі зрушыць тэрміны правядзення хімпраполкі на паўтара-два тыдні. У выніку сёння на полі бачым пустазелле, якое, зразумела, стрымлівае тэмпы ўборкі.

Па словах галоўнага агранома, нягледзячы на засушлівае надвор’е ў канцы лета, кукурузныя пачаткі поўнасцю сфарміраваліся. Толькі ёсць адрозненні ў іх памерах у залежнасці ад селекцыі: у замежных гібрыдаў пачаткі буйнейшыя, у царыцы палёў айчыннай і ўкраінскай селекцыі – драбнейшыя, аднак больш зялёнай масы.

Да абмалоту кукурузы на зерне аграрыі племзавода плануюць прыступіць на наступным тыдні. Гаварыць аб ураджайнасці кукурузных зярнят галоўны аграном не спяшаецца. Як кажуць, час і вынікі ўборачнай кампаніі пакажуць.

Працягваецца на палях племзавода “Карэлічы” і салодкая гарачая пара. Сёлета ў гаспадарцы да ўборкі належыць 200 га цукровых буракоў.

– На ўчарашнюю раніцу мелі 460 цэнтнераў на круг. Аднак плануем, што ўраджайнасць будзе паступова павялічвацца, – адзначае Раман Шэўка. – Справа ў тым, што ў першую чаргу пачалі ўбіраць тыя палі, дзе салодкія караняплоды пацярпелі ад недахопу вільгаці і борнага галадання, якое развіваецца ў перыяд засухі. У цэлым віды на цукровыя буракі былі добрыя, планавалі атрымаць прыкладна 650 ц/га. Шчыра кажучы, у жніўні нам катастрафічна не хапала дажджоў, каб дасягнуць чакаемага ўраджаю. Са свайго боку мы зрабілі ўсё, што ад нас залежыла, аднак з надвор’ем не паспрачаешся.

З-за жнівеньскай засухі на Карэліччыне зрушыліся тэрміны капання цукровых буракоў. Калі ў мінулыя гады да ўборкі прыступалі ў апошняй дэкадзе жніўня, то сёлета буракаўборачныя камбайны ў раёне выйшлі ў поле толькі 10 верасня.

– З вывазкай салодкіх караняплодаў праблем не адчуваем. Ужо адправілі на перапрацоўку 2674 тоны сыравіны. Яшчэ 454 тоны знаходзяцца на полі ў буртах, – аперыруе лічбамі Раман Шэўка.

Падчас размовы ўзгадвае галоўны аграном гаспадаркі і пра пасяўную кампанію азімых зерневых культур, якая завяршылася не так даўно. У аптымальныя тэрміны, да 1 кастрычніка, аграрыі гаспадаркі заклалі ў глебу будучы хлебны ўраджай на 640 га: на 144 га закаласіцца на лета азімы трыцікале, на астатняй плошчы – азімая пшаніца, на якую ў племзаводзе ўскладаюць вялікія надзеі.

– Пасяўная кампанія прайшла ў няпростых умовах. Карэктывы ў яе ход унесла каранавірусная інфекцыя, з-за якой адзін з лепшых механізатараў не мог працаваць. Як вядома, калі з ланцуга выпадае хаця б адно звяно, справа ідзе куды марудней, – дзеліцца Раман Шэўка. — Да таго ж у чарговы раз прыдзецца ўзгадаць пра недахоп вільгаці, бо нам дажджоў падчас сяўбы вельмі не хапала. Іх адсутнасць не лепшым чынам сказалася і на ўсходах азімага рапсу. Сёння на палях бачны плямы, на якіх насенне не ўзышло. У той жа час расліны па сваім фізіялагічным стане поўнасцю гатовы ўвайсці ў зімоўку. Самы час прымяніць рэгулятары росту раслін, каб стрымаць далейшае развіццё ўсходаў.

Здаецца, што думаць аб вясне яшчэ рана. Аднак не аграрыям, якія ўжо з восені пачынаюць працаваць на вясну і будучы ўраджай. Так, у хуткім часе аграрыі гаспадаркі прыступяць да асенняга ворыва, якое, па словах галоўнага агранома, мае шэраг пераваг і дазваляе вясной якасна правесці пасяўную кампанію.

 

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара