ОАО «Кореличи-Лён» наращивает экспорт в Китай и Вьетнам

З 2012 года ў ААТ «Карэлічы-Лён» пачалася рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Рэканструкцыя ААТ «Карэлічы-Лён» з размяшчэннем высокапрадукцыйнай лініі доўгага і кароткага валакна». На працягу двух гадоў былі ўсталяваны і ўведзены ў эксплуатацыю высокапрадукцыйныя лініі па выпрацоўцы доўгага і кароткага валакна бельгійскай фірмы Depoortere магутнасцю перапрацоўкі 10 000 тон ільнотрасты ў год. 11 красавіка 2014 года ўвайшоў у строй 1-ы пускавы комплекс.

Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дапамагла прыкметна знізіць затраты на вытворчасць прадукцыі, адкрыць перад прадпрыемствам новыя гарызонты.

— Сёння мадэрнізаванае прадпрыемства практычна выходзіць на поўную магутнасць, — распавядае дырэктар прадпрыемства Фёдар Жук. — У гэтым годзе лён, вырашчаны карэліцкім мехатрадам, нас парадаваў: 44,05 цэнтнера з гектара склала ўраджайнасць ільнотрасты і 13,4 ільновалакна. А гэта значыць, што для прадпрыемства створаны дастатковы запас сыравіны. Лён у гэтым годзе ідзе нумарам 1,16, таму разлічваем на высокую якасць канчатковага прадукту.

З сыравінных зон Карэліцкага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў, якія займаюць плошчу 3400 гектараў пад лён-даўгунец, нарыхтавана на сезон перапрацоўкі 14,1 тысячы тон трасты ў фізічнай вазе. Гэта цалкам загрузіць новую лінію, якая ў гады нізкіх ураджаяў лёну выкарыстоўвалася не на поўную магутнасць.

У гэтыя дні завод ужо працуе на сыравіне новага ўраджаю. Перш за ўсё трэба выканаць дзяржаўны заказ, які на цяперашні сезон складае 1599 тон ільновалакна. Яно адгружаецца на Аршанскі льнокамбінат і гродзенскае РУП «Гранітэкс». З яго ў Оршы выпускаюцца тканіны, на гродзенскім прадпрыемстве здрабняюць льновалакно разам з бавоўнай для выпуску катушачных нітак.

У Карэлічах створана безадходная вытворчасць. Адходы выкарыстоўваюцца для выпуску кастрабрыкетаў, шпагата і вяроўкі.

Экспарт ільнопрадукцыі раней быў арыентаваны на Расію. Цяпер ён цалкам пераключыўся на Кітай і В’етнам. За 10 месяцаў бягучага года ў гэтыя краіны экспартавана 418 тон ільновалакна на суму больш за 500 тысяч долараў. Дзякуючы зладжанай рабоце каманды карэліцкіх льнаводаў экспарт беларускага шоўку ў гэтым годзе павялічыўся ў 6 разоў у параўнанні з мінулым годам.

Іна ЛЕЙКА