В Кореличском районе сельхозтехника поставлена на зимнее хранение в срок и в соответствии с ГОСТом

Завяршыліся сельскагаспадарчыя работы на палях Карэліччыны, сціх гул матораў, зямля акунулася ў зімовы сон. Асноўныя клопаты аграрыяў раёна перанесліся з палеткаў і сенажацяў на мехмайстэрні гаспадарак, дзе на працяглае зімовае захоўванне пастаўлена сезонная сельскагаспадарчая тэхніка.
Сельгаспрадпрыствы Карэліччыны валодаюць моцным машынна-трактарным паркам, у якім налічваецца 474 трактары, 85 зернеўборачных камбайнаў, 104 культыватары, 35 сеялак для цукровых буракоў і кукурузы, 22 зерневыя сеялкі, 65 касілак і шэраг іншых адзінак. З году ў год, імкнучыся зберагчы тэхніку ад непажаданага ўздзеяння надвор’я, аграрыі раёна ставяць яе на зімовы адпачынак своечасова і ў адпаведнасці з дзяржаўным стандартам і існуючымі нарматывамі. Ці зроблена сёлета ўсё неабходнае для якаснай пастаноўкі машын і агрэгатаў на зімовае захоўванне, высветлілася падчас правядзення раённага семінару-агляду сельскагаспадарчай тэхнікі і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз гаспадарак да работы ў зімовых умовах.
У бягучым годзе пандэмія ўнесла пэўныя карэктывы ў традыцыйны ход семінара-агляду, зрабіўшы яго не такім масавым, як у мінулыя гады. Тым не менш, кіраўніцтва і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама наведалі мехмайстэрні ўсіх гаспадарак раёна і ААТ “Карэлічы-Лён”, ацаніўшы ўмовы захоўвання тэхнікі і працы механізатараў.


– Пры пастаноўцы сезоннай тэхнікі на зімовае захоўванне інжынерныя службы гаспадарак раёна праводзяць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Зразумела, што гэта работа не аднаго тыдня. Яна павінна ажыццяўляцца паступова па меры вызвалення машын ад палявых работ, – расказвае галоўны дзяржінспектар райсельгасхарчу Мікалай Пярэська. – Тэхніка вычышчаецца ад раслінных рэшткаў, бруду, прасушваецца і ставіцца на металічныя падстаўкі. Шыны павінны быць разгружаны, а ціск у іх зніжаны да 70%. У ідэале тэхніка павінна захоўвацца ў зачыненых памяшканнях. Калі ж яна зімуе пад адкрытым небам, то шыны агрэгатаў фарбуюцца ў белы колер. І гэта толькі частка мерапрыемстваў, якія павінны быць праведзены перад пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне.


– Зразумела, стан мехмайстэрняў, добраўпарадкаванне машынных двароў, умовы працы механізатараў у значнай ступені залежаць ад фінансавых магчымасцей сельгаспрадпрыемства, – адзначыў старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Коршун, падводзячы вынікі раённага агляду. – Аднак яшчэ павінны быць жаданне, гаспадарчы падыход, сумесная зацікаўленасць кіраўніцтва гаспадаркі, яе інжынернай службы і механізатараў. З году ў год мацнейшыя сельгаспрадпрыемствы раёна ўкладваюць вялікія фінансавыя сродкі ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы для абслугоўвання і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Так, у бягучым годзе значныя аб’ёмы работ па добраўпарадкаванні праведзены на тэрыторыі мехмайстэрняў СВК “Свіцязянка-2003”, “Маяк-Заполле”, КСУП “Племзавод “Карэлічы”.
Менавіта гэтыя гаспадаркі і сталі пераможцамі раённага конкурсу па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Так, першае месца прысвоена СВК “Свіцязянка-2003”, галоўным інжынерам якога з’яўляецца Іван Харошка. На другой пазіцыі аказалася КСУП “Племзавод “Карэлічы”, на чале інжынернай службы якога стаіць Ігар Зайко. Трэцяе месца прысуджана СВК “Маяк-Заполле”. Дарэчы, у бягучым годзе галоўнаму інжынеру гаспадаркі Алегу Анікію прысвоена званне “Лепшы спецыяліст раёна”.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара