В Райцевском детском саду проходит Неделя родного языка

Свята   роднай мовы

  Я роднае слова люблю без прымусу,

            Яно мне аж свеціцца –кожнае, кожнае.

 Вы ганарыцеся беларусы-

Наша мова такая прыгожая!

М.Дукса

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёю прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека  ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі,  знаёмымі.

Штогод 21 лютага  ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Святкаванне  Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам і для нашых выхаванцаў.

У дашкольных групах была арганізавана кніжная выстава “ У гасцях  у казкі беларускай”, на якой дзеці змаглі пазнаёміцца  з беларускімі    казкамі, а некаторыя —  нават праінсцэніраваць.

На працягу тыдня прайшло шмат цікавых  мерапрыемстваў, якія пашырылі веды  кожнага аб роднай мове, гісторыі беларускага народа, традыцыях, прыкладным мастацтве. На конкурсе вершаў, забаўлянак “Гучы, мая родная мова” дзеці так творча расказвалі вершы, што выбраць лепшага аказалася складана. Дзеці, выхавальнікі гулялі ў беларускія народныя гульні “Буслы”, “Кот Васька”, “Грушка”, слухалі і спявалі беларускія песні.

Была арганізавана экскурсія  ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі”. У этнаграфічным  пакоі, прадстаўленым  у выглядзе сялянскай хаты, дзеці даведаліся, як паступова мянялася  жыццё нашых продкаў: іх быт, прылады працы, якімі карысталіся раней.

Свята роднай мовы дае магчымасць напомніць пра тое, што мы — беларусы, а нашай роднай мовай з’яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.

Мы спадзяёмся, што кожны прысутны на нашых мерапрыемствах памножыў тыя вечныя скарбы, скарбы душы сваёй.

Алена Захарчук,

выхавальнік  ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”