Таисия Мухина из Райцы: «Я скучаю по деревне, той, что была раньше, звонкоголосой, шумной»

Сядае сонца за далягляд, але некаторыя яго праменьчыкі не-не ды выхапяць імгненні сыходзячага дня. Як важна затрымаць на іх свой позірк і паспець занатаваць самыя яскравыя моманты ў блакноце сваёй памяці. Пакуль не позна… Пакуль ноч не атуліла сваім супакоем і не сцерла з памяці.

У жыцці вельмі часта атрымліваецца так, што з самай раніцы мы чакаем вечара. Вечарам – новае раніцы. Пакідаем на “пасля” новыя абрусы і посуд, прыгожыя строі і мары. Лепшую работу і лепшы кавалак. Чакаем зручнага выпадку, падыходзячага моманту, маладзіка. Адкладваем маладосць на старасць, забываючыся, што жыццё – гэта не што іншае як тое, што адбываецца выключна зараз.

Мне вельмі падабаецца выказванне Ніла Гілевіча, у якім занатаваны вельмі глыбокі сэнс – маральны, патрыятычны, экалагічны:

Мы – тройчы дзеці ў вечным

                                      крузе:

Мы – дзеці роднае сям’і,

І дзеці маці-Беларусі,

І дзеці матухны-Зямлі…

І сапраўды — з Паэтам не паспрачаешся: «…мы — дзеці роднае сям’і, / І — дзеці маці-Беларусі, / І — дзеці матухны-Зямлі», на якой ці не ў кожнага ёсць найлепшы куточак. Нехта заве яго прыгожа і досыць гучна — «мая Бацькаўшчына», нехта — куды цішэй — малая (альбо гістарычная) радзіма ці проста — вёска, якая вабіць, якая ратуе і за якую так часта баліць душа…

Мне за 60 год,  і за гэты час я рабіла многае: вучылася, працавала, гадавала дзяцей і ўнукаў, шмат займалася грамадскай дзейнасцю. Але ж ёсць і тое, чаго не паспела. Зараз мне вельмі хочацца напісаць успаміны пра вёсачку, дзе нарадзілася, дзе пайшла ў першы клас, дзе жылі ўсе мае прадзеды, пра гісторыю свайго роду, бо гэта – кволая часцінка “матухны-Зямлі”.

Пра гэта, згадзіцеся, варта і трэба расказваць не толькі родным дзецям-унукам. Пра гэта варта і трэба напісаць, бо словы, прамоўленыя (нават самымі блізкімі, самымі роднымі людзьмі), маюць уласцівасць забывацца, сцірацца з памяці. Напісанае — застаецца. Часам — свайго роду помнікам.

Я сумую па вёсцы, той, ранейшай, звонкагалосай, гаманлівай. Хоць, па праўдзе кажучы, наша вёска не такая маўклівая і цяпер: вясной, асабліва ў выхадныя, паўсюль прыкметнае ажыўленне, дзелавітая мітусня. Не сёння-заўтра пацяплее — і загрыміць музыка, запахне шашлыкамі, на вуліцах стане больш машын і людзей… Але кожны раз я лаўлю сябе на думцы, што ва ўсім гэтым вельмі мала ад сапраўднай вёскі, якой яна была, калі поўнілася гукамі стваральнай працы.

Не, большасць маіх аднавяскоўцаў, — як сталых мясцовых жыхароў, так і прыезджых, — руплівыя, працавітыя: даглядаюць свае дамы і надворкі, завіхаюцца на агародах.

Ды ўжо колькі гадоў не вяртаюцца з пашы каровы: на ўсю нашу вёску засталіся толькі тры ці дзве рагулі. «Не плывуць» па вуліцы і вазы з сенам; не спяшаюцца ў поле, на падмогу бацькам, падлеткі.

Аднак галоўнае, як мне здаецца, не толькі ў знешніх праявах, а ў тым, што спакваля, непрыкметна мы страчваем душу вёскі. Дзе, як не тут, спрадвеку жыло наша слова. Цяпер жа сельскія дзеці размаўляюць у асноўным па-руску, а пакаленне, якое магло б перадаць ім жывую народную гаворку, паступова адыходзіць….

Дзе, як не ў вёсцы, выхоўваліся найлепшыя чалавечыя якасці. Адзін з галоўных законаў вясковай маралі: «знаёмы ці незнаёмы табе чалавек — заўжды павітайся». І шкада, што пра яго ці наўмысна, ці незнарок забываюцца часам нават свае, «сельскія гараджане», што ўжо казаць пра прыезджых уладальнікаў новых сядзіб?

Магчыма, камусьці мае разважанні пададуцца занадта мінорнымі, маўляў, не варта сумаваць па «леташнім снезе»: мяняецца час — мяняецца жыццё, у тым ліку вясковае. І ўсё ж я шчыра веру: беларуская вёска, багатая сваім мінулым, не застанецца без будучыні. Бо покліч роднай зямлі — не проста прыгожыя словы, а генетычна абумоўленая неабходнасць. Ды і ўявіць нашу нацыю, сялянскую па сваёй сутнасці, без вёскі… Мне здаецца, гэта немагчыма.

Але вярнуся да таго, што хачу напісаць гісторыю свайго роду. Як аказалася, гэта вельмі вялікі пласт, і ў Райцы амаль усе —  родныя мне людзі. Напісаць пра ўсіх – вельмі складана ды і сведкаў многіх ужо няма ўжывых. Аднак лінію роду маіх бацькоў яшчэ можна ўзнавіць. На сённяшні дзень мой сямейны сайт (радаводнае дрэва) налічвае 81 сям’ю ці 238 чалавек. Буду запісваць успаміны жывых сведак пра тое, што ведаюць дакладна ці чулі ад іншых.

Таму пішу, пакуль не позна і лічу, што ніколі не позна…

Таісія МУХІНА, аграгарадок Райца