В сборнике материалов Первого республиканского краеведческого форума Беларуси опубликован материал про уроженца Мира редактора газеты «Беларуская справа» Алеся Вильчицкого

У мінулым годзе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі ў рамках Года малой радзімы адбыўся Першы Рэспубліканскі краязнаўчы форум, арганізаваны гістарычным музеем і грамадскім аб’яднаннем “Беларускі фонд культуры” пры падтрымцы Міністэрстваў інфармацыі, культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь. І вось выдатная навіна:  нядаўна ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” пабачыў свет  зборнік дакладаў удзельнікаў гэтага прадстаўнічага мерапрыемства, у якім бралі ўдзел краязнаўцы з розных куткоў нашай краіны. Яны сабраліся разам, каб абмеркаваць актуальныя праблемы сваёй дзейнасці, падзяліцца вопытам і аб’яднаць намаганні ў высакароднай справе вывучэння багатай гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй радзімы.

Двухтомнае выданне ўключае вялікую колькасць цікавых краязнаўчых матэрыялаў, якія агучылі ў час форуму навукоўцы, супрацоўнікі музеяў, архіваў, бібліятэк, выкладчыкі і студэнты, а таксама прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У першым томе змешчаны артыкулы ўдзельнікаў секцый “Краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы” і  “Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі”. Яны знаёмяць з гісторыяй краязнаўства, з асноўнымі тэндэнцыямі яго развіцця на сучасным этапе, з выкарыстаннем патэнцыялу матэрыяльнай і духоўнай спадчыны ў вывучэнні рэгіянальнай гісторыі, з рэалізацыяй розных краязнаўчых праектаў. У цэнтры ўвагі даследчыкаў –  краязнаўчыя аспекты ў даследаванні  гістарычнай, археалагічнай, этнаграфічнай і эпісталярнай спадчыны. Разглядаюцца таксама пытанні фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў сродкамі краязнаўчай дзейнасці.

У другім томе змешчаны артыкулы ўдзельнікаў секцый “Асоба ў краязнаўстве: з гісторыі біяграфій беларускіх краязнаўцаў”, “Экалагічнае краязнаўства і турыстычная дзейнасць”, “Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгіёнаў” і студэнцкай канферэнцыі “Моладзь і краязнаўства”. Аўтары артыкулаў распавядаюць пра шматлікіх руплівых даследчыкаў беларускай мінуўшчыны, пра новыя накірункі і формы экалагічнага турызму ў краіне, разглядаюць турыстычны патэнцыял цікавых мясцін Беларусі.

Выданне адрасавана навукоўцам, гісторыкам, краязнаўцам, настаўнікам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. З задавальненнем знаёмлюся з матэрыяламі зборніка і лічу, што мне вельмі пашанцавала стаць удзельніцай такога цікавага і пазнавальнага форуму – першага ў Беларусі. Прыемна, што пра нашага земляка з Міра, Алеся Вільчыцкага, рэдактара газеты “Беларуская справа”, пра якога я распавядала ў сваім выступленні, цяпер даведаюцца многія рупліўцы даўніны, якія, як і я, шчыруючы на ніве краязнаўства, займаюцца вяртаннем забытых імён у кантэкст беларускай гісторыі і культуры.

 

Святлана КОШУР