Генадзій Шатуеў запатрабаваў узяць пад жорсткі кантроль нарыхтоўку кармоў

Праца назіральных камісій у Карэліцкім раёне набірае абароты. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні раённага выканаўчага камітэта Генадзія Шатуева.

— У рамках прафілактыкі пажараў і гібелі людзей на тэрыторыі раёна працуюць назіральныя камісіі, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Два разы ў месяц, па чацвяргах, спецыялісты наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, шматдзетныя сем’і, грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і іншых грамадзян. Прынята рашэнне аб тым, каб камісіі працавалі яшчэ і па суботах, бо сітуацыя з пажарамі і гібеллю людзей у раёне застаецца напружанай. У бягучым годзе адбылося 22 вогненных здарэння, на якіх загінула тры чалавекі.

Праводзіцца маніторынг арандаваных водных аб’ектаў. На кантроль узяты парадак на прылеглай тэрыторыі, абкоска пустазелля, наяўнасць урнаў для смецця. На нарадзе адзначалася, што ў раёне арэндавана 10 азёр, і цікавасць да гэтага бізнэсу толькі расце.

У раёне стартаваў першы ўкос траў. Пры плане 15501 га скошана 494 гектары ці 3% плошчаў. Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Літвін паведаміў, што плануецца нарыхтаваць 9090 тон сена, 766 сенажу, 169912 сіласу. Ідзе падрыхтоўка сіласных траншэй для закладкі кармоў. Пасеяна 98% яравых культур, 94 кукурузы, 60 гародніны.

— Увесну можна і трэба павялічыць надоі і палепшыць якасць малака, — адзначыў Генадзій Шатуеў. — Бо што, як ні малако, прыносіць у казну гаспадаркі штодзённыя грашовыя патокі.

Безумоўна, для аграрыяў пачаўся важны этап — нарыхтоўка кармоў, якую кіраўнік раёна запатрабаваў ўзяць пад жорсткі кантроль.

— Важныя не толькі тэмпы, галоўнае — якасць кармоў. Ад гэтага шмат у чым залежыць галоўны эканамічны вынік працы сельгаспрадпрыемстваў: зніжэнне выдаткаў і выхад малака і мяса, — рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Іна ЛЕЙКА