На педагогической конференции в Кореличах чествовали лучших учителей, благодарили ветеранов и приветствовали молодых специалистов

30 жніўня, напярэдадні новага навучальнага года, у Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў Карэліцкага раёна, на якой падведзены вынікі і вызначаны задачы.
У фае ўстановы культуры, на другім паверсе, арганізавана выстава «Школьнае адзінства — гэта цяперашняе, якое памятае мінулае, дастойнае будучага». На ёй прадстаўлены экспанаты мінулых часоў: пропісы, чарніліцы, цыркуль, трафарэты, ручка-пяро, глобус, школьныя журналы 1948-49 г.г., кніга загадаў 1954-58 г.г., школьная форма, піянерская атрыбутыка. На выставе прэзентаваны і сучасны клас.

Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў шчыра павіншаваў усіх прысутных з пачаткам новага навучальнага года і адзначыў, што 1 верасня многія чакаюць з нецярплівасцю як доўгачаканае свята. Незвычайным яно будзе для маладых спецыялістаў, якія ўвойдуць у клас у першы раз у ролі настаўніка і на якіх ускладваецца вялікая адказнсць. Усім педагогам Генадзій Шатуеў пажадаў моцнага здароўя і зямных даброт, а таксама вытрымкі і цярпенння, поспехаў у іх патрэбнай справе.

Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч у сваім дакладзе пазнаёміла з вынікамі работы педагагічных калектываў устаноў адукацыі раёна і задачамі па павышэнні якасці выхавання ў адукацыі ў новым навучальным годзе. Падчас яе прамовы з раённай сцэны былі паказаны выступленні выхаванцаў ясляў-сада г.п. Мір і іх праекта «Зялёная школа»; прадстаўнікоў маладога пакалення, якія агучылі сваю мэту: «Выхаваць грамадзяніна-патрыёта». Вучні сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай паведалі аб кабінеце гісторыі, які стаў адным з лепшых у абласным аглядзе-конкурсе.
На жнівеньскай нарадзе слова трымалі і ганаровыя госці. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, ведучы размову аб ролі педагога на сучасным этапе, адзначыў, што трэба не толькі даваць веды вучням, але фарміраваць будучага грамадзяніна і асаблівую ўвагу ўдзяляць патрыятычнаму выхаванню. Такога накірунку трэба прытрымлівацца па меркаванні намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана. «Школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць патрыёта», — лічыць Яўген Мікалаевіч.
Падчас сустрэчы была ўшанавана вялікая колькасць педагагічных работнікаў, ім уручаны ўзнагароды, адрасаваны словы ўдзячнасці. З пашанай гаварылі аб тых, хто аддаў працы ў адукацыі больш трыццаці гадоў. Гэта настаўнік матэматыкі ДУА «Аюцавіцкая базавая школа» Рыта Яўгеньеўна Гайдук, музычны кіраўнік ДУА «Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы» Віктар Барысавіч Мялешка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Аксана Мікалаеўна Пляскач, загадчык сектара ДУ «Цэнтр для забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі, фізічнай культуры і спорту Карэліцкага раёна» Раіса Мікалаеўна Ханько. Словы ўдзячнасці і падарункі ветэранам уручыла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Трафімчык.
Словы падзякі былі адрасаваны і кіраўнікам сельскагаспадарчых кааператываў раёна за аказанне дапамогі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы ўстаноў да новага навучальнага года і сацыяльнага партнёрства. Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджаны старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Маковік, кіраўнік КСУП «Лукі-Агра» Мікалай Гавіна, старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Галавач.
Бадай, самы хвалюючы момант жнівеньскай канферэнцыі — прыняцце ў педагагічную сям’ю раёна 15 маладых спецыялістаў. Сярод іх выхавальнікі дашкольнай адукацыі, музычны кіраўнік, настаўнікі пачатковых класаў, англійскай мовы, беларускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры і здароўя, педагог сацыяльны. Начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч адзначыла, што роўна трыццаць гадоў таму была ў іх ролі. Разам з тым запэўніла, што яны прыйшлі ў добрыя педагагічныя калектывы і пажадала маладым спецыялістам поспехаў на іх прафесійным шляху.
Да ўвагі ўдзельнікаў нарады былі прадстаўлены нумары мастацкай самадзейнасці работнікаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і дзіцячай школы мастацтваў. Затым педагогі раёна ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу «Зорка» ў райцэнтры.
Слова — маладым спецыялістам
Кацярына БРАЗОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»:
— Я родам з Карэліч. Закончыла педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Радуе, што мая мара збылася: я — настаўнік. Буду імкнуцца стаць кваліфікаваным педагогам.
Дар’я САМУЙЛІК,
педагог сацыяльны
ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— Мая радзіма — вёска Беразавец на Карэліччыне. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржуніверсітэта прыехала на працу ў родныя мясціны. Хачу, каб дзеці раслі ў шчаслівых сем’ях і добра вучыліся.
Вольга КУНЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА «Яслі-сад г.п. Мір»:
—Аграгарадок Малюшычы — мая малая радзіма. Закончыла Лідскі педагагічны каледж. Я па спецыяльнасці — выхавальнік дашкольнай адукацыі. Мая мэта: каб вучні былі выхаванымі і акуратнымі, і я буду ім у гэтым дапамагаць.
Таццяна ЛІТВІНОВІЧ,
настаўнік англійскай мовы
ДУА «Сярдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»:
— Мой родны куточак — Вілейка на Міншчыне. Пасля занчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прыехала на працу ў Карэліцкі раён. Хачу дабіцца поспехаў у педагагічнай дзейнасці.

З даклада начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны АСТАШЭВІЧ на тэму: «Вынікі работы ўпраўлення адукацыі, устаноў адукацыі па забеспячэнні якасці адукацыі ў 2020-2021 навучальным годзе»

Ва ўмовах эпідэмічнай сітуацыі дастойна завершаны навучальны год і праведзена атэстацыя 1323 вучняў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. 70,6 % вучняў закончылі навучальны год на 5-10 балаў, 6,3% — на 9-10, сярэдні бал паспяховасці склаў 7,13. Усе вучні справіліся з экзаменацыйнымі работамі, у большасці пацвердзілі ці палепшылі вынікі па вучэбных прадметах за год. Вынікі экзаменаў паказалі, што колькасць вучняў 9 класаў, якія маюць выніковыя адзнакі 9-10 балаў, склала 12,6%, 11 класаў — 35,9%. 9 са 164 дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанні з адзнакай, 1 — пасведчанне аб спецыяльнай адукацыі, 10 выпускнікоў — атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём.
У выніку працэнт паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы склаў 66,8 %, з іх 80% — на бюджэтную форму навучання. Сярод дзевяцікласнікаў 57,7 % паступілі ва УССН і УПТН .
Вынікам сумеснай работы ўпраўлення і ўстаноў адукацыі стаў рэзультатыўны ўдзел вучняў ДУА «СШ № 1 г.п. Карэлічы» і ДУА «СШ № 2 г.п. Карэлічы» ў трэцім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — 3 дыпломы галоўнага ўпраўлення адукацыі (дыплом І ступені па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі», два дыпломы ІІІ ступені па вучэбных прадметах «Беларуская мова. Беларуская літаратура» і «Матэматыка», грамата за асаблівыя заслугі, праяўленыя на алімпіядзе па вучэбных прадметах «Беларуская мова. Беларуская літаратура», удзелу ў абласной алімпіядзе для вучняў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі — 4, дыпломы ІІІ ступені (вучэбныя прадметы «Фізічная культура і здароўе» і «Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі»).
Зроблены крок да пераходу ад традыцыйных методык да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у выхаванні моладзі. Прыняты меры па стварэнні віртуальных музеяў і аблічбоўцы музейных экспанатаў. Так, кіраўніком віртуальнага музея ДУА «СШ № 1 г.п. Карэлічы» асвоена сістэма QR-кадзіравання, каманда педагогаў і вучняў дадзенай установы атрымала перамогу ў абласным інтэрнэт-праекце «Гісторыя# Памяць# Будучае. bу», што садзейнічала ініцыяванню раённага інтэрнэт-праекта «Мінулае і цяперашняе Карэліцкага раёна», прысвечанага 80-годдзю Карэліцкага раёна. У рамках маштабнай рэспубліканскай акцыі праведзены конкурс «Духоўныя каштоўнасці ў змесце дзейнасці музея», у абласным этапе якога работа навучэнкі ДУА «СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» адзначана дыпломам ІІ ступені.
Асноўнай формай выхаваўчай работы заўсёды будуць заставацца непасрэдныя асабістыя зносіны з маладымі людзьмі, асабісты прыклад старэйшых пакаленняў. Фарміраванню маральна сталай, граматнай, сацыяльна актыўнай асобы, гатовай да прыняцця адказных рашэнняў, садзейнічаў праект «ШАГ» — «Школа актыўнага грамадзяніна» з запрашэннем прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў, медыйных персон.
Захаваны ўсе меры сацыяльнай абароны навучэнцаў у частцы бясплатнага карыстання падручнікамі для 99 вучняў і зніжэння платы за карыстанне падручнікамі для 411 дзяцей, харчавання 1125 навучэнцаў за кошт сродкаў раённага бюджэту і 515 — за кошт бацькоўскіх сродкаў, для 12 дзяцей арганізавана дыетхарчаванне. 467 навучэнцаў забяспечаны падвозам да месца навучання, для чаго задзейнічана 11 школьных аўтобусаў, у тым ліку арганізаваны падвоз 11 дзяцей-інвалідаў на спецыяльна абсталяваным транспарце. Функцыянавала 18 груп падоўжанага дня.
Забяспечана якасная падрыхтоўка ўстаноў да новага навучальнага года, работы ў асенне-зімовы перыд. 100% устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі атрымалі сертыфікаты і акты гатоўнасці. Агульная сума затрачаных сродкаў рамонтных работ (капітальны, бягучы) склала 199,6 тысячы рублёў, з іх бюджэтных сродкаў —166,1 тысячы рублёў, пазабюджэтных сродкаў — 20,5 тысяч, спонсарскіх сродкаў і сродкаў апякунскага савета —13 тысяч.
На падрыхтоўку да аздараўленчага сезону выдзелена і выкарыстана сродкаў раённага бюджэту ў суме 20 тысяч рублёў, сродкаў Прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва —3,35 тысячы рублёў.
Агульная сума на набыццё камп’ютарнай і шматфункцыянальнай тэхнікі склала 100,16 тысячы рублёў. У выніку колькасць выкарыстоўваемых у адукацыйным працэсе інтэрактыўных сэнсарных сістэм склала 17, забяспечанасць камп’ютарнай тэхнікай рабочага месца настаўніка —58,5, вучня —12,2.

ВІНШУЕМ З УЗНАГАРОДАЙ!

За шматгадовую плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны:
Марына Пятроўна ВЯРБІЦКАЯ — загадчык ДУА «Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы»,
Наталля Васільеўна КВАЧ — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай».

За шматгадовую плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны:
Надзея Іванаўна ГУРЫН — настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»,
Святлана Аляксандраўна МАКОЎСКАЯ — настаўнік пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»,
Святлана Леанідаўна СЕРГІЕНЯ — настаўнік пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»,
Таццяна Генадзьеўна ЛАМАНОСАВА — настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа».

Граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны:
Святлана Аляксандраўна ВАРАВА — настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»,
Ларыса Вікенцьеўна БУЛЯК — настаўнік фізікі ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»,
Алена Вячаславаўна КАЖАМЯКІНА — выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Красненскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»,
Ала Канстанцінаўна КАЛЕСНІК — выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы»,
Ірына Міхайлаўна ЛАПАТА — настаўнік пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»,
Ірына Іванаўна ЧЫЧКАН — выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Яслі-сад г.п. Мір»,
Іна Віктараўна ЦАБА — настаўнік біялогіі ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад— сярэдняя школа».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ
Відэа Наталлі САКАЛЯНСКАЙ